Беларусь і ШАС: ні богу свечка, ні чорту качарга
Беларусь падала заяўку на ўступ у Шанхайскую арганізацыю супрацоўніцтва (ШАС). Можна было б сказаць, як у знакамітым мульціку пра сабаку і ваўка: «ШАС спяю!» Але насамрэч спяваць нагоды няма. Проста таму, што ШАС — гэта чарговае незразумелае для нас утварэнне кшталту СНД.
Куды мы лезем?
Як кажа Вікіпедыя, Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва — міжнародная арганізацыя, заснаваная 15 чэрвеня 2001 года лідарамі Кітая, Расіі, Казахстана, Таджыкістана, Кіргізіі і Узбекістана. 9 чэрвеня 2017 года паўнавартаснымі чальцамі ШАС сталі Індыя і Пакістан, а 17 верасня 2021 года лідарамі ШАС было ўхвалена прыняцце ў паўнавартасныя чальцы ШАС Ірана, якое павінна адбыцца ў верасні 2022 года.
То-бок, як мы бачым, гэта такі «міжсабойчык» краін, якія знаходзяцца, хутчэй, у азіяцкім рэгіёне, адпаведна, маюць там свае праблемы і інтарэсы. І ўсе гэтыя краіны, кажучы дыпламатычна, — з аўтарытарным стылем кіравання.
Пры гэтым ШАС не з'яўляецца ваенным блокам (як, напрыклад, НАТА) або адкрытай рэгулярнай нарадай па бяспецы, а займае нейкую прамежкавую пазіцыю. Галоўнымі задачамі арганізацыі абвешчаныя ўмацаванне стабільнасці і бяспекі на шырокай прасторы, якая аб'ядноўвае дзяржавы-удзельніцы, барацьба з тэрарызмам, сепаратызмам, экстрэмізмам, наркатрафікам, развіццё эканамічнага супрацоўніцтва, энергетычнага партнёрства, навуковага і культурнага ўзаемадзеяння.
Якія інтарэсы ў тым рэгіёне маюцца ў Беларусі, якая тэрытарыяльна далёка ў Еўропе? Ці шмат у нас супольнага з праблемамі Узбекістана і Таджыкістана? Іх, зразумела, турбуе, напрыклад, афганскі наркатрафік, і ім ёсць сэнс удзелу ў ШАС. А якім бокам там Сінявокая?
Ці ўцягнецца Кітай у еўрапейскую вайну?
Варта зазначыць, што адначасова з інфармацыяй пра заяўку Беларусі ў ШАС прагучаў выступ Лукашэнкі на ўручэнні генеральскіх пагонаў, дзе ён абрынуўся на сябраў па АДКБ. Маўляў, «супраць Беларусі развязаная поўнамаштабная гібрыдная вайна, якая заўсёды носіць наступальны характар», а «некаторыя нашы саюзнікі па АДКБ і СНД займаюць, мякка кажучы, чакальную пазіцыю». Дзіўна, канешне, што ён узгадаў СНД. А можа, сапраўды, ён разумее падабенства ШАС і гэтай арганізацыі.
Так, першапачаткова ШАС мела за мэту сумесную абарону межаў суседніх дзяржаў. Але, па-першае, з якімі краінамі ШАС мяжуе Беларусь? Хіба толькі з Расіяй. І з Расіяй у нас ваеннае супрацоўніцтва (на жаль, як выявілася) значна глыбей, чым у таго азіяцкага фармавання. Па-другое, усе ўсяляк падкрэсліваюць, што ШАС не з’яўляецца вайсковым блокам. У яго ёсць Рэгіянальная антытэрарыстычная структура (РАТС), аднак гэтая структура, у асноўным, займаецца арганізацыяй антытэрарыстычных вучэнняў ды «каардынацыяй і ўзаемадзеяннем кампетэнтных органаў краін» адносна тэрарызму, экстрэмізму, і іншых падобных «ізмаў». То-бок, нейкіх асобных войскаў, як, напрыклад, міратворчыя сілы АДКБ, у ШАС няма.
Да таго ж наўрад ці ў той арганізацыі падзяляюць беларускія ўяўленні пра «тэрарызм і экстрэмізм».
Эканоміка павінна быць эканомнай
Яшчэ ў ШАС патэнцыйна ёсць даволі моцны эканамічны блок. Але толькі патэнцыйна. У ШАС, напрыклад, прадугледжвалася стварэнне зоны вольнага гандлю, і ў 2004 годзе быў нават прыняты 20-гадовы план дзеянняў па развіццю супрацоўніцтва паміж чальцамі арганізацыі. Аднак з-за розніцы ў эканамічных сістэмах краін-чальцоў не ўдалося запусціць практычна ніводнай з ухваленых праграм эканамічнага супрацоўніцтва.
Таму, калі Беларусь разлічвае праз ШАС зрабіць «экспартазамяшчэнне» і заваліць азіяцкі рэгіён сваімі таварамі ды трактарамі… Наўрад ці гэта адбудзецца. Да таго ж Кітай разглядае ШАС, як сваю эканамічную тэрыторыю, і наўрад ці будзе рады нават маленькім канкурэнтам.
Яскравая ілюстрацыя працы ў ШАС — «мегаздзелка» Расіі і Кітая. 17 чэрвеня 2009 года Расія і Кітай заключылі беспрэцэдэнтнае пагадненне ў энергетыцы на сто мільярдаў долараў. Тады ж прэзідэнт Расіі Дзмітрый Мядзведзеў пасля перамоў з лідарам КНР Ху Цзіньтао заявіў, што першыя асобы дамовіліся распрацаваць механізм узаемаразлікаў у рублях і юанях. «Масква і Пекін маюць намер замяніць долар юанем і рублём», — пісалі тады журналісты.
Прайшло больш за 10 гадоў. Як паказала практыка і фінансавыя санкцыі адносна Расіі за развязанне вайны ва Украіне, замяніць долар не атрымалася.
У ШАС ёсць Міжбанкаўскае аб'яднанне. У склад чальцоў МБА ўвайшлі Банк развіцця Казахстана, Дзяржаўны банк развіцця Кітая, Знешэканамбанк Расіі, Нацыянальны банк Таджыкістана, Нацыянальны банк знешнеэканамічнай дзейнасці Узбекістана. Але пхнуцца ў яго са звыклым лозунгам «дайце грошай» не атрымаецца. Хаця б таму, што расійскі Знешэканомбанк (той самы ВЭБ.РФ) аказаўся пад магутнымі санкцыямі, і «першую скрыпку» цяпер у міжбанкаўскім аб’яднанні грае банк Кітая. А кітайцы цяпер крэдытаў Беларусі не даюць. Нават звязаных.
Гадаванне фобій
Дык якая практычная карысць Беларусі для ўдзелу ў ШАС? Будзем шчырымі, — ніякай карысці няма. Праўда, ёсць тыя, хто лічаць, што няма карысці ад ШАС не толькі для Беларусі, але і ўвогуле. Напрыклад, Мэцью Арэсман з амерыканскага Цэнтра стратэгічных і міжнародных даследаванняў мяркуе, што ШАС з'яўляецца не больш, чым дыскусійным клубам, які прэтэндуе на нешта большае. Такога ж меркавання прытрымліваецца і больш блізкі эксперт — начальнік Інстытута ваеннай гісторыі МА РФ Кальцюкоў, які сцвярджае, што «аналіз дасягнутых гэтай арганізацыяй вынікаў дазваляе ахарактарызаваць яе як палітычны клуб... Рэальнага супрацоўніцтва ў сферах процідзеяння пагрозам тэрарызму, сепаратызму і барацьбы з наркагандлем на рэгіянальным узроўні не назіраецца».
То-бок, ёсць людзі, што лічаць ШАС аналагам СНД. Нібыта, нешта ёсць, а што канкрэтна — ніхто патлумачыць не можа.
Але эфект ад заяўкі Беларусі ў ШАС усё ж ёсць — для асобна ўзятых людзей і інстытутаў. Па-першае, МЗС Беларусі можа адсправаздачыцца, што нездарма ясі свой хлеб. У нашых «замежных спраў» даўно не было не тое што прарываў, а… Ну, проста не было замежных спраў! Цяпер можна сказаць (толькі сказаць, канешне), што гэтыя справы з’явіліся.
І па-другое: заяўка на ўступленне ў ШАС — гэта падлашчванне фобій Аляксандра Лукашэнкі персанальна. Яму мроіцца злавеснае НАТА, у якім «вядучую ролю» грае ЗША. Багата экспертаў лічаць непазбежным у будучыні супрацьстаянне Вашынгтона і Пекіна. А таму Лукашэнка бачыць у ШАС, дзе вядучую ролю адыгрывае Кітай, нейкага новага «вялікага брата». Бо расійскі «вялікі брат» аказаўся не такім ужо і вялікім, Кіеў за тры дні не ўзяў.
Канешне, пытанне, ці «ўпішацца» Кітай за Беларусь, нават калі тая будзе чальцом ШАС — рытарычнае. Але гэтае пытанне не рацыянальнае, а чыста псіхалагічнае, пытанне пачуцця бяспекі непасрэдна самога Лукашэнкі. Яму камфортна, калі ў яго ёсць «вялікі брат», нават калі гэты «вялікі брат» ёсць толькі ва ўласным адчуванні.
Што ж да рацыянальнага, то Беларусь для ШАС — ні богу свечка, ні чорту качарга. Тое ж дзейнічае і ў адваротным парадку — патрэбнасці ШАС для Беларусі.