Рэцэпты ад самотнасці дыктатараў

Кажуць, што генералы заўсёды рыхтуюцца да мінулых войнаў, таму вайна заўсёды ідзе не па плане. Падаецца, расійскія генералы рыхтуюцца нават не да мінулай вайны, а да вайны недзе эпохі Івана Жахлівага. І расійская мабілізацыя, якая стала галоўнай тэмай тыдня, не выклікае ў мяне нічога, апроч жалю і шкадавання.

«Частковая мабілізацыя» ў Расіі

«Частковая мабілізацыя» ў Расіі

Памятаеце, як у фільме «Іван Васільевіч змяняе прафесію» стральцы з бердышамі на плячах высоўваліся выбіваць Крымскага хана з Ізюмскага тракту? Прыкладна так пойдуць ваяваць ва Украіну тыя 300 тысяч мабілізаваных, пра якіх сказаў расійскі міністр абароны Шайгу. Калі, канешне, сапраўды пойдуць. Бо сучасная вайна — гэта не толькі «чалавечы рэсурс». Гэта тэхніка плюс лагістыка.

Дый так яно было не толькі цяпер, але і ўсё апошняе стагоддзе. Цяпер мала набраць жаўнераў. Іх яшчэ трэба навучыць, падрыхтаваць, апрануць, даставіць на лінію сутыкнення, даць ім зброю і чым з яе страляць — боепрыпасы для гэтай зброі. А потым ужо ставіць «баявую задачу». І калі з першымі трыма пунктамі — набраць, навучыць, падрыхтаваць — праблем не прадбачыцца, то з апошнімі чатырма ў Расіі кепска.

Расійскі фронт ва Украіне пасыпаўся не тады, калі УСУ абвясціла пра контрнаступ. Фронт пачаў сыпацца значна раней, калі тыя ж УСУ абралі сваімі мэтамі не войскі «на перадавой», не «жывую сілу праціўніка», а склады боепрыпасаў і транспартныя калідоры расійскай арміі. Расійцы пачалі пакрысе адыходзіць, як толькі кропкавымі ўдарамі былі «накрыты» буйныя запасы зброі ўнутры пазіцый «оркаў» і прыведзены ў непрыдатны стан масты, па якіх Расія перакідвала тыя ж падмацаванні ды боепрыпасы.

А калі няма чым страляць — не моцна і паваюеш. Колькі б ні было ў цябе жаўнераў — гэта няважна, калі ў гэтых жаўнераў няма патронаў. Мажліва, я адкрыю расійскім стратэгам вялікую таямніцу, але штыкавыя атакі амаль сышлі ў нябыт са з’яўленнем кулямётаў.

Сучасная вайна — гэта, акрамя ўсяго, і вайна тэхнікі. А расійскія танкавыя заводы з-за недахопу імпартных (!) камплектуючых «сталі» ў першыя ж месяцы нападу на Украіну. Пакуль расійская армія пабіраецца па беларускіх паграбах, але ці надоўга хопіць запасаў у самой Беларусі? А вытворчасць тых жа БТРаў — справа не аднаго дня.

І ладна, калі Расія закупляе нешта высокатэхналагічнае, скажам, дроны-камікадзэ ў Іране. Але ЗША прылюдна агучылі звесткі, што пайшлі ўжо закупкі снарадаў у Паўночнай Карэі. Паўночная Карэя адмыслова абвергла гэту інфармацыю, але… Калі нават снарадаў ужо няма — гэта паказчык.

Асобныя краіны Еўропы, неахвотна даючы зброю Украіне, аргументавалі сквапнасць тым, што свае арсеналы застануцца пустымі. Як высветлілася, тое працуе ў абодва бакі.

Карацей, сэнсу ад «частковай мабілізацыі» ў ваенным плане шмат не будзе, бо, паўтаруся, трэба не толькі кім ваяваць, але і чым ваяваць. І вось з гэтым «чым» у Расіі ўзнікаюць праблемы.

Дый з «кім», па шчырасці, таксама. З 1 красавіка па 15 ліпеня 2022 года ў Расіі праходзіў чарговы вясновы прызыў, які павінен быў скончыцца адпраўкай на ваенную службу 134,5 тысяч навабранцаў. 11 ліпеня на селектарнай нарадзе Шайгу агучыў лічбу: літаральна за тры дні да канца прызыву ў войскі было адпраўлена толькі 89 тысяч прызыўнікоў. То-бок план на звычайны вясновы прызыў (!) выкананы не быў, і расійская армія недалічылася прыкладна траціны навабранцаў.

Улічваючы гэта, думаю, з якога перапуду сапраўды будуць мабілізаваныя 300 тысяч? Напэўна, добра (насамрэч, дрэнна, але такі ўжо ўстойлівы выраз), калі набяруць хаця б палову… З яе, зноў паўтаруся, да фронту даедуць не ўсе — праз лагістыку і праблемы з забеспячэннем.


Так што наўрад ці Пуцін, абвяшчаючы «частковую мабілізацыю», разлічваў на ваенны эфект. Хутчэй за ўсё, гэта своеасаблівая «інфармацыйная спецаперацыя», якая павінна сцішыць крытыку ў яго бок з-за правалаў на ўкраінскіх франтах. З-за гэтых правалаў аўтарытэт Пуціна пахіснуўся нават у асяроддзі «z-патрыётаў». А цяпер «зэданутыя» могуць зноў казаць пра «другую армію свету», «магутны патэнцыял», «веліч Расіі» і «захопім Кіеў за тры дні». Балазе яны не задаюцца пытаннем, навошта пры афіцыйных стратах Расіі ў 6 тысяч чалавек заклікаць на вайсковую службу 300 тысяч.

І, канешне, чарговыя размовы Пуціна пра ядзерную зброю і «ружу вятроў» — з той жа серыі. Наўрад ці ён сур’ёзна збіраецца яе прымяняць, але паказаць «z-патрыётам» рашучасць і непахіснасць (Лукашэнка сказаў бы ў такім выпадку — «ненахіляемасць») ён павінен быў.

Прынамсі, цяпер расійскае грамадства занята не абмеркаваннямі поспехаў УСУ на фронце, а ўцёкамі ад павестак ды мабілізацыі. І яшчэ: самы час цяпер правесці яшчэ якую-небудзь «перагрупоўку» або здзейсніць чарговы «крок добрай волі». Сёння-заўтра гэтага ніхто ўнутры Расіі не заўважыць.

Дарэчы, пра Лукашэнку. За расійскай мабілізацыяй мы неяк упусцілі існаванне гэтага персанажа. Праўда, без асаблівай шкоды, бо яму пахваліцца няма чым. Саміт Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, на які ён скатаўся, не даў бачных вынікаў. Канешне, ШАС «распачала працэдуру» далучэння да яе Беларусі. Але гэтая працэдура — не хуткая. Скажам, Індыя і Пакістан уваходзілі ў ШАС два гады, а Іран — год. Як будзе з Беларуссю — паглядзім.

Але назіральнікі адзначылі «дзіўнаватыя» паводзіны Лукашэнкі, які прапаноўваў свае «руку і сэрца» ці не кожнаму з лідараў краін ШАС, не зважаючы на Пуціна. Нават пра кароткую сустрэчу Лукашэнкі і Пуціна не было звестак. Некаторыя вырашылі, што беларускі кіраўнік вядзе сябе, як «утрыманка», што шукае больш багатага «папіка», а некаторыя — што ён нават ужо знайшоў новага «старэйшага брата». Але ў любым выпадку ніякіх асаблівых прарываў на саміце ШАС не адбылося.

Расцягнутай на цытаты магла б стаць сустрэча Лукашэнкі з Вальфовічам, сакратаром Саўбеза Беларусі. Там беларускі пакуль што кіраўнік сапраўды «адарваўся», расказаўшы пра ліцэнзаванне і «зачыстку да немагчымасці» ў сферы адукацыі, «свядомых», якія «ворагі» (заўважце, ворагі ўжо не «змагары», а проста «свядомыя»), пра «збеглых», якія «разварочваюць бізнесы», і пра недахоп дысцыпліны і недапрацоўкі Адміністрацыі прэзідэнта ў інфармацыйнай вайне…

Але на цытаты гэта не расцягнулі. Таму што сам па сабе Вальфовіч, які канспектаваў прамову Лукашэнкі ў рэжыме сустрэчы «сам-насам», выглядаў камічна. Гледзячы на размову, я згадваў анекдот пра прапаршчыка: «Хто настолькі тупы, што не можа запомніць, запісвайце, як гэта раблю я».

Ну і, канешне, у «зачыстках», «дысцыпліне» ды «ворагах» — нічога асабліва новага. Выглядала ўсё так, нібыта Лукашэнку проста няма было з кім пагаварыць, а ў Вальфовіча знайшліся «свабодныя вушы». І таму сакратар Саўбеза павінен быў паслухаць пра адукацыю, сродкі масавай інфармацыі ды эканамічны росквіт беларусаў за мяжой, што, канешне, слаба ўваходзіць у кампетэнцыю такой грознай структуры, як Саўбез.

Так што гэты тыдзень цалкам можна назваць «тыднем самотнасці дыктатараў». Што Лукашэнка, што Пуцін вымушаныя былі са скуры лезці — абы іх нехта проста паслухаў ды заўважыў. У Пуціна гэта ўдалося напоўніцу. У Лукашэнкі — не вельмі.