Віталь Цыганкоў: Лукашэнка спрабуе памяняць «старэйшага брата»

Ва ўзбекскім Самаркандзе адбыўся саміт Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС). «Мы прымаем рашэнне аб пачатку працэдуры надання Рэспубліцы Беларусь статусу паўнапраўнага чальца ШАС», — заявіў 16 верасня на саміце прэзідэнт Узбекістана Шаўкат Мірзіёеў, які старшынюе ў арганізацыі.

09870000_0aff_0242_595d_08da97cf9e93_w1597_n_st.webp


Відавочна, дзяржаўная прапаганда будзе апісваць гэтае чаканае бюракратычнае рашэнне як вялікі поспех беларускай замежнай палітыкі. Дарэчы, у пэўным сэнсе сапраўды можна канстатаваць, што далучэнне да ШАС Беларусі — рэч унікальная і беспрэцэдэнтная. Бо ніводнай іншай еўрапейскай краіны ў гэтай арганізацыі няма. Беларусь па прыхамаці цяперашняга кіраўніцтва рашуча адмаўляецца ад сваёй геаграфічнай прыналежнасці, уступаючы толькі ў тыя структуры і саюзы, якія знаходзяцца на ўсход ад беларускай мяжы, піша ў сваім блогу на «Радыё Св*бода»Віталь Цыганкоў.

Галоўным палітычным вынікам саміту можна лічыць пашырэнне зоны інтарэсаў Кітая на фоне геапалітычнага аслаблення Расіі. Калі ў першыя гады існавання ШАС задумвалася як арганізацыя двух лідараў — Кітая і Расіі, то цяпер усё больш відавочным становіцца, што Пекін выкарыстоўвае ШАС для пашырэння свайго ўплыву, уключэння ўсё новых дзяржаў у сваю геапалітычную арбіту. Як лічаць эксперты, Узбекістан літаральна за апошнія гадоў дзесяць фактычна цалкам перайшоў з зоны расійскага ўплыву ў зону кітайскага.

Пры гэтым, аднак, нельга меркаваць, што ШАС можа стаць цалкам пракітайскай структурай, улічваючы, што ў яе ўваходзіць геапалітычны супернік Кітая ў рэгіёне — Індыя.

Афіцыйны Мінск даўно робіць стаўку на Кітай і, каб «прагнуцца» перад Пекінам, нават ахвяруе ўласнымі эканамічнымі інтарэсамі. Таваразварот у беларуска-кітайскім гандлі расце выключна за кошт павелічэння кітайскага імпарту ў Беларусь. Адмоўнае сальда экспарту-імпарту склала ў 2021 годзе 3 мільярды 232 мільёны долараў. Зусім не тыя арыенціры, якія ставяць мінскія ўлады перад вонкавым гандлем.


Кітайскія звязаныя інвестыцыі (гэта калі на свае грошы кітайцы закупляюць свае ж тэхніку і тэхналогіі, а часам завозяць і ўласных адмыслоўцаў, якім і плацяць з гэтых грошай) сталі падставай для некалькіх гучных скандалаў. Самы вядомы адбыўся з кітайскай фірмай, якая будавала Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат (ЦКК), і ў жніўні 2019-га гэта нават абмяркоўвалася на нарадзе ў Лукашэнкі. Нагадаем, што пасля доўгіх адтэрміновак завод запусцілі, але потым Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя вымушана было прыпыніць яго працу. Вясной 2019 года ў адным з цэхаў камбіната абваліўся дах, работнікі атрымалі траўмы.

У цэлым можна канстатаваць, што ў адносінах з Кітаем Лукашэнку не ўдалося паўтарыць беларуска-расійскую мадэль, якая доўгі час працавала даволі спраўна — «грошы ў абмен на пацалункі». У адрозненне ад Масквы Кітай за прыгожыя вочкі і казкі грошай не дае. Кітай праводзіў у дачыненні да Беларусі прыблізна тую ж палітыку эканамічнага падпарадкавання, якую праводзіць у Афрыцы. Дайшло да таго, што беларускія ўлады ў 2019 годзе абвясцілі, што новыя дзяржаўныя гарантыі пад выдачу кітайскіх крэдытаў на рэалізацыю камерцыйных праектаў больш не даюцца — ні ад урада, ні ад мясцовых органаў улады.

Тым не менш Лукашэнка, які звычайна востра адчувае палітычную кан’юнктуру, магчыма, вырашыў для сябе, што цяпер, на  фоне паражэнняў Расіі ва Украіне, настаў час нарэшце канчаткова памяняць «старэйшага брата».

Антыкавідная маска з кітайскім сцягам, якую 15 верасня ўбачылі на твары мінскага кіраўніка (раней такія маскі Лукашэнка здзекліва называў «наморднікамі») — своеасаблівы сімвал: ніхто не прымусіў, а кітайцы — прымусілі.

Толькі ў адрозненне ад першага «старэйшага брата» — Расіі — Кітай мае тут выключна прагматычныя і рацыянальныя матывы. На братэрскую рыторыку ён рэагаваць не схільны, бо ўспрымае Беларусь выключна як пешку ў сваіх геапалітычных разліках.