Азербайджан нанёс артылерыйскія ўдары па армянскіх гарадах паблізу Карабаха
Учора позна ўвечары Міністэрства абароны Арменіі паведаміла аб абстрэле сваіх тэрыторый паблізу непрызнанага Нагорнага Карабаха з боку Азербайджана. Пра
гэта ў фэйсбуку напісаў прэс-сакратар армянскага абароннага ведамства
Арам Тарасян.
«13 верасня ў 00:05 падраздзяленні Узброеных сіл Азербайджана пачалі стральбу з артылерыі, буйнакалібернай агнястрэльнай зброі па пазіцыях Арменіі ў Горысе, Сотку і Джэрмуку. Вораг таксама выкарыстоўвае БПЛА [беспілотныя лятальныя апараты]», — заявіў Тарасян.
Горыс і Джэрмук — армянскія гарады з насельніцтвам 20 тысяч і 8 тысяч чалавек адпаведна паблізу мяжы непрызнанай Нагорна-Карабахскай Рэспублікі. Сотк — невялікае прыгранічнае сяло.
Мясцовыя жыхары распавялі журналістам, што абстрэлы ідуць у
раёне Чорнага возера. Людзі таксама заўважылі ў небе беспілотнікі. Дэпутат
парламента Арменіі Ганна Грыгаран сцвярджала, што наступ ішоў і ў кірунку
Капана.
Мінабароны Азербайджана у сваю чаргу выпусціла заяву, у якім
абвінаваціла Ерэван у дыверсіі.
«Узброеныя сілы Арменіі здзейснілі маштабную дыверсію
на Дашкесанскім, Кяльбаджарскім і Лачынскім кірунках. Дыверсійныя
групы Узброеных Сіл Арменіі ў цёмны час сутак замініравалі раёны і шляхі
забеспячэння паміж пазіцыямі падраздзяленняў азербайджанскай арміі ў розных
напрамках, выкарыстоўваючы горны рэльеф мясцовасці і існуючыя яры», — сказана ў
заяве.
Паводле версіі Баку, бой завязаўся пасля дыверсій, з
мінамётаў абстраляныя азербайджанскія пазіцыі, ёсць страты сярод асабовага
складу. Артабстрэлы Азербайджан называе «падаўленнем агнявых кропак праціўніка» і мерамі ў адказ. Па дадзеных азербайджанскага боку, армія Арменіі
таксама губляла байцоў. Страты ў шэрагах УС Арменіі пацвердзілі і ў армянскім
Мінабароны.
Праармянскія тэлеграм-каналы паведамляюць аб пашкоджанні
жылых будынкаў у Сотку і Куце. Амбудсмен Арменіі Крысціне Грыгаран заявіла пра ўдары па грамадзянскіх аб'ектах.
Раён, дзе адбываліся боесутыкненні, можа стаць сухапутным
калідорам для Азербайджана ў Нахічэвань —анклаў краіны, які аддзелены ад
асноўнай часткі дзяржавы тэрыторыяй Арменіі. Шлях у Нахічэвань можа стаць
транспартнай артэрыяй паміж Турцыяй і Азербайджанам.
Пракрамлёўскія тэлеграм-каналы заявілі, што па трывозе нібыта была паднятая 102-я вайсковая база
ВС РФ у Гюмры (Арменія). Якіх-небудзь пацверджанняў гэтых паведамленняў няма.
UPD. Раніцай стала вядома, што паміж Азербайджанам і Арменіяй дасягнута перамір'е.
У апошні раз эскалацыя паміж Арменіяй і Азербайджанам
назіралася ў канцы жніўня — тады армія Азербайджана заняла горад Лачын, вёскі
Сус і Забух у Нагорным Карабаху.
Лачынскі калідор злучае Арменію і Нагорны Карабах. Пасля
заканчэння вайны ў Карабаху 2020 года транспартная артэрыя перайшла пад
кантроль расійскіх міратворцаў. Азербайджан жа пасля падпісання мірнага
дагавора прапаноўваў перадаць Лачын пад свой кантроль.
Арменія — сябра АДКБ. Паводле адпаведнай дамовы, напад на яе тэрыторыю лічыцца нападам на тэрыторыю іншых чальцоў АДКБ — Расіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана і Таджыкістана.