Некаторыя заходнія аналітыкі лічаць, што гэта Украіна магла запусціць дроны на Крэмль

Выбух беспілотніка над Крамлём, як і выбухі на «Паўночных патоках», спарадзіў мноства тэорый аб тым, хто вінаваты і каму выгадна, а адказ пакуль не апрылюднены.

ee4aece4e96d4112e4672924f9e45589.jpg

У «Financial Times» выйшаў артыкул (доступ платны) з аналізам палёту двух дронаў да Крамля: выданне апытвае цэлы шэраг заходніх аналітыкаў пра тое, хто мог запусціць дроны 3 траўня. Даволі многія з іх сумняваюцца, што гэта расійская інсцэніроўка, і дапускаюць, што Украіна была здольна гэта зрабіць, прычым неабавязкова са сваёй тэрыторыі, піша ВВС.

Версія пра інсцэніроўку выцякае з таго, што Расіі была патрэбна падстава для эскалацыі. Але эксперты паказваюць, што з пункту гледжання Крамля ў такой аперацыі былі і істотныя мінусы: яна б прадэманстравала няздольнасць расійскіх спецслужбаў абараніць краіну, насуперак усяму, што Пуцін кажа цягам 23 гадоў.

«У мяне ёсць сумневы з нагоды аперацыі пад чужым сцягам, паколькі палітычная шкода для Пуціна велізарная», — сказаў газеце «заходні» дыпламат на ўмовах ананімнасці.

Яшчэ адзін заходні чыноўнік параўнаў тое, што здарылася, з выбухамі на «Паўночных патоках», якія выклікалі мноства тэорый аб тым, хто вінаваты і каму выгадна.

«Уся гэта вайна поўная чужых сцягоў. Кожны дзень уздоўж усёй лініі фронту і на расійскай тэрыторыі адбываюцца падзеі, пра якія мы не ведаем, хто што зрабіў і навошта», — заўважыў суразмоўца «FT».

Украіна, якая адмаўляе атаку, як мінімум тэарэтычна валодала сродкамі для яе.

«Украіна паказала, што яна можа ўзяць з паліцы камерцыйны прадукт, маштабаваць яго і затым творча выкарыстоўваць са смяротнай мэтай. І папярэднія атакі Украіны з дапамогай беспілотных апаратаў паказалі, як цяжка абараняцца ад такіх удараў», — заўважае ананімны заходні вайсковец.

Не выключана, што апарат запусцілі не з украінскай тэрыторыі, а з больш блізкай адлегласці, гэта значыць, з тэрыторыі Расіі. У чацвер дырэктар амерыканскай вайсковай выведкі генерал Скот Бэрыер сказаў, што паводле першых прыкмет аператар дронаў меў зрокавы кантакт з імі.


Майкл Кофман, дырэктар па расійскіх даследаваннях у цэнтры ваенна-марскога аналізу ў Арлінгтане (штат Вірджынія) мяркуе, што Украіна да аперацыі, хутчэй за ўсё, як мінімум ускосна датычная, і мэта была ў тым, каб прадэманстраваць уразлівасць Расіі. Нявер'е ў гэта афіцыйнага Вашынгтона яго не бянтэжыць.

«Ва Украіны ёсць цэлы спектр партнёраў, якія падтрымліваюць яе ў вайне... Адны будуць вітаць атакі такога тыпу, іншыя палічаць іх неразумнымі. З мінулага досведу амерыканская адміністрацыя не заўсёды пазітыўна глядзіць на ўдары па расійскай тэрыторыі», — цытуе Кофмана «FT».





ISW: пасля «ўдару дронаў па Крамлі» будзе зручна адмяніць парады на 9 траўня — гэта дапаможа схаваць маштабы страт тэхнікі

Вашынгтонскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) адзначае, што расійскія ўлады ўжо скасавалі парады з нагоды Дня Перамогі 9 траўня ў 21 горадзе Расіі і анексаванага Крыма альбо наогул без тлумачэння прычын, альбо з нейкіх «меркаванняў бяспекі». «Атака беспілотнікаў на Крэмль» 3 траўня можа стаць падставай для таго, каб скасаваць іх і ў іншых гарадах, піша ISW у сваім штодзённым бюлетэні.

Адметна, што пра гэта ж гаварылася і ва ўчорашняй зводцы Інстытута вывучэння вайны, аднак сёння ISW дадае, што для Крамля прапагандысцкая выгада можа быць падвойнай: не толькі паказаць, што звыклае жыццё ва ўмовах вайны працягвацца не можа, але і «схаваць дэградацыю расійскага войска». На парадах, як правіла, дэманструецца новая баявая тэхніка, аднак гэта тэхніка альбо патрэбна на фронце, альбо знішчана за 14 месяцаў баёў.

У Крамля можа быць і трэцяя асцярога: цырымоніі памяці загінулых вайскоўцаў могуць прыцягнуць увагу да велізарных страт. Па гэтай прычыне ўжо адмянілі шэсці «Несмяротнага палка».