Арменія незадаволеная АДКБ
Старшыня армянскага парламента Ален Сіманян заявіў, што чаканні Арменіі не апраўдаліся.

Спікер парламента Арменіі Ален Сіманян у сваім выступленні на армянскім тэлебачанні пракаментаваў бяздзейнасць АДКБ у адказ на просьбу Арменіі ў дапамозе.
«Нашы чаканні не апраўдваюцца. Мы не зможам доўгі час тлумачыць нашаму народу, чаму АДКБ не робіць тое, для чаго прызначана. Мы ўжо зрабілі свае высновы з гэтага», — заявіў ён.

Таксама Сіманян адзначыў, што зараз не час «рабіць рэзкія рухі» і што Арменія па-ранейшаму чакае дапамогі ад Расіі. Адначасова ён звярнуў увагу на прапагандысцкую рыторыку расійскіх СМІ, у якой армянскія ўлады каментуюцца не лепшым чынам:
«У нас ёсць дамова аб узаемадапамозе і з Расіяй, і мы таксама чакаем ад нашых расійскіх партнёраў нашмат больш адчувальных крокаў, а не рэакцыі на ўзроўні заяў або паўслоў. Але я здзіўлены і выказваю сваю нязгоду з тым, што іх грамадскае тэлебачанне паказвае рэпартажы, у якіх на адрас кіраўніцтва Арменіі гучаць правакацыйныя заявы... Мы шчыра не разумеем сэнсу гэтай рыторыкі і такой тактыкі».
Нагадаем, 13 верасня Азербайджан нанёс удары па армянскіх пазіцыях паблізу Нагорнага Карабаха. Увечары таго ж дня быў скліканы Савет АДКБ, дзе сёння страшынствуе прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян. Было вырашана накіраваць у Арменію групу для «ўрэгулявання канфлікту» на чале з сакратаром АДКБ Станіславам Засем. 15 верасня Арменія і Азербайджан дамовіліся аб перамір'і. На той момант у баях у Нагорным Карабаху загінулі каля 150 чалавек.

Арменія запытала дапамогі ў АДКБ, чальцом якой з'яўляецца, але пра дапамогу з боку арганізацыі пакуль гаворкі не ідзе.
Затое кіраўнікі краін — чальцоў АДКБ фатаграфуюцца з прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым на саміце ШАС.