Куды вядуць каўказскія калідоры?

Абвастрэнне сітуацыі на армяна-азербайджанскай мяжы выклікае ў некаторых назіральнікаў страх перад маштабнай вайной на Каўказе. Тым не менш, падзеі на маштабную вайну не выглядаюць. Хутчэй на ціск моцнага боку на слабейшы, з мэтай заключэння пагадненняў, патрэбных моцнаму боку.

nagorno_karabakh_armenia_azerbaijan_7.png

Гэты канфлікт — адзін з самых старых на тэрыторыі былога СССР. Заснаваны ён на даўняй гісторыі, якая налічвае не адну тысячу гадоў. Яшчэ да нашай эры тэрыторыя, якая цяпер завецца «Нагорны Карабах», уваходзіла ў склад дзяржавы «Вялікая Арменія», што, быццам, з’яўляецца абгрунтаваннем права армян на валоданне ёю. З таго часу змянілася шмат сіл, якія кантралявалі Нагорны Карабах — Іран, Арабскі халіфат, цюркі, манголы, зноў цюркі, зноў Іран. Змянялася і этнічная сітуацыя. У ХІ ст., разам з цюркамі-сяльджукамі тут, магчыма, з’явіліся продкі сучасных азербайджанцаў. Калі ў першай палове ХІХ ст. Расійская імперыя (якой Іран саступіў свае каўказскія валоданні ў 1813-м) правяла тут перапіс насельніцтва, высветлілася, што большую частку насельніцтва Нагорнага Карабаха складаюць менавіта армяне. Іншая справа, канечне, што пры гэтым не ўлічвалася вялікая маса азербайджанцаў, якія вялі ў той час качавое жыццё і вандравалі паміж горнай і раўніннай часткамі Карабаха.


Гэта ўсё — гістарычныя аповеды. Яны могуць даць толькі эмацыйнае ўспрыманне сітуацыі. А эмоцыі — не заўжды добры дарадца пры выбары сваёй пазіцыі і дзеянняў, на якой бы «надзейнай» гістарычнай справядлівасці яны не грунтаваліся б. Рэчаіснасць — не ў эмоцыях, а ў міжнародна прызнаным статусе, падмацаваным не старажытнасцю гісторыі, а нормамі цяперашняга міжнароднага права.
Статус Нагорнага Карабаха быў вызначаны ў 1921 годзе па выніках цяжкіх перамоў паміж урадамі сацыялістычных Арменіі і Азербайджана пры актыўным удзеле бальшавіцкага кіраўніцтва Расіі і далёка не апошнім слове Сталіна. Прынятае рашэнне не столькі мела разлік на нейкую будучыню ў стылі «падзяляй і ўладар», колькі зыходзіла з тагачасных тактычных разважанняў. У выніку ўвесь Карабах, разам з ягонай горнай часткай, быў уключаны ў склад Азербайджанскай ССР. Армяне з гэтым не змірыліся і нават за савецкім часам спрабавалі пераканаць саюзнае кіраўніцтва змяніць рашэнне 1921 года. Гэтыя спробы не сустракалі разумення і спачування. У 1989-м Вярхоўны Савет СССР заблакаваў рашэнне Вярхоўнага Савета Нагорна-Карабахскай аўтаномнай вобласці аб далучэнні да Арменіі, спаслаўшыся на адсутнасць такой магчымасці па савецкай Канстытуцыі.
Тады мясцовыя ўлады, на фоне аслаблення ўлады цэнтральнай, вырашылі, што гвалт і ваенная сіла — найлепшыя інструменты для вырашэння канфлікту. У выніку поўнамаштабнай вайны 1992-94 гадоў Азербайджан пацярпеў паражэнне і армянскія сілы ўзялі пад свой кантроль не толькі Нагорны Карабах, але і суседнія з ім раёны з пераважна азербайджанскім насельніцтвам.
Асноўным вынікам вайны было тое, што і Арменія, і Азербайджан надзейна загразлі ў карабахскай пастцы. Арменія, хоць і выйшла пераможцам з вайны, наткнулася на куды больш моцны бар’ер, чым узброеныя сілы Азербайджана. А менавіта — міжнароднае права, якое, як памятаем, і вызначае рэчаіснасць. Па нормах гэтага права, Нагорны Карабах — тэрыторыя Азербайджана, і любая спроба далучыць яе гвалтам да тэрыторыі іншай дзяржавы будзе ўспрымацца як злачынства з пункту гледжання міжнароднай супольнасці — з усімі непрыемнымі для захопніка наступствамі. На гэты конт адназначна было сказана ў Рэзалюцыі СБ ААН 884: тэрытарыяльная цэласнасць Азербайджана мусіць быць захавана, аніякія тэрыторыі не могуць быць набыты ўзброеным шляхам. Таму Арменія так і не анексавала Нагорны Карабах, сціпленька прадставіўшы яго як «незалежнае» дзяржаўнае фарміраванне (пры гэтым, адзначым, нават не прызнаўшы яго на афіцыйным узроўні). З іншага боку, армянскі народ разглядае Нагорны Карабах як частку «сваёй» тэрыторыі, за якую не тое што дзяды — усе ваявалі. І перамаглі. І паспрабуй яе ў нас адняць.
Са свайго боку, Азербайджан, прайграўшы ў вайне, не мог пагадзіцца на хоць якое частковае прызнанне яе вынікаў. Пакуль прызнання няма, справядліва лічылі азербайджанцы, няма і пройгрышу. Ёсць паражэнне, якое мае часовы характар. Варта толькі назапасіць сілы і магутным ударам вярнуць свае незаконна акупаваныя землі. А хто з палітыкаў пойдзе на нейкія кампрамісы з армянамі — таму не жыць!
Такім чынам, перыяд пасля вайны 90-х абодва бакі выкарыстоўвалі, каб нарошчваць свае сілы. І не столькі ў сферы ваеннай, колькі на міжнароднай арэне, каб забяспечыць сябе надзейнымі саюзнікамі. Тут дзве краіны прадэманстравалі розныя канцэпцыі вырашэння гэтага пытання.
Арменія пайшла старым шляхам, узяўшы арыенцір на традыцыйны цэнтр — Маскву. Дзеля справядлівасці варта адзначыць, што альтэрнатывы асаблівай не было. Краіна не мае выйсця да мора і з двух бакоў заціснута далёка не сяброўскай Турэччынай і варожым Азербайджанам. Прыродных рэсурсаў мала, чалавечыя рэсурсы таксама вельмі абмежаваныя. Таму па запрашэнні армянскага боку мяжу з Турэччынай ахоўваюць расійскія памежнікі. Маючы шчыльныя стасункі з Расіяй, Арменія, зразумела, удзельнічае і ў ініцыяваных Масквой міжнародных арганізацыях, такіх як АДКБ. Пры такіх умовах, хто б ні прыйшоў да палітычнага кіраўніцтва Арменіяй, стане перад дылемай: пайсці на разрыў з Расіяй, чым пазбавіць краіну расійскага «парасоніка», ці захаваць з ёй папярэднюю сістэму адносін. Першы варыянт тут жа прымусіць шукаць кампрамісу з Азербайджанам па пытанні Нагорнага Карабаха (а ў такім выпадку будзе нават не кампраміс, бо пераможца — Азербайджан — забірае ўсё). Другі варыянт пакідае заступніцтва з боку Расіі, але моцна абмяжоўвае палітычную самастойнасць Арменіі.
Азербайджан абраў іншую канцэпцыю. Наяўнасць рэсурсаў (у тым ліку, вуглевадародаў) значна пашырала прастору для манеўру. І хоць кіраўніцтва Азербайджана дэманстравала ўсялякім чынам сваю павагу да Масквы, тым не менш яно праяўляла большую самастойнасць у сваёй знешняй палітыцы і паступова змяшчала сваю павагу да іншага рэгіянальнага гульца — Турэччыны. Гэтаму садзейнічала гістарычная, этнічная і рэлігійная блізкасць Азербайджана і Турэччыны. Да таго ж кіраўніка новага саюзніка — Рэджэпа Эрдагана — зусім не палохала перспектыва процістаяння з пуцінскай Расіяй. Магчыма таму, што ён разумеў, што Расія, з яе арыентацыяй на нейкія мінулыя ідэалы і мадэлі, не можа канкурыраваць з тымі краінамі, якія рашуча ідуць наперад.


Вайна восені 2020 года паказала, які з падыходаў быў больш эфектыўны. Нацэлены ў будучыню Азербайджан не пакінуў шанцаў Арменіі, якая, следам за Масквой, загразла ў мінулым са сваёй савецкай вайсковай тэхнікай і падыходамі да вядзення баявых дзеянняў. Адзінае, на што хапіла галоўнага саюзніка Арменіі, гэта на магчымасць накіраваць у зону канфлікту сваіх міратворцаў. У цэлым жа Азербайджан дамогся сур’ёзных змен у сітуацыі. У адрозненне ад папярэдніх пагадненняў пра спыненне агню, Нагорны Карабах не прыгадваўся асобна — у адрыве ад суседніх раёнаў Азербайджана, якія населены пераважна азербайджанцамі і якія былі акупаванымі сіламі Нагорнага Карабаха (чытай — армянскімі) па выніках вайны 1992-94 гадоў. Азербайджану перадаваўся кантроль над шэрагам населеных пунктаў Нагорнага Карабаха. І, бадай, адно з галоўных дасягненняў у стратэгічным плане: скранулася з «мёртвай кропкі» пытанне пра транспартныя калідоры — Лачынскі і Зангезурскі.
Лачынскі калідор — дарога, якая звязвае тэрыторыю Нагорнага Карабаха з Арменіяй. З часоў Першай карабахскай вайны (1992-94 гады) ён знаходзіўся пад поўным кантролем армян. Азербайджанцам нельга было ім карыстацца, нават — перасякаць. Цяпер гэты калідор перадаваўся пад кантроль расійскіх «міратворцаў» з правам для ўсіх (і азербайджанцаў) свабодна ім карыстацца.
Зангезурскі калідор — гэта шлях, які праходзіць па тэрыторыі Арменіі ўздоўж іранскай мяжы і аб’ядноўвае асноўную тэрыторыю Азербайджана з Нахічэванем — азербайджанскім эксклавам. Раней тут была чыгунка, але яна была разабрана пасля першай вайны. Усе гэтыя гады Азербайджан быў вымушаны ажыццяўляць зносіны з Нахічэванем праз Іран. Цяпер Азербайджан настойвае, што вынікі вайны 2020 года прадугледжваюць аднаўленне чыгункі праз Арменію — з фактычнай яе экстэрытарыяльнасцю. А гэта — наўпрост выхад на Турэччыну, з якой Нахічэвань мае непасрэдную мяжу. Армянскі бок сцвярджае, што ў пагадненнях гаворка ідзе толькі пра «разблакіроўку рэгіянальных транспартных калідораў», а не пра будаўніцтва чыгункі Азербайджан-Нахічэвань. Ды і прыгадвання нейкага «Зангезурскага калідора» ў пагадненнях няма.
Вось тут можна заўважыць асноўную падставу тых падзей, якія адбываліся на памежжы Азербайджана і Арменіі ў апошнія дні. За імі прасочваецца відавочнае жаданне Азербайджана (і Турэччыны) нагадаць, хто цяпер у доме гаспадар. Гэтакі прымус Арменіі да прыняцця ўсіх патрабаванняў, высунутых да яе. У тым ліку — тых, якія яшчэ будуць сфармуляваныя. Азербайджан, імаверна, жадае падпісання паўнавартаснай дамовы, якая паставіць Арменію ў цалкам залежны ад яго і ад Турэччыны стан. У гэтым плане Пашыняна чакаюць вельмі няпростыя перамовы, у тым ліку — на саміце Шанхайскай арганізацыі супрацы, які пачаўся 15 верасня ў Самаркандзе і дзе прысутнічаюць ключавыя гульцы: Аліеў, Эрдаган, Пашынян. І Сі Цзіньпін. Бо Кітай таксама мае свой інтарэс да тэмы Зангезурскага калідора, які разглядаецца як істотны элемент канцэпцыі «Пояс-Шлях».
А што ж Расія і Пуцін? Яны за апошнія гады зрабілі ўсё магчымае, каб іх усё менш разглядалі ў якасці рэальнай сілы ў Каўказскім рэгіёне. І справа не ў цяперашніх падзеях ва Украіне: Азербайджан пачаў наступ на галоўнага саюзніка Расіі ў рэгіёне яшчэ да 24 лютага. Гэта ёсць, яе слабасць ужо тады была відавочнай. Цяпер яна толькі ўзмацнілася. Існуюць моцныя сумненні, што пазіцыя Расіі будзе істотна ўлічвацца пры вырашэнні пытання пра той самы Зангезурскі калідор.
І яшчэ адзін момант. У звязцы «Турэччына-Азербайджан-Кітай» існуе яшчэ адно звяно — Цэнтральная Азія. Яе лёс таксама будзе вырашацца паралельна з пытаннямі па Каўказе. І галоўнымі вырашальнікамі тут вымалёўваюцца Эрдаган і Сі Цзіньпін.