Арменія дамовілася з Азербайджанам аб перамір'і
У Радзе бяспекі Арменіі заявілі, што дамовіліся з Азербайджанам аб перамір'і. Але ў Ерэване ўвечары прайшлі мітынгі з патрабаваннем адстаўкі прэм'ер-міністр краіны Пашыняна. Больш за 150 чалавек загінулі ў баях на мяжы Арменіі і Азербайджана.

Фота з сацсетак.
Эскалацыя на Паўднёвым Каўказе прывяла да новых хваляванняў у самой Арменіі. У Ерэване ўвечары 14 верасня тысячы пратэстоўцаў сабраліся перад будынкам парламента, каб выказаць нязгоду з дзеяннямі ўрада.
Падставай для маштабнага пратэсту сталі словы прэм'ера Нікола Пашыняна, які пацвердзіў гатоўнасць да падпісання мірнай дамовы з Азербайджанам і пэўных саступак яму — ва ўмовах абстрэлаў, якія працягнуліся ў сераду, не толькі прыгранічных тэрыторый, але і гарадоў у глыбіні Рэспублікі Арменія.
"Арменія без Нікола!" — скандаваў натоўп. З трыбуны выступоўцы казалі пра пагрозу самой армянскай дзяржаўнасці.
Падчас мітынгу ерэванцы таксама абмяркоўвалі зварот Арменіі па дапамогу да Расіі і ваеннага саюзу АДКБ — і адсутнасці іх падтрымкі.

За амаль два гады, якія прайшлі з паразы Арменіі ў Другой Карабахскай вайне, такія мітынгі праходзілі ўвесь час, аднак цяперашні вылучаецца маштабам і разнароднасцю ўдзельнікаў
Зрэшты, ці паўплываюць пратэсты на нейкія рашэнні кіраўніцтва краіны, не зразумела, бо партыя ўлады мае большасць у парламенце.
Еўрапейскі Саюз, ЗША, Францыя, Расія, Іран і Турцыя выказалі занепакоенасць з нагоды эскалацыі на мяжы Арменіі і Азербайджану і заклікалі да спынення баявых дзеянняў.

Прэзідэнт Турцыі Таіп Эрдаган і Уладзімір Пуцін збіраюцца абмеркаваць сутыкненні паміж Арменіяй і Азербайджанам на гэтым тыдні. Сустрэча Эрдагана і Пуціна падчас саміту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС) ва Узбекістане прызначаная на пятніцу. Турцыя ў гэтым канфлікце падтрымлівае Азербайджан.
Сам прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян не прыме ўдзелу ў саміце ШАС з-за сітуацыі ў краіне.
Нагадаем, Другая карабахская вайна скончылася 10 лістапада 2020 года, тады Ерэван цалкам прайграў.
