Ці зладзіць РФ у Беларусі выбары без выбараў — і без Лукашэнкі?
Правесці выбары без выбараў, але і без Лукашэнкі — гэта магчымасць змяніць парадак дня. Беларускі кіраўнік можа ператварыцца ў Елбасы або ў кіраўніка Усебеларускага народнага сходу паводле казахстанскага сцэнара, таму што яго аб гэтым папросіць Расія. Пра гэта «СНплюс» распавёў палітолаг Яўген Магда.
Расія цяпер задавальняе занадта шмат пажаданняў Лукашэнкі, каб меркаваць, быццам яна не зможа чагосьці дамагчыся ў адносінах з ім. Крэмль можа зрабіць прапанову, ад якой беларускі кіраўнік не здолее адмовіцца.
Правесці выбары без выбараў, але і без Лукашэнкі — для Расіі гэта магчымасць змяніць парадак дня. Гэта значыць, гуляць не ў шашкі, як ён гэта робіць, а — у Чапаева, зрушыць «першага» з вялікай беларускай дошкі.
Пра рэалістычнасць сцэнара «выбары без выбараў і без Лукашэнкі» «СНплюс» пагаварылі з дырэктарам Інстытута сусветнай палітыкі Яўгенам Магдам (Кіеў, Украіна).
— Лукашэнка, як хамелеон, перафарбоўваецца на хаду.
«Я больш за вас не хачу ваяваць. У мяне таксама ёсць дзеці. І вы ўсе мае дзеці. Я не хачу, каб мне давялося вас пасылаць кудысьці на фронт. Таму супакойцеся, працуйце спакойна. Ніхто на нас нападаць не збіраецца. У тым ліку ўкраінцы. Ды і заходнікі, з якімі я сустракаюся, мне кажуць: "Аляксандр Рыгоравіч, спадар прэзідэнт, да вас ні ўкраінцы, ні палякі не збіраюцца". Можа, і не збіраюцца. Але нам трэба быць гатовымі да ўсяго. Таму гадуйце дзяцей. Пажадана пабольш», — заявіў ён на сустрэчы з жыхарамі Веткі.
А як жа яго вядомая цяпер усяму свету фразачка: «Я вам зараз пакажу, адкуль напад рыхтаваўся?»
— Было дастаткова камічна назіраць, як Лукашэнка ў Гомельскай вобласці, апрануты ў камізэльку з украінскага пікселя (размалёўка ўкраінскага камуфляжу.—«СН»), распавядаў усім, што ён міралюбівы, ваяваць не хоча; яму кажуць, што ніхто не збіраецца на яго нападаць, але трэба быць да ўсяго гатовым.
— Ён, як вядома, ніколі не лічыў палітычную паслядоўнасць дабрадзейнасцю, якой трэба пастаянна прытрымлівацца. Я думаю, з гэтых «міралюбных заяў» не варта рабіць далёкіх высноў. Па той простай прычыне, што склалася сітуацыя, калі чалавеку прыйдзецца рабіць непрыемны для сябе выбар. Выбар не ў электаральным сэнсе, а выбар такі: станавіцца ўсё больш і больш залежным ад Пуціна ці ж спрабаваць дэманстраваць нейкую сваю самастойнасць. У гэтай «міралюбнасці», як мне здаецца, і выяўляецца дэманстрацыя яго самастойнасці ў тым выглядзе, у якім ён сабе гэта ўяўляе.
Калі пра гэта не памятае сам Лукашэнка, то ў нас дастаткова людзей, якія будуць пра гэта нагадваць.
— «Я ваяваць не хачу», — гэта фраза чырвонай ніткай праходзіць праз усю сустрэчу з жыхарамі Веткі. Міграцыйны крызіс, прадастаўленне беларускай тэрыторыі расійскім войскам для ўварвання ва Украіну, ракетныя абстрэлы Украіны з тэрыторыі Беларусі, размяшчэнне ў Беларусі расійскай ядзернай зброі... Чаму Лукашэнка «забыўся» пра свае «мірныя» ініцыятывы? Можа, проста гэта пачатак прэзідэнцкай гонкі, якая павінна прайсці ў 2025 годзе? Адсюль — «ваяваць не збіраюся» і «будзе вам мір»?
— Я думаю, Лукашэнка, вядома ж, хацеў бы паўтарыць сцэнар 2015 года, калі пасля ўварвання Расіі ва Украіну, пасля пачатку гібрыднай вайны, досыць паспяхова ўвайшоў у вобраз усходнееўрапейскай Швейцарыі, адпаведна, да яго было мала прэтэнзій, і ён «прадаваў» выбаршчыкам стабільнасць і мір.
Але сітуацыя за мінулыя восем гадоў істотна змянілася, гэта раз. Па-другое, я вельмі сумняваюся, што Лукашэнка сёння сур'ёзна марыць аб паўтарэнні прэзідэнцкіх выбараў 2015 года. Мне бачыцца ў яго палітычнай мадэлі паводзін, што прэзідэнцкія выбары ўжо ў яго ў кішэні ў любым выпадку. Хоць я лічу, гэта не так.
— Вы сур'ёзна разглядаеце сцэнар датэрміновых прэзідэнцкіх выбараў, у якіх Лукашэнка не будзе браць удзелу? Захад гатовы перагарнуць старонку ў адносінах з афіцыйным Мінскам у выпадку сыходу Лукашэнкі з улады? Нават калі ён проста перасядзе ў крэсла старшыні Усебеларускага народнага сходу — абы ў прэзідэнта было іншае прозвішча?
— Я сапраўды сур'ёзна разглядаю сцэнар, паводле якога Лукашэнка не будзе браць удзелу ў наступных прэзідэнцкіх выбарах. Я думаю, ён можа ператварыцца ў Елбасы або кіраўніка Усебеларускага народнага сходу паводле казахстанскага сцэнара, таму што яго аб гэтым папросіць Расія. РФ цяпер задавальняе занадта шмат пажаданняў Лукашэнкі, каб меркаваць, быццам яна не зможа чагосьці дамагчыся ў адносінах з ім.
Гэты сцэнар мне ўяўляецца рэалістычным. Рэалістычным з той простай прычыны, што Беларусь сёння фактычна пазбаўлена магчымасцей для ўнутранага супраціву, і правесці выбары без выбараў, але і без Лукашэнкі — гэта магчымасць змяніць парадак дня.
Гэта значыць, гуляць не ў шашкі, як гэта робіць Лукашэнка, а — у Чапаева, зрушыўшы Лукашэнку з вялікай беларускай дошкі.
— Але якая сіла прымусіць Лукашэнку саступіць частку ўлады? Цяпер ён здае суверэнітэт краіны Расіі дзеля захавання асабістай улады.
— Я думаю, Крэмль здольны зрабіць Лукашэнку прапанову, ад якой той не зможа адмовіцца. Калі мы канстатуем, што Лукашэнка ўвесь час здае беларускі суверэнітэт, то гэта вяртае нас да шчыгрынавай скуры: шчыгрынавая скура беларускага суверэнітэту, якую ўвесь час памяншае Лукашэнка, становіцца ўсё меншай і меншай. І ўжо гаворка не ідзе пра тое, каб ён самастойна танцаваў геапалітычны танец…
— Ці гатовы Лукашэнка рэальна паступіцца ўладай? У той жа Ветцы ён абвясціў, што маладыя людзі «працаваць не хочуць і не ўмеюць. Яны не зробяць, яны не ўтрымаюць краіну».
— Вы ведаеце, заявы Лукашэнкі ў дачыненні да жанчын, моладзі — яшчэ адно сведчанне таго, што ён не з'яўляецца еўрапейскім палітыкам, хоць Беларусь геаграфічна — еўрапейская дзяржава, і існуе меркаванне, што на яе тэрыторыі ёсць адзін з геаграфічных цэнтраў Еўропы.
Зразумела, што Лукашэнка не можа сказаць, як Ельцын у свой час: я стаміўся, я сыходжу. Але яму, відавочна, найбліжэйшым часам ужо давядзецца шукаць довады, каб распавесці сваім улюбёным ябацькам пра тое, як будзе праходзіць транзіт улады.
Справа ў тым, што калі пройдуць выбары без Лукашэнкі, але з яго паслядоўнікам або паслядоўніцай у галоўнай ролі, то гэта, сярод іншага, адсячэ ад беларускай палітыкі і людзей, якія цяпер знаходзяцца ў апазіцыі. Гэта значыць, тыя, хто карыстаецца ўмоўнай легітымнасцю па выніках выбараў 2020 года (напрыклад, Святлана Ціханоўская), будуць вымушаны мяняць сваю парадыгму дзеянняў, таму што новыя прэзідэнцкія выбары, нават калі яны не будуць прызнаны сусветнай супольнасцю, зменяць сітуацыю і могуць змяніць стаўленне да Ціханоўскай.
Разам з тым, хачу адзначыць, што ў 2010 годзе ва Украіне прайшлі прэзідэнцкія выбары, на якіх перамог Віктар Януковіч: ён выйграў у тады дзеючага прэм'ера Юліі Цімашэнка. Яны былі ў фармаце халоднай грамадзянскай вайны: Януковічу дапамагаў Пол Манафарт.
Я думаю, той досвед Расія ўзяла на ўзбраенне, і яна можа правесці выбары без выбараў, у якія не будзе дапускаць Лукашэнку, і ўладу рэальна можна перадаць яшчэ больш кіраванаму палітыку, які з фармальнага пункту гледжання стане ўспрымацца Захадам як новы твар. І выйграць нейкі час, каб пачаць перамовы аб зняцці санкцый, магчыма, выпусціць пару палітычных зняволеных, магчыма, зрабіць яшчэ нейкі манеўр, які дазволіць Расіі выйграць у гэтай сітуацыі.
Выбары, пра якія я кажу, безумоўна, у інтарэсах Расіі, а не Лукашэнкі.
Пераклад «НЧ»