«Будзем хадзіць п’яныя і дурныя»
Памятаеце? Менавіта так казаў калісьці Лукашэнка: «Згубім настаўніка — будзем хадзіць п’яныя і дурныя». Але, падаецца, не толькі ў настаўніках тут справа.
Нашыя чытачы даслалі нам фота: звычайныя сшыткі, якія раней каштавалі 59 капеек, цяпер прадаюцца за 1 рубель 19 капеек. У сеціве можна знайсці шмат мемаў пра тое, што звычайная офісная папера ўзрасла ў кошце ў чатыры разы — з 12 рублёў да 50-ці. І цяпер багацце фірмы вымяраецца не ў грошах, а ў колькасці паперы, якая ёсць на офісе.
Сітуацыя, насамрэч, не новая. Я памятаю, як у 1992/1993 навучальным годзе таксама быў дэфіцыт школьных сшыткаў — і іх прадавалі не больш за 10 «у адны рукі». Але і за гэтым дзясяткам варта было паганяцца па горадзе.
Можна з вялікай доляй верагоднасці сцвярджаць, што тое ж самае адбудзецца ў 2022/2023 навучальным годзе. Цяперашнія два месяцы да летніх канікул вучні яшчэ пражывуць на «старых запасах». А вось потым сабраць дзіця ў школу будзе вялікай праблемай. І, напэўна ж, нашая дзяржава пойдзе па звыклым шляху — недзе ў ліпені-жніўні дзеля «сацыяльнай справядлівасці» варта чакаць абмежавання цэнаў на вучнёўскія сшыткі, а Лукашэнка ў чарговы раз заявіць, што «неабходна даць магчымасці падрыхтавацца да школы, і дзеці, — гэта святое».
А за абмежаваннямі цэнаў на сшыткі непазбежна ўзнікне іх дэфіцыт. Адна Добрушская фабрыка не здолее забяспечыць усю краіну.
Тыя, хто цікавіўся, памятаюць гісторыю Светлагорскага цэлюлозна-кардоннага камбіната. Спачатку яго будавалі кітайскія інвестары, а ў горадзе стаяў непрыемны пах. Потым высветлілася, што кітайцы парушылі не толькі экалагічныя, але і вытворчыя нормы — ад іх «партнёрства» адмовіліся, і пачалі шукаць іншых партнёраў. Было вырашана, што працы давядзе да канца фінская кампанія Andritz Oy — даччыная структура аўстрыйскага канцэрна Andritz. Планавалася вывесці Светлагорскі ЦКК на праектную магутнасць у 2019 годзе, але… Потым «дэдлайн» змяняўся на 2020, 2022, цяпер — на 2023… Карацей, вытворчасць беленай цэлюлозы ў нас пад пытаннем.
Пры гэтым, што не менш важна, Светлагорскі ЦКК ці не цалкам адбудаваны замежнымі кампаніямі. А гэта азначае, што ва ўмовах санкцый ЕС ці не любы «крах сістэмы», — ад простай паломкі станкоў да збою праграмнага забеспячэння — можа прывесці да спынення прадпрыемства. Бо запчасткі з замежжа нам наўрад ці паставяць, і тое ж тычыцца абслугоўвання таго самага праграмнага забеспячэння.
Такім чынам, папера будзе даражэць, нягледзячы на тое, што ў нас багата свайго лесу, з якога яна вырабляецца.
А папера — гэта не толькі сшыткі. Услед за падаражэннем сшыткаў падаражэлі і кнігі. На некаторыя, як пішуць нам тыя ж чытачы, кошт узняўся больш за 10 рублёў.
І найперш — у разрэзе школы, — нас цікавіць не мастацкая літаратура, а школьныя падручнікі. Зразумела, яны самі будуць даражэць. Адпаведна, варта чакаць росту аплаты «за карыстанне падручнікамі» ў школах. І не толькі гэтая аплата ўзрасце.
Контурныя карты. Разнастайныя «воркбукі», якія бацькі школьнікаў набываюць, у асноўным, за свае грошы. «Дадатковая літаратура». Шматлікія раздрукоўкі для школьных конкурсаў, — не забывайцеся, офісная папера даражэе. Альбомы для малявання, блокі для чарчэння, каляровая папера. І не будзем казаць пра розныя асадкі, алоўкі і фламастары, якія ў нас збольшага імпартныя — хай сабе і кітайскія.
Такім чынам, бацькам варта ўжо цяпер задумацца пра тое, каб назапашваць грошы на збор дзіцяці ў школу.
Адно радуе: магчыма, першакласнікам перастануць выдаваць «ідэалагічна вывераныя» кніжкі «Беларусь — наша радзіма» як «падарунак ад прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі». Бо кошт гэтай кнігі сам па сабе будзе завоблачны.