Ці можа Расія неўзабаве стаць калоніяй Кітая?

За вайну ва Украіне адказвае Кітай? Уладзімір Пуцін упершыню сустрэўся з лідарам Кітая Сі Цзіньпінам пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну.

6535347_4070826.jpg

Пуцін заявіў, што разумее заклапочанасць Кітая наконт «украінскага крызісу» і прапанаваў растлумачыць усе пытанні на перамовах з Сі Цзіньпінам. Што з гэтага атрымалася?

Уладзімір Пуцін упершыню з пачатку вайны ва Украіне правёў перамовы са старшынёй КНР Сі Цзіньпінам. Яны сустрэліся на саміце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, які праходзіць у Самаркандзе 15 і 16 верасня. Для абодвух лідараў гэта адзін з нямногіх візітаў за мяжу. Для Сі Цзіньпіна дык і наогул першы афіцыйны візіт з пачатку пандэміі ў 2020 годзе.

«Сама гэтая сустрэча з улікам асаблівасцей цяперашняй міжнароднай абстаноўкі мае асаблівае значэнне», — заяўляў напярэдадні сустрэчы памочнік прэзідэнта Расіі Юрый Ушакоў. «Кітай да ўкраінскага крызісу падыходзіць збалансавана, выразна заяўляе пра разуменне прычын, якія вымусілі Расію пачаць спецыяльную ваенную аперацыю, і гэтае пытанне, вядома, будзе грунтоўна абмеркавана», — дадаў ён.

Мінулым разам Пуцін і Сі Цзіньпін сустракаліся падчас зімовых Алімпійскіх гульняў у Пекіне ў лютым. Праз усяго толькі некалькі тыдняў Расія ўварвалася на тэрыторыю Украіны. Многія аглядальнікі мяркуюць, што Пуцін папярэдзіў Сі аб нападзе на Украіну, а той нават нібыта прасіў расійскага кіраўніка не пачынаць агрэсію да заканчэння Алімпіяды ў Пекіне.

Вядомы амерыканскі гісторык Цімаці Снайдэр лічыць, што Кітай дапусціў вайну Расіі супраць Украіны.

«За вайну адказвае Кітай. Кітайскі ўрад сапраўды дрэнна бярэ на сябе адказнасць. Яны б імкнуліся рабіць выгляд, што не прымаюць ніякіх рашэнняў, што ўсе рашэнні прымаюць амерыканцы.

Але ў выпадку гэтай вайны Амерыка спрабавала спыніць яе, але не змагла. А кітайцы не спрабавалі гэта спыніць, але атрымалі такую магчымасць. У лютым Пуціну далі дазвол на гэтую вайну. А потым, калі гэта пачалося, яны таксама маглі яе спыніць, але яны проста дазволілі гэтаму адбыцца. Такім чынам, гэта вайна Кітая. Кітай нясе фундаментальную адказнасць за вайну», — заявіў Снайдэр.

На ягоную думку, кітайцы паверылі ў расійскую версію, што будзе трохдзённая вайна, а Захад нічога не паспее зрабіць, але гэтага не адбылося.

«Вядома, Кітаю няма справы да Расіі, ён разглядае яе як пэўную калонію. Цяпер, калі ідзе вайна, яны не дапамагаюць Расіі, таму што больш клапоцяцца пра амерыканскіх спажыўцоў, чым пра Пуціна. Акрамя таго, Кітаю выгадна, калі Расія стане слабай — гэта толькі спросціць кантроль над Расіяй. Гэта пастка, у якую цяпер трапілі Расія з Кітаем: у кітайцаў няма прычын дапамагаць Расіі, бо гэта пашкодзіць Кітаю. Але ў доўгатэрміновай перспектыве яны хочуць эксплуатаваць расійскія прыродныя рэсурсы, і гэтая вайна спросціць ім шлях да гэтага», — падкрэслівае Снайдэр.

Паводле korrespondent.net