РФ усё больш робіцца падобнай да Індыі. Як вайна мяняе грамадства?

Ва ўмовах вайны ў Расіі, калі выплаты ад кантрактнікаў (у тым ліку і загінулых) пайшлі ў сельскую мясцовасць і на рэгіянальную перыферыю, расійскія жыхары атрымалі не толькі сродкі, але і адчулі сваю неабходнасць для дзяржавы. Залежныя ад дзяржавы небагатыя грамадзяне ў рэгіёнах — гэта галоўная апора падтрымкі ўлады. Яны маюць адносна сціплыя патрэбы, але іх шмат і яны лаяльныя да пануючай улады.

_belarus_pryroda_vjoska_dobraj_ranicy_fota_dzmitryj_dzmitryeu_novy_czas__6__logo.jpg

У расійскім грамадстве фарміруецца карціна, падобная на Індыю, у якой ёсць адукаваная і падобная на еўрапейцаў па ўзроўні і стылі жыцця меншасць, і ёсць усе астатнія, якія жывуць у архаіцы. Улада дэманструе гатоўнасць захоўваць гэту канструкцыю, пра гэта разважае для тэлеграм-канала «Кремлевский безБашенник» расійскі аналітык, доктар філасофскіх навук Дзмітрый Міхайлічэнка.

Пра ўзмацненне ментальных адрозненняў у Расіі ў эпоху СВА

У РФ усё больш яскрава фарміруюцца дзве Расіі: нязначная праеўрапейская меншасць — і ўсё астатняе грамадства, якое жыве ў галечы і падтрымлівае ўладу.

«Лявада-Цэнтр» апублікаваў сацыялагічныя даныя пра гатоўнасць расійскіх грамадзян штомесяц аддаваць 1–2 тысячу рублёў на патрэбы арміі і павышэнне выплат байцам, якія ўдзельнічаюць у вайне ва Украіне.


Ініцыятыва выклікала палярнае стаўленне расійскага соцыуму. Пра сваю гатоўнасць плаціць 1-2 тыс. руб. штомесяц заявілі 44%, пры гэтым 51% не гатовы аддаваць нават і такія сродкі. Найменшая гатоўнасць выплачваць грошы на гэтыя патрэбы — у Маскве (31%) і гарадах з насельніцтвам вышэй за 500 тысяч чалавек (38%). Найбольшая гатоўнасць плаціць — у гарадах колькасцю да 100 тысяч жыхароў (52%) і сельскай мясцовасці (50%).

Гэтыя лічбы выразна паказваюць, хто з'яўляецца апорай улады ў шырокім сэнсе гэтага слова. У сельскай мясцовасці па ўсёй краіне пражывае каля 37 мільёнаў чалавек, а ў малых і сярэдніх гарадах (колькасць да 100 тысяч чалавек) — яшчэ каля 20 мільёнаў расіян. У гэтых лакацыях фіксуецца перавага структур прымусу: «Дзяржава кажа «трэба» — значыць, трэба». Гэта азначае, што людзі, якія жывуць там, гатовы да сітуацыі, калі дзяржава будзе патрабаваць ад іх больш, і лічаць гэта апраўданым. Ва ўмовах атамізацыі соцыуму казаць пра тое, што гэта — у чыстым выглядзе абшчыннасць, калектывізм, не варта, аднак прыярытэтную ролю дзяржавы ва ўсіх працэсах у гэтых лакацыях мала хто аспрэчвае.


Адсюль высновы:

  • 1. Ва ўмовах вайны ва Украіне, калі выплаты ад кантрактнікаў (у тым ліку і загінулых) пайшлі ў сельскую мясцовасць і на рэгіянальную перыферыю, яе жыхары атрымалі не толькі сродкі, але і адчулі сваю неабходнасць для дзяржавы. У эпоху вайны ва Украіне адбываецца вельмі спецыфічнае, але ўсё ж такі выраўноўванне некаторых дыспрапорцый цэнтралізаванай дзяржавы, калі ўсе грошы і рэсурсы сцякаюцца ў цэнтр.
  • 2. Вайна ва Украіне, або Спецыяльная аперацыя, як яе да гэтага часу называюць, як і ў ранейшыя кавідныя гады, узмацняе адрозненне (у тым ліку і ментальнае) паміж сталічнымі агламерацыямі і рэгіёнамі. У сталіцах больш за ўсё людзей з даходам, вышэйшым за сярэдні, аднак менавіта яны не гатовы нічога плаціць.

Гатоўнасць служыць у войску сярод гэтых сталічных сегментаў таксама ніжэйшая, чым у рэгіёнах. Пры гэтым, калі спытаць тых жа масквічоў, ці згодны яны, напрыклад, скідацца па 1-2 тысячы рублёў на пітомнікі для сабак і катоў, лічбы гатоўнасці могуць быць значна вышэйшыя.


  • 3. Масквічы, падобна, у сваёй масе проста спрабуюць жыць так, як быццам ніякай вайны няма. І выдаткоўваць нешта яны на гэтыя патрэбы «СВА» не гатовы.

У гэтым плане лагічна, што маскоўскія ўлады ствараюць умовы для ўключэння рэжыму магніту для жыхароў суседніх рэгіёнаў, якім больш выгадна запісвацца ў добраахвотнікі на вайну ў сталіцы.

  • 4. Патэнцыял замяшчальнага наёмніцтва ў Расіі пакуль невысокі.

Напрыклад, схема, калі той, хто не хоча служыць у войску, добраахвотна і афіцыйна аддае дзяржаве некалькі мільёнаў рублёў, на якія ўлада наймае добраахвотніка з рэгіянальнай перыферыі, падобна, мае абмежаваны патэнцыял дзеяння, які, на мой погляд, не перавышае некалькіх соцень тысяч чалавек па ўсёй краіне. Аднак, пакуль рана рабіць канчатковыя высновы на гэты конт. І, хутчэй за ўсё, улада на гэта не пойдзе.

  • 5. Тыя, хто думае па-этатасцку, і залежныя ад дзяржавы небагатыя грамадзяне ў рэгіёнах — гэта галоўная апора падтрымкі ўлады.

Іх патрэбы адносна сціплыя, а масавасць і лаяльнасць яны ствараюць. Таму патэнцыял прамых выплат беднаму насельніцтву ў рэгіёнах застаецца важным інструментам палітыкі ўлад.

У выпадку неабходнасці, яны задзейнічаюць яго больш актыўна, але пакуль пра гэта гаворкі не ідзе. І без гэтага лаяльнасць і гатоўнасць ахвяраваць сабой і сваімі рэсурсамі высокая.

  • 6. У расійскім грамадстве фарміруецца карціна, падобная на Індыю, у якой ёсць адукаваная і падобная на еўрапейцаў па ўзроўні і ладу жыцця меншасць, і ёсць усе астатнія, якія жывуць у архаіцы.

У Расіі канцэнтрацыя такога адукаванага і адносна забяспечанага насельніцтва адбываецца ў сталіцах і мегаполісах, а астатняя Расія жыве некалькі іншым жыццём. Улада дэманструе гатоўнасць захоўваць гэту канструкцыю.