«Гэта наша зямля і нашы людзі». Зяленскі прыехаў у Ізюм і паабяцаў вярнуць Крым

Уладзімір Зяленскі прыехаў у вызвалены нядаўна Ізюм Харкаўскай вобласці. Там ён паабяцаў вернуць усе захопленыя Расіяй украінскія землі.

Фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага

Фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага

Украінскі прэзідэнт падчас візіту ў вызвалены Ізюм выказаў упэўненасць, што Крым і іншыя акупаваныя тэрыторыі неўзабаве вернуцца ў склад Украіны.

«Мы павінны даслаць паведамленне людзям на акупаваных тэрыторыях, у Крыме… Гэта нашы людзі. Гэта трагедыя — акупацыя больш за 8 гадоў таму. Вядома, усё гэта магло змяніць многіх, асабліва дзяцей. Вайна ідзе не толькі зброяй. Інфармацыйная вайна атакуе людзей. Расія атакуе тэлебачаннем, іншымі медыя... Маё пасланне — мы вернемся. Не мае значэння, што яны чулі на працягу гэтых 8 гадоў з прапагандысцкага тэлебачання. Гэта не мае значэння для нас. Мы ведаем, што праўда на нашым баку. Я не ведаю, калі гэта здарыцца. Ніхто не ведае. Мы прыйдзем, таму што гэта наша зямля і нашы людзі», — заявіў ён.

Украінскі прэзідэнт падзяліўся ўражаннямі ад убачанага ў дэакупаваным Ізюме: «Не здзіўлены тым, што тут убачыў. Гэта не шок для мяне. Мы пачалі бачыць тыя ж карціны з Бучы — разбураныя дамы, забітыя людзі. Гэта частка нашай сучаснай гісторыі», — сказаў ён.

Зяленскі прыгадаў працу міжнародных следчых камісій: «Мы разумеем, што гэта працэс не хуткі. Для Украіны галоўнае — працягваць быць адкрытай».

Фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага

Фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага

У сваім тэлеграм-канале Зяленскі змясціў фотаздымкі з Ізюму і напісаў: «Раней, калі мы глядзелі ўверх, заўсёды шукалі сіняе неба. Сёння, калі глядзім уверх, шукаем толькі адно — сцяг Украіны. Наш сіне-жоўты ўжо лунае ў акупаваным Ізюме. І так будзе ў кожным украінскім горадзе і вёсцы. Рухаемся толькі ў адным напрамку — наперад і да перамогі».


Нагадаем, днямі падчас контрнаступлення на Харкаўшчыну украінская армія вызваліла некалькі буйных гарадоў — Балаклею, Купянск і Ізюм, а ўсяго вызвалена больш за 300 населеных пунктаў у гэтым рэгіёне.

Паводле t.me/V_Zelenskiy_official, korrespondent.net