Карабах. Гарачая кропка Каўказа

На памежных тэрыторыях паміж Арменіяй і Азербайджанам 12 верасня 2022 года пачуліся стрэлы. Падобна на тое, што на паўднёвым Каўказе хутка можа выбухнуць новая сапраўдная вайна. Армяна-азербайджанскі канфлікт мае даўнія карані. Прычынай яго з'яўляецца непрызнаная сусветнай супольнасцю Нагорна-Карабахская рэспубліка.

Карта Нагорнага Карабаху. Крыніца: wikipedia.org

Карта Нагорнага Карабаху. Крыніца: wikipedia.org


Перадумовы канфлікту

На працягу стагоддзяў азербайджанцы і армяне, кожны з якіх лічыць тэрыторыю, што цяпер вядомая як Нагорны Карабах, сваёй, спрачаліся, каму яна сапраўды павінна належаць. Калі Расійская імперыя распалася ў 1917 годзе, напружанасць паміж нядаўна атрымаўшымі незалежнасць Арменіяй і Азербайджанам моцна абвастрылася. Гэта прывяло да пачатку армяна-азербайджанскай вайны 1918 — 1920 гадоў, першаму ўзброенаму канфлікту паміж гэтымі двума народамі. Увесь час, пакуль ішла гэта вайна, статус Карабаха заставаўся да канца не вырашаным, ён пастаянна пераходзіў з адных рук у іншыя. Але існаваць у такім стане яму заставалася нядоўга. Усяго праз пару гадоў кантраляваная бальшавікамі Савецкая Расія нацэлілася на незалежныя тады яшчэ дзяржавы Каўказскага рэгіёну і паступова пачала ўключаць іх у тое, што пасля стане Саюзам Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік.

Вайскоўцы Азербайджанскай дэмакратычнай рэспублікі. Крыніца: wikipedia.org

Вайскоўцы Азербайджанскай дэмакратычнай рэспублікі. Крыніца: wikipedia.org


Карабах у складзе СССР

Спачатку было вырашана, што Карабах увойдзе ў склад новаўтворанай Армянскай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Але савецкі наркам па справах нацыянальнасцяў Іосіф Сталін адмяніў гэтае рашэнне. 5 ліпеня 1921 года Карабах быў перададзены Азербайджану, хаця ў той час амаль 94% яго насельніцтва складалі этнічныя армяне. У 1923 годзе на тэрыторыі Нагорнага Карабаху была ўтворана аўтаномная адміністрацыйная вобласць Азербайджанскай ССР. Гэтыя недальнабачныя дзеянні бальшавіцкага ўраду заклалі бомбу запаволенага дзеяння, якая так страшэнна выбухне праз 70 гадоў.

У канцы 1980-х на фоне абвешчанай у Савецкім Саюзе палітыкі перабудовы і галоснасці ў саюзных рэспубліках пачаліся працэсы нацыянальнага адраджэння. Армяне Нагорнага Карабаху марылі далучыцца да Арменіі, сваёй гістарычнай радзімы. 13 лютага 1988 года ў Сцепанакерце, цэнтры НКАВ, прайшоў першы армянскі мітынг, дзе адкрыта прагучалі падобныя патрабаванні. З 16 лютага па 2 сакавіка ў рэспубліцы былі арганізавана некалькі падобных мітынгаў. 20 лютага дэпутаты Савета народных дэпутатаў Нагорнага Карабаха армянскага паходжання прагаласавалі за прапанову аб далучэнні вобласці да Армянскай ССР (дэпутаты-азербайджанцы і прадстаўнікі іншых нацыянальнасцей на пасяджэнні не прысутнічалі). Незадаволеныя сваім статусам армяне Нагорнага Карабаха падалі прашэнне аб далучэнні да АрмССР. Імі быў складзены афіцыйны ліст на імя кіраўніка Савецкага Саюза Міхаіла Гарбачова з патрабаваннем перадаць Нагорны Карабах з падпарадкавання Баку ў падпарадкаванне Ерэвана. 1 снежня 1989 года Вярхоўны Савет Армянскай ССР, «грунтуючыся на агульначалавечых прынцыпах самавызначэння нацый і адклікаючыся на законнае імкненне да ўз'яднання дзвюх гвалтоўна падзеленых частак армянскага народа» прыняў рашэнне «аб аб'яднанні Армянскай ССР і Нагорнага Карабаха». У студзені 1990 года ён нават уключыў план сацыяльна-эканамічнага развіцця НКАВ у план сацыяльна-эканамічнага развіцця Армянскай ССР на 1990 год.

Межы НКАВ у 1988 годзе. Крыніца: wikipedia.org

Межы НКАВ у 1988 годзе. Крыніца: wikipedia.org


Два суседнія народы вельмі моцна адрозніваліся ў сваім стаўленні да Савецкага Саюзу. Калі ў Арменіі ў канцы 80-х гадоў квітнела нацыянальнае адраджэнне, то азербайджанцы ў асноўным заставаліся вернымі СССР. Але ўсё змянілася ў тым жа студзені 1990 года. Пасля крывавых армянскіх пагромаў у Баку, 20 студзеня ў сталіцу Азербайджана былі ўведзены падраздзяленні Савецкай арміі. У выніку тэрору, распачатага савецкімі вайскоўцамі, загінула больш за сотню мірных жыхароў, у асноўным азербайджанцаў. Трагедыя 20 студзеня адыграла важную ролю ў кардынальнай змене стаўлення азербайджанскага народа да СССР і папулярызацыі сярод азербайджанцаў ідэй нацыянальнай незалежнасці.

Працэсы ж у Нагорным Карабаху ў гэты час толькі паскорыліся. 20 траўня 1990 года адбыліся новыя выбары дэпутатаў Вярхоўнага Савета Армянскай ССР, у якім ужо ўдзельнічалі жыхары Нагорнага Карабаха. А 2 верасня 1991 года на сумеснай сесіі Нагорна-Карабахскага абласнога і Шаўмянаўскага раённага Саветаў народных дэпутатаў Азербайджанскай ССР было абвешчана аб стварэнні Нагорна-Карабахскай Рэспублікі (НКР). Увесь гэты перыяд адзначыўся шматлікімі, часта ўзброенымі, сутыкненнямі паміж армянамі і азербайджанцамі.


Пасля развалу СССР. Вайна

У 1991 годзе Азербайджан і Арменія атрымалі незалежнасць ад СССР, і сутыкненні паступова пачалі перарастаць у паўнавартасны рэгіянальны канфлікт. 10 снежня ў толькі што створанай рэспубліцы прайшоў рэферэндум аб статусе НКР, дзе больш за 90% яго ўдзельнікаў прагаласавалі за незалежнасць. 6 студзеня 1992 года рэспубліканскі парламент прыняў Дэкларацыю «Аб дзяржаўнай незалежнасці Нагорна-Карабахскай Рэспублікі», сталіцай якой стаў Сцепанакерт.

Карычневым пазначана тэрыторыя НКР на момант 1991 года. Крыніца: wikipedia.org

Карычневым пазначана тэрыторыя НКР на момант 1991 года. Крыніца: wikipedia.org


Азербайджан не стаў мірыцца з такой сітуацыяй. Яшчэ 1 студзеня, адразу пасля Новага году, азербайджанцы атакавалі армянскае сяло Храморт ва ўсходняй частцы Нагорнага Карабаху. 13 студзеня армія Азербайджану ўпершыню прымяніла артылерыю.

З мэтай супраціўленню дзеянням Азербайджанскай арміі жыццё НКР было цалкам пераведзена на ваенныя рэйкі. 14 жніўня 1992 года быў створаны Дзяржаўны камітэт абароны НКР, а разрозненыя атрады сіл самаабароны былі рэфармаваныя і арганізаваныя ў Армію абароны Нагорна-Карабахскай Рэспублікі, якую папоўнілі армянскія добраахвотнікі як з самой Арменіі, так і з дыяспары. Рэспубліка Арцах, як называлі яе армяне, была гатовая да вайны. І вайна пачалася.

Салдаты арміі абароны НКР падчас вайны, 1992 год. Крыніца: wikipedia.org

Салдаты арміі абароны НКР падчас вайны, 1992 год. Крыніца: wikipedia.org


Акрамя звычайных баявых дзеянняў, без якіх не абыходзіцца не адзін узброены канфлікт, абодва бакі актыўна ўдзельнічалі ў этнічных чыстках, — як азербайджанцы супраць армян, так і армянскія сілы супраць азербайджанцаў. Адным з найбольш крывавых эпізодаў канфлікту стала разня ў азербайджанскім горадзе Хаджалы, дзе ў ноч з 25 на 26 лютага 1992 года армянскія ўзброеныя фарміраванні забілі 485 мясцовых жыхароў і ўзялі ў палон больш за 700. У адказ азербайджанцы 10 красавіка таго ж года занялі армянскую вёску Марага, дзе былі забіты і закатаваны ад 50 да 100 мірных жыхароў.

Усе гэтыя зверствы нарэшце звярнулі на праблему Карабахскай вайны ўвагу міжнароднай супольнасці. У тым жа 1992 годзе міністры замежных спраў Нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (арганізацыі, што праз некалькі год зменіць сваю назву на АБСЕ) вырашылі тэрмінова склікаць канферэнцыю па Карабаху, якая мусіла «забяспечыць пастаянна дзеючы форум для перамоваў з мэтай мірнага ўрэгулявання крызісу». Было прынята рашэнне аб скліканні ў сталіцы Рэспублікі Беларусь — Мінску — 21 чэрвеня спецыяльнай канферэнцыі, якая павінна была паспрабаваць стаць мастком паміж ваюючымі бакамі. Была нават створана спецыяльная «мінская» група па ўрэгуляванні армяна-азербайджанскага канфлікту. Але асаблівых поспехаў яна не дасягнула.

Вайна працягвалася яшчэ два гады. Нягледзячы на жорсткія страты, мірныя перамовы паміж бакамі неаднаразова зрываліся. Пакуль, нарэшце, 5 траўня 1994 года ў сталіцы Кыргызстана Бішкеку не быў падпісаны так званы «Бішкекскі пратакол» — заява з заклікам да спынення агню. Яно адбылося 12 траўня.

Па выніках вайны Нагорна-Карабахская рэспубліка атрымала фактычную незалежнасць ад Азербайджана. Акрамя непасрэдна сваёй тэрыторыі, войскі НКР занялі прыблізна 13% тэрыторыі, што да гэтага належалі іх праціўніку, стварыўшы так званую «зону бяспекі».

kremavym_koleram_ukazana_terytoryja__faktyczna_kantraljuemaja_nahorna_karabahskaj_respublikaj_paslja_vajny_1992_1994_hh.png

Крэмавым колерам указана тэрыторыя, фактычна кантралюемая Нагорна-Карабахскай Рэспублікай пасля вайны 1992-1994 гг. Крыніца: wikipedia.org

Гэтая вайна прынесла шмат бедаў народам абодвух ваюючых краін. Па яе выніках больш за мільён чалавек сталі бежанцамі, а больш за 30 тысяч, у тым ліку мірных жыхароў, загінулі. Нянавісць паміж двума народамі, як мы бачым, і цяпер вельмі моцная. Дзеці тых, хто паміраў на палях бітваў у 90-я, зноў ірвуцца ў бой.

Ці зможа рэгіён пераадолець стогадовы канфлікт? Толькі час можа даць адказ на гэтае складанае пытанне. А пакуль што там зноў, як і 30 гадоў таму, гучаць стрэлы і чутны выбухі.

Паштовы блок Азербайджана, прысвечаны бежанцам карабахскага канфлікту. Крыніца: wikipedia.org

Паштовы блок Азербайджана, прысвечаны бежанцам карабахскага канфлікту. Крыніца: wikipedia.org