Усаў: АДКБ абсалютна нічога вырашыць не можа
Палітолаг Павел Усаў у эфіры «Еўрарадыё» растлумачыў, чаму чальцы АДКБ не спяшаюцца адпраўляць свае войскі на дапамогу Арменіі, піша «Салідарнасць».
У выніку новага абвастрэння паміж Азербайджанам і Арменіяй генсек АДКБ Станіслаў Засьедзе ў Ерэван «ацэньваць сітуацыю». Павел Усаў тлумачыць, у чым адрозненні паміж рэакцыяй краін-чальцоў АДКБ на пратэсты ў Казахстане і абвастрэнне сітуацыі ў Нагорным Карабаху.
На думку палітолага, розніца ў тым, што ўводзіць войскі ў Казахстан было жаданнем Расіі, якая зараз, праз развязаную вайну ва Украіне, не мае дастатковых рэсурсаў, каб нешта вырашаць у канфлікце Арменіі і Азербайджана. У Баку скарысталіся сітуацыяй, лічыць Усаў, каб адваяваць Нагорны Карабах.
Пры гэтым, на думку палітолага, ні АДКБ, ні сама Расія не з'яўляюцца пагрозай для Баку:
«Гэта сведчыць, што АДКБ абсалютна нічога вырашыць не зможа. Яны ніколі нічога не вырашалі, гэта быў толькі палітычны інструмент у руках Расіі дзеля таго, каб узалежніць ад сябе постсавецкія краіны. Але зараз бачна, што Расія перастала існаваць як супердзяржава, якую ўсе баяліся».
Як недзеяздольнасць АДКБ можа адбіцца на Беларусі?
Рэжым Лукашэнкі абапіраецца выключна на Расію, і гэта не пакідае яму прасторы для манеўраў і дыялогу з Захадам. Пройгрыш Расіі, лічыць Усаў, азначае, што яна не зможа выбудаваць тую сістэму адносін на постсавецкай прасторы, якую хацела.
Варта ўлічваць фактар Украіны як палітычнага суб'екта, кажа палітолаг: калі ва УСУ атрымаецца выціснуць расійцаў са сваёй тэрыторыі, трэба будзе думаць пра абарону і ўмацаванне ўкраінскай мяжы — у тым ліку і з Беларуссю. І, на думку Усава, у такім выпадку рэжым Лукашэнкі зможа пратрымацца, толькі калі будзе выконваць умовы Украіны.