Вайна ва Украіне: падзеі 202-га дня змагання

Расія прасіла пра перамовы на фоне контрнаступлення УСУ, але Украіна адмовіла і запатрабавала поўнай дэакупацыі сваіх тэрыторый. Што яшчэ здарылася ва Украіне за вечар?

ukr_5.jpg

Уладзімір Зяленскі ў вячэрнім відэазвароце заявіў, што па стане на гэты момант стабілізацыйныя мерапрыемствы завершаныя ў раёнах агульнай плошчай больш за 4000 квадратных кіламетраў, яшчэ прыкладна на такой жа вызваленай тэрыторыі стабілізацыя працягваецца. Зяленскі распавёў таксама, як праводзяць стабілізацыю на акупаваных тэрыторыях. У прыватнасці, там выяўляюць рэшткі акупантаў, дыверсійных груп і затрымліваюць калабарантаў.

Кіраўнік Украіны згадаў, што ў Балаклеі і Гракаве ўжо пачалася выдача пенсій — адразу за пяць месяцаў.

«Ізюм, Балаклея і яшчэ больш за 300 населеных пунктаў. Са зламанымі дамамі, але нязломнымі людзьмі. Не забытыя Украінай. Вызваленыя Украінай. Будуць адбудаваныя Украінай. І назаўжды застанецца Украінай!» — напісаў Зяленскі ў сваім тэлеграме і змясціў фатаздымкі разбураных гарадоў


УСУ паспяхова адбілі атакі рускай арміі ў раёнах населеных пунктаў Зайцава, Адрадаўка, Бахмут, Бахмуцкае, Вясёлая Даліна, Аўдзееўка, Беыменнае і Новагрыгор'еўка. Пра гэта паведаміў украінскі Генштаб у вячэрняй зводцы.

Рускія пачалі збягаць з Мелітопалю ў бок Крыма

Увечары ўкраінскія СМІ паведамілі, што калоны ваеннай тэхнікі РФ ужо зафіксаваныя на пункце пропуску ў Чангары, пра гэта распавёў мэр Іван Фёдараў.

Каб вывезці скрадзенае з Запарожскай вобласці, вайскоўцы РФ узломваюць гаражы і крадуць аўтамабілі мясцовых жыхароў. Так, напрыклад, у горадзе Полагі Запарожскай вобласці рускія выломліваюць вароты прыватных гаражоў, адбіраюць у мясцовых жыхароў аўтамабілі.

Расійскія захопнікі працягваюць марадзёрства і ў іншых месцах. Так, на ўчастку трасы Старабельск-Луганск, у напрамку Луганска, было заўважана каля 300 цывільных аўтамабіляў, пераважна з дзяржаўнымі нумарнымі знакамі Харкаўскай вобласці. Большасць транспартных сродкаў з прычэпамі, загружанымі нарабаваным маёмасцю, за рулём — расійскія вайскоўцы.

Падобная тэндэнцыя назіраецца ў населеных пунктах захопленых тэрыторый на поўдні Украіны. У Новай Кахоўцы Херсонскай вобласці захопнікі масава пачалі вывозіць мэблю і бытавую тэхніку з часова пакінутых дамоў.

Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен лічыць, што Украіна дамаглася значных поспехаў у вызваленні тэрыторый ад расійскай акупацыі дзякуючы мужнасці УСУ і ўкраінскага народа, а таксама міжнароднай падтрымцы, аднак пакуль рана рабіць доўгатэрміновыя прагнозы. «Расіяне трымаюць ва Украіне вельмі значныя сілы, а таксама тэхніку, узбраенне і боепрыпасы. Як мы бачым, яны працягваюць выкарыстоўваць іх без разбору не толькі супраць украінскіх узброеных сіл, але і супраць цывільных асоб і аб'ектаў грамадзянскай інфраструктуры».

Контрнаступ УСУ прымусіў Крэмль прасіць пра перамовы, але Кіеў адмовіў

Пасля контрнаступлення ўкраінскай арміі афіцыйныя асобы Расіі звярнуліся да Украіны для аднаўлення перамоваў, але ўкраінскі бок адмовіўся. Пра гэта распавяла ў інтэрв'ю France 24 украінскі віцэ-прэм'ер па пытаннях еўрапейскай і еўраатлантычнай інтэграцыі Вольга Сцефанішына.

Еўрасаюз хацеў бы мірных перамоваў па Украіне «як мага хутчэй»

Але вырашаць гэта будзе кіраўніцтва Украіны — заявіў Жазэп Барэль. Пры гэтым ён адзначыў, што з Расіяй трэба весці перамовы па шэрагу пытанняў, уключаючы бяспеку Запарожскай АЭС.

Уладзімір Зяленскі сустрэўся ў Кіеве з міністрамі абароны Даніі і Эстоніі Мортэнам Бедскоу і Ханна Пеўкурам.

Сёння Шольц правёў тэлефонную размову з Пуціным

Як паведаміла нямецкі ўрад, гутарка доўжылася паўтары гадзіны і была прысвечаная сітуацыі ва Украіне і яе наступствам. Шольц заклікаў Пуціна як мага хутчэй знайсці дыпламатычнае вырашэнне сітуацыі, дамовіцца пра спыненне агню, поўны вывад расійскіх войскаў. Ад Пуціна запатрабавалі павагі да тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту Украіны. Нямецкі канцлер паабяцаў, што любыя далейшыя крокі Расіі па анексіі не застануцца без адказу і не будуць прызнаныя ні пры якіх абставінах, а таксама заявіў пра неабходнасць забеспячэння бяспекі Запарожскай АЭС.

 Украіна пачала рыхтаваць контрнаступленне некалькі месяцаў таму

Падчас падрыхтоўкі кіраўніцтва краіны раілася з ЗША і ўлічыла некаторыя падказкі, піша The New York Times са спасылкай на свае крыніцы ў вайсковых колах. Так, на загад Зяленскага ўкраінскія вайскоўцы падрыхтавалі план аперацыі — УСУ павінны былі вызваліць Херсон і адрэзаць Марыупаль. Аднак і ўкраінскія, і амерыканскія генералы лічылі, што аперацыя прывядзе да вялікіх стратаў, а Украіне, магчыма, не ўдасца захапіць такую вялікую тэрыторыю. Доўгі час Кіеў не хацеў дзяліцца ўсімі дэталямі.

Амерыканцы і ўкраінцы правялі стратэгічныя «ваенныя гульні», якія паказалі, што такое маштабнае контрнаступленне на поўдні Украіны завершыцца правалам. З такімі высновамі украінскія генералы пайшлі да Зяленскага.

Замест аднаго вялікага контрнаступлення УСУ вырашылі правесці два невялікіх — на Херсоншчыне і Харкаўшчыне. Украіна, ЗША і Вялікабрытанія сумесна ацанілі гэты план і вырашылі, што ён можа быць паспяховым.

У ЗША адзначаюць, што заслуга за паспяховае контрнаступленне ляжыць цалкам на Зяленскім і ўкраінскіх генералах, якія здолелі адносна невялікімі сіламі дамагчыся сур'ёзнай перамогі ў Харкаўскай вобласці.

Намеснік міністра абароны Украіны Ганна Маляр паведаміла, што афіцыйная агучаная сёння лічба вызваленай тэрыторыі ў Харкаўскай вобласці — 3800 квадратных кіламетраў — удвая меншая за рэальную. Яна патлумачыла, што 3800 квадратных кіламетраў — гэта пацверджаныя лічбы з улікам стабілізацыйных мер: «рэальная лічба вызваленых тэрыторый у Харкаўскай вобласці амаль у два разы большая. Заўтра будуць ужо удакладненыя дадзеныя».

 Паводле УНІАН, korrespondent.net, @V_Zelenskiy_official