У Маскве затрыманым на акцыях супраць мабілізацыі ўручылі позвы ў ваенкаматы
У Маскве ў некалькіх аддзелах паліцыі затрыманым на акцыях супраць мабілізацыі, што адбыліся 21 верасня, уручылі позвы ў ваенкаматы.

Позвы ўручылі затрыманым у аддзелах паліцыі па раёнах Сакаліная Гара, Любліно, Ізмайлава, Паўднёвае Тушына, Гагарынскае, праспект Вярнадскага ды іншых. Пра гэта затрыманыя распавялі праваабарончаму праекту «ОВД-Инфо».
Сябра партыі «Яблоко» Кірыл Ганчароў апублікаваў позву, якую ўручылі аднаму з пратэстоўцаў у Мажайскім раёне.

Жонка аднаго з затрыманых, якога завезлі ў паліцэйскі пастарунак у раёне Сакаліная Гара, распавяла «М*диазоне», што яе мужу позву ўручаў асабіста ваенны камісар.
«На відэа яны здымалі, як яны ўручаюць яму позву, і казалі, што ён не можа не прыняць яе, таму што ён грамадзянін Расійскай Федэрацыі і абавязаны з'явіцца заўтра ў камісарыят», — паведаміла яна.
Як мінімум аднаму з затрыманых, паведамляюць расійскія праваабаронцы, пагражалі крымінальнай справай праз адмову падпісаць позву.

Наогул жа, як паведамляюць праваабаронцы, паводле папярэдніх вынікаў абвяшчэння мабілізацыі, на акцыях пратэсту ў Расіі былі затрыманы 1386 чалавек у 38 гарадах. Больш за палову затрыманых — жанчыны. Вядома пра як мінімум адну крымінальную справу ў Екацярынбургу. Супраць мірных пратэстоўцаў ужывалі гвалт, а ў Пецярбургу сілавікі збівалі людзей дручкамі.
Паводле «Медузы», «ОВД-Инфо»