Арменія паведаміла пра гібель 49 сваіх вайскоўцаў — і папрасіла дапамогі ў Расіі. Ці атрымае?

На мяжы Арменіі з Азербайджанам зноў баі. «Азербайджан атакаваў Арменію, спрабуючы на зуб расійскі "міратворчы кантынгент"», — так пракаментаваў падзеі палітолаг Уладзімір Пастухоў.

Фота: facebook.com/ArmeniaMOD

Фота: facebook.com/ArmeniaMOD

Арменія звярнулася да Масквы, а таксама да краін-чальцоў Арганізацыі дагавора аб калектыўнай бяспецы і Савета бяспекі ААН і папрасіла дапамогі.

Нагадаем, у ноч на 13 верасня адбыліся баі на мяжы Арменіі з Азербайджанам. Міністэрства абароны Арменіі заявіла, што ў 00:05 армія Азербайджана пачала інтэнсіўны абстрэл з артылерыі, выкарыстоўваліся і буйнакаліберныя гарматы, а таксама беспілотнікі: «13 верасня ў 00:05 падраздзяленні Узброеных сіл Азербайджана пачалі страляць з артылерыі, буйнакалібернай агнястрэльнай зброі па пазіцыях Арменіі ў Горысе, Сотку і Джэрмуку. Вораг таксама выкарыстоўвае БПЛА [беспілотныя лятальныя апараты]», — заявіў прэс-сакратар армянскага абароннага ведамства Арам Тарасян.

Мінабароны Азербайджана, у сваю чаргу, сказала, што сутыкненням папярэднічала «шырокамаштабная правакацыя» з боку Арменіі: нібыта ўначы армянскія дыверсійныя групы замініравалі тэрыторыю паміж пазіцыямі азербайджанскай арміі і шляхамі забеспячэння. А іх пазіцыі падвергліся абстрэлу з рознакалібернай зброі, у тым ліку з мінамётаў. У адказ узброеныя сілы Азербайджана пачалі «падаўленне агнявых кропак праціўніка для прадухілення пашырэння маштабаў боесутыкненняў», гаворыцца ў паведамленні азербайджанскага Мінабароны.


Прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян паведаміў, што ў баях загінулі 49 армянскіх вайскоўцаў. Міністэрства аховы здароўя Арменіі таксама заявіла, што трое мірных жыхароў атрымалі раненні.

Між тым азербайджанскае інфармагенцтва «Trend» паведаміла, што страты армянскай арміі склалі ад 150 да 200 чалавек забітымі і сотні параненымі. Азербайджан прызнаў і страты са свайго боку, але не ўдакладніў, якія яны.

Арменія папрасіла Расію аб дапамозе. Яна звярнулася да Масквы, каб задзейнічаць палажэнні Дагавора аб дружбе, супрацоўніцтве і ўзаемадапамозе, а таксама да краін-чальцоў Арганізацыі дагавора аб калектыўнай бяспецы і Рады Бяспекі ААН.

Міністр абароны Арменіі Сурэн Папікян правёў тэлефонную размову з міністрам абароны Расіі Сяргеем Шайгу. Яны «дасягнулі дамоўленасці распачаць неабходныя крокі ў напрамку стабілізацыі сітуацыі», паведаміла прэс-служба Мінабароны Арменіі.

Расійскае МЗС заявіла пра сваю «крайнюю заклапочанасць у сувязі з абвастрэннем становішча» і заклікала бакі канфлікту ўстрымацца ад далейшай эскалацыі. Прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў сказаў, што ў Расіі вядзецца «інтэнсіўная работа на экспертным узроўні» па ўрэгуляванні сітуацыі на армяна-азербайджанскай мяжы.

Прэс-сакратар АДКБ Уладзімір Зайнетдзінаў заявіў, што арганізацыя лічыць непрымальным прымяненне сілы, і заклікаў да «ўрэгулявання супярэчнасцей з дапамогай палітыка-дыпламатычных метадаў».

Азербайджан з пачатку верасня амаль кожны дзень абвінавачваў Арменію ў абстрэлах. Такія паведамленні распаўсюджвала Міністэрства абароны Азербайджана. Яно сцвярджала, што ва ўсіх выпадках падраздзяленнямі азербайджанскай арміі былі прынятыя «адэкватныя меры ў адказ»: якія менавіта, не ўдакладнялася.

У сваю чаргу, Міністэрства абароны Арменіі адказвала на заявы Азербайджана, што гэта дэзынфармацыя. 13 верасня Арменія заявіла, што гэта магло быць падрыхтоўкай «інфармацыйнай глебы для ажыццяўлення правакацыі».

Увечары 13 верасня Арменія і Азербайджан зноў абвінавацілі адно аднаго ў абстрэлах. Пры гэтым Міністэрства абароны Арменіі паведаміла, што іх інтэнсіўнасць «значна аслабела». Азербайджан сцвярджае, што «Арменія інтэнсіўна парушае перамір'е ўздоўж мяжы з ужываннем артылерыі і іншага цяжкага ўзбраення».


Рускі палітолаг Уладзімір Пастухоў у сваім тэлеграм-канале так пракаментаваў падзеі на армяна-азербайджанскай мяжы:

— Пуцін апошнія тыдні выглядае «бодрячком». Але шакалаў не падманеш. Яны ведаюць, што Акела прамахнуўся, што ён скокнуў міма касы і смяротна паранены. Нахабна гледзячы прама ў вочы і пры гэтым віляючы хвастом, яны ўчапіліся ў карак старога ваўка і цішком ірвуць кавалкі поўсці. Вось і Азербайджан атакаваў Арменію, спрабуючы на зуб расійскі «міратворчы кантынгент». Левым вокам у Баку яшчэ глядзяць на Маскву, але правым ужо даўно косяць на Анкару. Падобна на тое, што Пуціну з Эрдаганам будзе пра што пагаварыць на бліжэйшай сустрэчы, акрамя міру ва Украіне. Можна толькі здагадвацца, што ў старога ваўка на душы, калі ён сёння цісне ім усім рукі. Я думаю, ён палічыў бы за лепшае сціснуць ім усім горла. Бо зубы яшчэ пакуль ёсць…


Паводле meduza.io, ВВС, korrespondent.net, @v_pastukhov/371