Дзяржаўны алкагалізм. Хто будзе плаціць па даўгах?
Урад працягвае актыўна шукаць грошы ў казну. Адным з самых папулярных спосабаў цяпер з'яўляецца выпуск дзяржаблігацый, выплаты па якіх, па ідэі, гарантаваны дзяржавай. Яшчэ некалькі гадоў таму падобнага роду каштоўныя паперы разляталіся як гарачыя піражкі, але сёння патэнцыйныя інвестары глядзяць на іх з вялікім падазрэннем.
У красавіку Міністэрства фінансаў Беларусі працягнула выпуск на ўнутраным рынку аблігацый у доларах. Хацелі выпусціць на $30 млн, атрымалі заявак на $13 млн, а прадаць атрымалася толькі на $7,5 млн. Адзначым, што аблігацыі пры гэтым распаўсюджваліся пад 4% гадавых — гэта даволі выгадныя ўмовы, але нават на іх беларускі інвестар не «клюнуў». Чаму — разбіраецца тэлеграм-канал «Нашы грошы».
Хутчэй за ўсё, таму, што давер да нацыянальнай фінансавай сістэмы, якая пачынала нясмела адраджацца да 2020 года, зноў апынуўся на метцы «ніжэй за плінтус». Людзі і бізнес разумеюць: верагоднасць таго, што ўрад можа вырашыць, напрыклад, выплачваць абавязацельствы па аблігацыях не ў доларах, а ў «вавёрках», зусім не нулявая.
Сусед, пакуль яшчэ здольны пазычаць, у нас застаўся толькі адзін — Расія. Менавіта там Беларусь збіраецца прадаць пяць лотаў дзяржаўных аблігацый, кожны лот — па 10 млрд расійскіх рублёў.
У гэтай гісторыі цікава тое, пад якія адсоткі беларускія ўлады абавязваюцца браць грошы — яны заяўляюць пра 12% гадавых па трохгадовых аблігацыях. Для параўнання, раней мы займалі на расійскім рынку пад 8%, і ўжо гэта было шмат.
Як мы невыпадкова абмовіліся вышэй, падобныя рашэнні нагадваюць тыя, што прымае глыбока пітушчы чалавек, якому трэба любой цаной атрымаць грошы на яшчэ адну бутэльку. Ён раз за разам страляе «да зарплаты», не аддаючы мінулыя даўгі датуль, пакуль яны не назапасяцца ў крытычную масу.
Наступствы такіх паводзін немінучыя, але гэта мала каго хвалюе, калі на коне стаіць «пытанне жыцця і смерці».
І дарэчы, ужо нават расійскіх інвестараў даводзіцца пераконваць, што з Беларуссю можна мець справу. Справа ў тым, што расійскія ўладальнікі беларускіх дзяржаўных аблігацый у валюце маюць цяжкасці з вяртаннем грошай: напрыклад, наш Мінфін патрабаваў ад расійскіх інвестараў, каб яны прыязджалі па грошы асабіста і адкрывалі рахунак у беларускім банку, куды ім «вавёркамі» (па курсе) будзе залічана неабходная сума.
Але ўявім, што ўсе запланаваныя пяць лотаў дзяржаблігацый распрададзены і Мінфіну ўдалося за гэта атрымаць 50 млрд расійскіх рублёў. Гэта значыць, што ўжо ў наступным годзе толькі па гэтым абавязацельстве трэба будзе выплаціць працэнтаў больш за 6 млрд расійскіх рублёў, а за тры гады — 18 млрд расійскіх рублёў. Гэта значыць, проста за карыстанне гэтымі грашыма нам давядзецца аддаць да 2025 года каля $240 млн па цяперашнім курсе!
Ну а потым, натуральна, трэба будзе яшчэ і вярнуць грошы, якія былі пазычаны. І гэта не кажучы ўжо пра назапашаныя раней даўгі.