Мабілізацыя ў Расіі не паўплывае на ход вайны — ISW

Частковая мабілізацыя, якую 21 верасня абвясціў прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін, не будзе істотна ўплываць на ход вайны ва Украіне ў найбліжэйшыя месяцы.

Фота Мінабароны Украіны

Фота Мінабароны Украіны

Пра гэта паведамляе Інстытут вывучэння вайны (ISW).

«Абвяшчэнне Пуціным частковай мабілізацыі адлюстравала многія праблемы, з якімі Расія сутыкаецца падчас яе няўдалага ўварвання ва Украіну. Масква наўрад ці зможа вырашыць іх у бліжэйшыя месяцы», — гаворыцца ў паведамленні.

Як адзначаюць ваенныя аналітыкі, загад мабілізаваць частку «падрыхтаванага» рэзерву РФ, гэта значыць асоб, якія прайшлі тэрміновую службу, на працягу бліжэйшых месяцаў не створыць значную баявую сілу РФ.

«Гэтага можа быць дастаткова для таго, каб у 2023 годзе падтрымліваць цяперашні ўзровень расійскай вайсковай сілы ды кампенсаваць страты, хоць нават гэта яшчэ не зразумела», — заявілі ў Інстытуце вывучэння вайны.

Эксперты мяркуюць, што частковая мабілізацыя ў РФ не зможа перашкодзіць магчымасці Украіны вызваліць ад акупантаў большую частку сваіх тэрыторый да зімы.

Нагадаем, міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу заявіў, што падчас частковай мабілізацыі будуць прызваны каля 300 тысяч рэзервістаў. Зрэшты, тая частка закона, дзе Пуцін называе канкрэтныя лічбы мабілізаваных, застаецца пад грыфам «для службовага карыстання».