436-ты дзень вайны: Асноўнае на гэты час

Найбольш жорсткія баі вядуцца за Бахмут і Мар'інку. ПВК «Вагнер» сыходзіць з Бахмута, над Кіевам Украіна збіла свой беспілотнік «Байрактар».

Ілюстрацыйнае фота. GeneralStaff.ua

Ілюстрацыйнае фота. GeneralStaff.ua

Вайна ва Украіне: асноўнае

У Данецкай вобласці за мінулыя суткі ў выніку расійскіх абстрэлаў загінулі два чалавекі (у Нью-Ёрку і Бахмуце), яшчэ пяцёра атрымалі раненні. У Херсонскай вобласці за суткі два чалавекі атрымалі раненні.

Уначы расіяне выпусцілі па Украіне два дроны «Shahed» з паўднёва-ўсходняга кірунку, абодва збіты над Днепрапятроўскай вобласцю, паведаміла камандаванне паветраных сіл УСУ.

Фота: GeneralStaff.ua

Фота: GeneralStaff.ua

Раніцай 5 траўня расіяне нанеслі ўдар па энергетычнай інфраструктуры Украіны

 У Данецкай вобласці больш за дзве гадзіны працягваўся абстрэл аб'екта генерацыі электраэнергіі. Аб'ём пашкоджанняў высвятляецца, электрастанцыя працуе, паведаміла Укрэнерга.

Таксама праз абстрэлы зноў узніклі пашкоджанні ў размеркавальных сетках у Данецкай і Херсонскай абласцях. У цэлым энергасістэма Украіны працуе збалансавана, дэфіцыту электраэнергіі няма. Працягваецца экспарт у Малдову, пераважна ў начныя гадзіны.

Над Кіевам збіты беспілотнік «Байрактар», які страціў кіраванне

У сталіцы Украіны абвяшчалася паветраная трывога.

Украінскае камандаванне паветраных сіл паведаміла, што ў Кіеўскай вобласці 4 траўня каля 20:00 падчас планавага палёту страціў кіраванне БПЛА «Bayraktar TB2», з-за чаго яго прыйшлося збіць. Верагодна, гаворка ідзе пра тэхнічную няспраўнасць, прычыны высвятляюцца.

«Паколькі некантралюемае знаходжанне БПЛА ў небе сталіцы магло прывесці да непажаданых наступстваў, было прынята рашэнне аб прымяненні разлікаў мабільных агнявых груп. Шкада, але гэта тэхніка, і такія выпадкі бываюць», — заявілі ў камандаванні.

Збіты над Кіевам «Bayraktar» быў адзіным дронам у паветранай прасторы 4 траўня, і менавіта праз яго абвяшчалі трывогу, паведаміў спікер паветраных сіл Юрый Ігнат. Ён таксама патлумачыў, чаму беспілотнік бачылі над Крашчацікам, а яго абломкі ўпалі ў Пячэрскім і Саломенскім раёнах: «Бачылі над адным раёнам — упаў у іншым. Калі цэль падае, яна пралятае яшчэ як мінімум некалькі кіламетраў».

Украінскі Генштаб агучыў арыенціровачныя страты РФ паводле стану на раніцу 5 траўня: асабовага складу — каля 193 210 (+620) чалавек.


345063994_225646646746564_1416847622908555425_n.jpg



РФ засяроджвае асноўныя намаганні на вядзенні наступальных дзеянняў на Ліманскім, Бахмуцкім і Мар'інскім напрамках. Там на працягу сутак украінскія падраздзяленні сіл абароны адбілі каля 60 нападаў. Найбольш жорсткія баі вядуцца за Бахмут і Мар'інку, паведаміў Генштаб у ранішняй зводцы.

Украінская «Армія дронаў»

У рамках праекта «Армія дронаў» ва Украіне ўжо падрыхтавана 10 тысяч аператараў беспілотнікаў.

Пра гэта распавёў кіраўнік украінскай Мінлічбы Міхаіл Фёдараў. Паводле яго слоў, усяго плануецца стварыць 60 рот ударных беспілотнікаў.

Фёдараў падкрэсліў, што праект «Армія дронаў» прадугледжвае комплекснае развіццё сферы БПЛА як з пункту гледжання вытворчасці, так і з пункту гледжання іх прымянення.

Міністр дадаў, што за год існавання ініцыятывы «United 24» гэта фандрэйзінгавая платформа сабрала 325 млн долараў ад донараў са 110 краін свету.

ПВК «Вагнер» сыходзіць з Бахмута?

Прыгожын заявіў, што 10 траўня ПВК «Вагнер» пакідае Бахмут праз «снарадны голад», каб «залізаць раны», і паведаміў, што аддае горад у рукі Мінабароны РФ.

Прыгожын апублікаваў відэа, у якім паказаў дзясяткі трупаў сваіх баевікоў і нецэнзурна выказаўся пра Шайгу з Герасімавым праз недахоп боепрыпасаў. Паводле яго слоў, недахоп боепрыпасаў складае 70%, і вінаваты ў гэтым Герасімаў і Шайгу, якія «сядзяць у кабінетах з чырвонага дрэва», пакуль «добраахвотнікі» Прыгожына паміраюць ва Украіне.

«Ёсць элементарныя падлікі: калі вы даяце норму боепрыпасаў — іх [загінулых «вагнераўцаў»] у пяць разоў менш», — сцвярджае Прыгожын.

Пры гэтым заўважна, што відэа выкладзена не зусім спантанна — да публікацыі хтосьці запікаў шматлікія нецэнзурныя словы.

* * *

Расійскія вайсковыя паблікі паведамляюць, што былы намеснік міністра абароны РФ Міхаіл Мізінцаў, які адказваў за матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне і быў звольнены 27 красавіка, стаў намеснікам камандзіра ПВК «Вагнер». Мізінцава празвалі «Марыупальскім мясніком», таму што менавіта ён аддаваў загады бамбіць горад, у тым ліку драмтэатр і радзільню.

Масква абвінаваціла ЗША ў атацы беспілотнікаў па тэрыторыі Крамля

Белы дом назваў гэтыя абвінавачанні «недарэчнымі».

Лаўроў заявіў, што Расія будзе «адказваць справай» на «атаку» дронаў, а не разважаць пра тое, ці было гэта падставай да вайны. Таксама ён сцвярджае, што Зяленскі з'яўляецца «марыянеткай», а Расія гатова да размовы з Захадам, «рана ці позна яна адбудзецца».

Таксама ўчора намеснік кіраўніка МЗС РФ Сяргей Рабкоў заявіў, што адносіны паміж Расіяй і ЗША «знаходзяцца на мяжы адкрытага ўзброенага канфлікту», але Масква нібыта «працуе» над тым, каб ён не здарыўся. З ягоных слоў, «Вашынгтон ужо даўно з'яўляецца наўпроставым бокам украінскага канфлікту і настроены на знішчэнне Расіі», а Расія, у сваю чаргу, гатова «выкарыстоўваць усе сродкі, каб нікому не было дазволена здзяйсняць замахі на бяспеку краіны і яе кіраўніцтва».

На Ільскім НПЗ у Краснадарскім краі РФ адбыўся другі за два дні пажар

Узгаранне на Ільскім НПЗ ліквідавана. Паводле папярэдніх звестак расійскіх СМІ, пацярпелых няма.

Паблікі паведамляюць пра ўдар беспілотніка. У расійскіх экстранных службах заявілі, што прычынай новага пажару на Ільскім НПЗ стала самазагаранне папярэдняга ачага пажару пасля атакі дрона. Тым часам тэлеграм-канал «Mash» сцвярджае, што ўдар здзейснілі дыверсанты, якіх ужо затрымалі.

Дыверсіі на чыгунках у РФ не спыняцца?

Брытанская выведка прагназуе, што Расія і ў далейшым не зможа абараніць уразлівыя чыгуначныя сеткі ад нападаў. Аналітыкі адзначаюць, што нядаўнія аварыі на расійскіх чыгунках у памежных з Украінай раёнах, якія тлумачацца дыверсіямі, выклікалі лакальныя збоі ў чыгуначных перавозках. І хоць такія збоі былі кароткатэрміновымі і непаладкі былі аператыўна ліквідаваны, інцыдэнты ўсё ж прывядуць да ўзмацнення ціску на ўнутраныя сілы бяспекі РФ.

Фота: GeneralStaff.ua

Фота: GeneralStaff.ua

Вайна і сусветная палітыка

Некалькі краін Еўрапейскага Саюза ў чацвер прапанавалі рэфармаваць падыход блока да прыняцця рашэнняў у галіне дыпламатыі і абароны: яны хочуць, каб рашэнні прымаліся не аднагалосна, як цяпер, а кваліфікаванай большасцю.

Амерыканская выведка лічыць, што ў Расіі няма сіл на «значнае наступленне» сёлета — незалежна ад таго, наколькі паспяховым будзе ўкраінскае контрнаступленне.

ЗША настроены на працяг вайсковай падтрымкі Украіны

Пры гэтым ЗША надаюць вялікую ўвагу сродкам супрацьпаветранай абароны, заявіў каардынатар Рады нацбяспекі Белага дома Джон Кірбі. Ён паўтарыў, што Вашынгтон прыклаў усе намаганні, каб забяспечыць Украіну сродкамі для контрнаступлення, і даў Кіеву «амаль усё», што той прасіў.

«Мы зрабілі ўсё магчымае. Але гэта не значыць, што мы спынімся, гэта не значыць, што мы ўсё завяршылі», — падкрэсліў Кірбі. Таксама ён паведаміў, што Байдэн і Зяленскі «размаўляюць рэгулярна і часта».

Пазіцыя Кітая з нагоды ўварвання Расіі ва Украіну не змянілася, нягледзячы на падтрымку рэзалюцыі ААН, дзе РФ названа агрэсарам

Пра гэта гаворыцца ў паведамленні прадстаўніцтва Кітая ў ААН: «Пазіцыя Кітая ў пытанні Украіны не змянілася, і пазіцыя ў галасаванні не мае нічога агульнага з тэлефоннай размовай паміж кіраўнікамі дзвюх дзяржаў».

У прадстаўніцтве Кітая ў ААН таксама дадалі, што «галасавалі за ўвесь тэкст рэзалюцыі», і гэта не можа лічыцца адабрэннем таго абзаца, дзе Расію называюць агрэсарам.