Паводле сігналу Крамля. На акупаваных РФ тэрыторыях Украіны ўжо на гэтым тыдні хочуць правесці рэферэндумы

Раней таксама хацелі і нават прызначалі даты, але потым іх заўсёды пераносілі праз кепскія навіны з фронту. Цяпер, выглядае, настрой сур'ёзны, хаця контрнаступ УСУ працягваецца. 

1511266569_4296.webp

Прызначаныя Крамлём акупацыйныя ўлады абвясцілі аб правядзенні рэферэндумаў аб далучэнні да Расіі. Галасаванне мусіць прайсці з 23 па 27 верасня. Аб намеры далучыцца да РФ заявілі ў самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР», а таксама ў захопленай Херсонскай і часткова захопленай Запарожскай абласцях.

Тым часам курс на новую эскалацыю ўзялі і ў Маскве. Сёння Дзярждума прыняла папраўкі ў заканадаўстве, якія дазволяць праводзіць у краіне частковую мабілізацыю. Таксама расійскія дэпутаты прагаласавалі за пакаранне (да 10 гадоў) за «добраахвотную здачу ў палон» і шэраг іншых паправак, якія сведчаць пра намеры Крамля працягваць і яшчэ больш пашыраць вайну ва Украіне.

Вядома, што з асабістым складам у расійскай арміі бяда. Туды ўсё больш актыўна набіраюць забойцаў і рэцыдывістаў з калоніяў, а сёння з'явілася інфармацыя, што чарга дайшла і да «гастарбайтэраў», якім улады ўзамен паабяцалі грамадзянства РФ па спрошчанай працэдуры.

Ва Украіне да рэферэндумаў на акупаваных тэрыторыяў ставяцца адназначна. Афіцыйны наратыў прыблізна такі: вы можаце праводзіць хоць дзесяць рэферэндумаў, гэта не перашкодзіць нам працягваць вызваленне сваіх тэрыторый.

Эксперты па-рознаму трактуюць сённяшнія ініцыятывы на паўднёвым усходзе Украіны і ў Крамлі. Некаторыя лічаць, што ад адчаю Пуцін гатовы разыграць апошнюю карту — абвясціць частковую мабілізацыю і з яе дапамогай кінуцца абараняць тэрыторыі, якія пасля «рэферэндумаў» будуць абвешчаны часткай РФ.

Адкрытым застаецца пытанне, якая роля ў гэтым адводзіцца Лукашэнку і яго рэжыму.