«Палохаць Кіеў мабілізацыяй — гэта цяпер усё роўна, што палохаць вожыка далікатнай часткай цела»

Аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі» не ўражаны пасланнем Пуціна і абвяшчэннем частковай мабілізацыі. Ва ўласцівай яму іранічнай манеры ён мяркуе, што «адмоўныя поспехі» расійскай арміі працягнуцца, а малодшы саюзнік... Што ён будзе рабіць?

fpuxnwhxmaiknqh.jpg


Добрыя людзі ад яго кровапраліцця чакалі, а ён частковую мабілізацыю абвясціў. Зразумела, што кровапраліцце прыкладаецца да мабілізацыі па змоўчанні. Але пасля дванаццацігадзіннай тэатральнай паўзы чакалася што-небудзь больш маштабнае, чым абарона сваіх інтарэсаў усімі даступнымі сродкамі. Гэтымі сродкамі яны свае інтарэсы абараняюць і ўжо столькі разоў абаранялі — і ўвесь час з нязменным адмоўным поспехам. А з іншага боку, калі гэтыя 300 тысяч мабілізаваных скончацца, ніхто ж не перашкаджае мабілізаваць новых.

А наогул падобна, што спецыяльная аперацыя расійскіх войскаў пайшла па плане значна хутчэй, чым нам з табой здаецца. Атрымліваецца, што раптоўная перагрупоўка войскаў можа здарыцца літаральна ў любы момант. І галоўнае, зусім жа незразумела, дзе яны будуць праводзіць баявое згортванне. Ці то пад Херсонам, ці то ў напрамку Марыупаля, ці то наогул прама ў самым АРДЛА. Гэта значыць, шанец, што яшчэ тыдзень войскі пратрымаюцца, ёсць. А вось потым жаданне перагрупавацца куды падалей можа стаць непераадольным.

Так што рэферэндум у АРДЛА і на іншых акупаваных тэрыторыях пажадана, вядома, праводзіць хутчэй. Тыдня — і тое можа аказацца зашмат. За тыдзень некаторыя тэрыторыі могуць аказацца па-за зонай дасяжнасці выбарчых скрыняў. Усё ж такі выбарчая скрыня — гэта табе не HIMARS, за лінію фронту не даляціць. Мабыць таму ў Расіі вырашылі не чакаць, пакуль на акупаваных тэрыторыях абвесцяць вынікі вольнага волевыяўлення, і пачалі мабілізацыю загадзя. Хоць чаго іх наогул чакаць? Маглі яшчэ ўчора ўсё падлічыць.

Праўда, я ўсё роўна не разумею, як гэтая тонкая чырвоная лінія на расійскіх мапах дапаможа супраць новай перагрупоўкі войскаў. Нават з мабілізацыйным абцяжарваннем. Асабліва частковым. Таму што палохаць Кіеў мабілізацыяй — гэта цяпер усё роўна, што палохаць вожыка далікатнай часткай цела. Вось нават другой арміяй свету не атрымалася напалохаць. Цяперака ўжо чаго?

Зараз ужо нават самыя трапяткія заходнія палітыкі развучыліся трапятаць. І нават намёкі на даступныя ядзерныя сродкі іх неяк больш не ўражваюць. Вось хіба Макрон зноў сарваўся і патэлефанаваў. Але Макрону, каб сарвацца, шмат не трэба. Дзеля званка Макрона не варта было ўсё гэта і ладзіць.

А галоўнае — частковая мабілізацыя наўрад ці задаволіць сведак імперскай велічы, якія сталі непрыязна парыкваць у бок важака пасля альтэрнатыўных поспехаў у Харкаўскай вобласці. Таму што сведкам велічы анансаванага маштабу кровапраліцця, вядома, не хопіць. Вось 25 мільёнаў, якія падпадаюць пад мабілізацыйныя крытэрыі, для іх апетыту было б у самы раз.

Ну а малодшы саюзнік будзе, вядома, трымаць абарону. Супраць НАТА, супраць затоеных збеглых сваякоў, супраць прыватных школ і парушальнікаў працоўнай дысцыпліны. Вось каго ўспомніць, супраць таго і будзе трымаць. Ну, а як? Калі хочаш адкасіць, то і не такое патрымаеш.

Галоўнае, каб саюзнік паверыў у пагрозу свайму праваму флангу і мабілізаваў не моцна.