Прафсаюз дыктатараў. Чаму АДКБ «кінула» Арменію

Ёсць прынамсі тры прычыны, чаму АДКБ бяздзейнічае ў той час, калі Азербайджан атакуе Арменію. Чаму не адпраўляе войскі, каб захаваць тэрытарыяльную цэласнасць чальца арганізацыі. Чаму парушае галоўны пункт калектыўнай дамовы аб бяспецы і тым самым фактычна абнуляе самы сэнс гэтай міждзяржаўнай структуры.

original_1uf1.jpg


Па-першае. Відавочна, што Расіі — а менавіта яна ўладарыць у вайсковым хаўрусе — зараз зусім не да Арменіі і яе надзённых праблем. Крэмль цалкам засяроджаны на сваёй вайне — супраць выдуманага «ўкраінскага нацызму». Справы там дрэнь, і не проста так Азербайджан пайшоў у атаку менавіта тады, калі УСУ распачалі свой чароўны контрнаступ.
Адкрыць цяпер яшчэ адзін фронт будзе суіцыдальнай ідэяй, таму АДКБ, уласна, і абмежавалася па факце «глыбокай заклапочанасцю».


Па-другое. АДКБ — гэта не толькі Расія і Арменія, але і Беларусь, Казахстан, Таджыкістан і Кыргызстан. Здавалася б, яны б маглі гуртам выканаць свае абавязкі і агульнымі высілкамі дапамагчы Ерэвану. Чаму не робяць гэтага? Прычына не толькі ў тым, што Азербайджан не чужы для ўсіх без выключэнняў «адэкабэшнікаў». Усе яны таксама ведаюць, што яго шчырым саюзнікам з’яўляецца Турцыя. Якая, у выпадку чаго, у баку ад Баку не застанецца.
Нездарма ў высокіх палітычных колах існуе меркаванне, што Пуцін пабойваецца Эрдагана. Бо той не на Захадзе жыве, дзе звыкла вырашаюць пытанні дыпламатычнымі шляхамі. Той спакойна падтрымлівае Кіеў і абвяшчае Крым украінскім — і ані слова ў свой адрас ад Масквы не чуе. Нават эпічны Мядзведзеў, які сыпле абразамі на адрас ЕС і США, аднос Турцыі маўчыць і адразу цверазее.
Па-трэцяе. Арменія ўсё ж дэмакратычная краіна. Яе прэм’ер Нікол Пашынян — легітымны кіраўнік, абраны народам праз сваіх прадстаўнікоў у парламенце. Для дзяржаў — сябраў АДКБ свабодныя выбары з’яўляюцца палітычным нонсэнсам. Навошта яны патрэбныя, калі можна паўсюль паставіць сваіх людзей, якія будуць стабільна маляваць 80-90 працэнтаў на тваю карысць?
Акрамя Арменіі, у Дамове аб калектыўнай бяспецы яшчэ хіба ў Кыргызстане з воляй людзей неяк лічыцца. Усё, што далей, ёсць суцэльна парад дыктатур. Лукашэнка ссінелымі пальцамі трымаецца за ўладу ўжо 28 гадоў, таджык Рахмон — 30, расіец Пуцін — 23… З казахам Такаевым крыху складаней, і ніжэй пра гэта будзе, але ж да яго ў вялікай краіне аднаасобна і амаль 30 галоў кіраваў вялікі елбасы Назарбаеў.
Да таго ж, гэты квартэт складаюць, мякка кажучы, немаладыя людзі старой савецкай закваскі, то, відавочна, што 47-гадовы Пашынян для іх ментальна чужы палітык. То ў выпадку чаго абараняць гэтага армянскага дзядзьку неабавязкова. Тым больш, што яго апанент — як раз класава блізкі азербайджанец Аліеў, які атрымаў неабмежаваную ўладу фактычна ў спадчыну.
А як той Пашынян у выніку бягучых падзей вакол Нагорнага Карабаху сыдзе ў адстаўку пад ціскам пратэстоўцаў, то туды яму і дарога. А мы — дакладней Крэмль — пасадзім там сваю марыянетку, якая будзе паслухмянай, то наступным разам яе і абаронім.


Сёлетнія падзеі вельмі яскрава дэманструюць сапраўдную сутнасць АДКБ. Анікая гэта не дамова аб калектыўнай бяспецы краін і народаў. Гэта дамова аб бяспецы дыктатараў. Прафсаюз абсалютыстаў, і не больш за тое. А калі на паперы такое не напісана, то мяркуйце па справах.
Калі ў студзені ў Казахстане распачаліся пратэсты, АДКБ спатрэбілася менш за суткі, каб па запыту Нур-Султана адправіць туды вайсковы кантынгент. Дзеля праформы, канешне, вынайшлі «знешнюю пагрозу», але і сляпы бачыў: адны постсавецкія дыктатары ратуюць адну з постсавецкіх дыктатур. Нельга было дапусціць, каб казахі ўладу зрынулі — і здзейснілі чарговы майдан на прасторы былога СССР.
Калі ў верасні ад дапамозе залямантавала Арменія, то ніхто і брывом асабліва не паварушыў. Па прычынах, якія згадваюцца вышэй. Бо не могуць дыктатары гуртавацца вакол высокіх мэтаў і дапамагаць бліжэйшаму. Галоўная мэта ў іх аднолькавая і ў той жа час у кожнага свая — захаваць уласную ўладу. Аніяк сюды не ўпісваецца страляніна ў раёне Армянскага нагор’я.
Калі памятаеце, падчас казахстанскіх пратэстаў асабліва завіхаўся Лукашэнка. Ірваў сарочку на грудзях і заклікаў партнёраў па АДКБ неадкладна ўвесці войскі ў краіну. Казаў, што пратэсты спланавала тая самая сусветная закуліса, якая ў 2020-м хацела па адмысловых метадычках звергнуць яго самога. Што пратэстуюць у Алматы, канешне ж, выключна «ўркі і прочые».
Потым, калі сваю кароткую місію кантынгент у Казахстане выканаў, Лукашэнка яшчэ колькі дзён хадзіў з пераможным выглядам і свяціўся як Напалеон пасля Аўстэрліца. Казаў яшчэ з гонарам, што ўсю аперацыю АДКБ распрацаваў разам з Пуціным цягам адной гадзіны.
Цяпер, калі паратунку просіць Ерэван, наш герой не кажа нічога. Толькі коле дровы з прыдворным бізнесоўцам Цяцерыным да нешта вярзе пра «замярзаючую Еўропу». Не бачна болей той адвагі, бо, вядома ж, няма ў Арменіі «ўркаў і прочых», якія хочуць расхістаць сітуацыю ў рэгіёне.
На фоне таго, што адбываецца, эксперты прагназуюць хуткую дэвальвацыю АДКБ. І маюць рацыю, бо калі не выконваюцца ключавыя пункты дамовы, то на якую халеру яна патрэбна? Будзе існаваць толькі на паперы. Але калі ў аднаго з дыктатараў узнікнуць пратэсты пасля чарговых скрадзеных выбараў, то астатнія, канешне, тую паперу з кішэні дастануць і паспяшаюцца на дапамогу. Дый тое не факт.