Увага: Беларусь увяла кантроль на мяжы з Расіяй

На ўездзе ў Беларусь з боку Расіі ўвялі часовы памежны кантроль, паведамляе «Л*стэрка». У тых, хто ўязджае ў краіну, правяраюць пашпарты. Інфармацыю пацвердзілі ў Дзяржпагранкамітэце.

Выезд з Беларусі ў Расію па трасе М1, раніца 5 мая. Фота відавочцы

Выезд з Беларусі ў Расію па трасе М1, раніца 5 мая. Фота відавочцы

У пятніцу, 5 траўня, сталі паступаць паведамленні, што на мяжы з РФ з беларускага боку ўсталёўваюць нешта накшталт кантрольных пунктаў.
«На выездзе з РБ праз Добруш усталёўваюць нейкія КПП у выглядзе церамкоў. Працуюць памежнікі», — заўважыў «Флагшток».
Падобнае адбываецца і на трасе М1 ля мяжы: паводле інфармацыі чытача «Л*стэрка», там каля страхавых кіёскаў увечары ў чацвер пачалі работы і ўжо паставілі памежны пункт: пара вагончыкаў для памежнікаў, чатыры шлагбаўмы, загараджальная стужка з шыпамі.
У Дзяржпагранкамітэце інфармацыю пацвердзілі.
— У нас на мяжы з Расіяй цяпер будзе кантроль? Кажуць, на выездзе праз Добруш пагранпункт паставілі, — спыталі ў дзяжурнай Гомельскай пагрангрупы журналісты.
— На выездзе няма, гэта на ўезд. Згодна з заканадаўствам аб органах памежнай службы, на ўездзе ў Рэспубліку Беларусь цяпер будзе весціся праверка дакументаў, — адказала дзяўчына.
— То-бок гэта памежнікі будуць працаваць?
— Так. У вас жа ёсць сапраўдны пашпарт? Тады ўсё ў парадку будзе.
У Дзяржпагранкамітэце таксама адзначылі, што гэта часовая мера, і пацвердзілі, што чэргі на мяжы ўжо ёсць.
На гарачай лініі Дзяржпагранкамітэта пацвердзілі, што такі кантроль будзе на ўсіх асноўных уездах з Расіі.
— Так, праводзяцца цяпер пэўныя мерапрыемствы. Гэта ў рамках выканання ратыфікацыйнага пагаднення аб узаемным прызнанні віз з Расіяй. На шасці асноўных напрамках працуе гэты кантроль. Гэта толькі на ўезд.
Па словах прадстаўніка ДПК, гэта павінна быць часова, але калі скончыцца кантроль, невядома. «Да асаблівага распараджэння», — сказаў ён.
У тэлеграм-каналах паведамляюць, што на мяжы ўжо сапраўды з'явіліся чэргі. Паводле інфармацыі канала «Чуткі Віцебска», КПП з'явіўся і на трасе паміж Лёзна і Рудняй, да яго выстраілася чарга на некалькі кіламетраў да вёскі Круглаўка. Асабліва старанна правяраюць расійцаў.
«М*толькопомоги» адзначае, што ў чатах перасячэння мяжы паведамляюць таксама аб вялікай чарзе на трасе М1: кантроль, па словах карыстальнікаў, вядзецца ўжо каля трох гадзін, «усіх выганяюць з машын, абшукваюць, запісваюць дакументы».
«Н*ша Ніва» звяртае ўвагу, што ўвядзенне пашпартнага кантролю на ўезд з Расіі адбылося пасля нарады Аляксандра Лукашэнкі з сілавікамі 2 мая пасля дыверсіі на чыгунцы ў Бранскай вобласці Расіі.
«Выглядае, што ўлады асцерагаюцца, што Расія ўжо не кантралюе сваіх граніц з Украінай, пра што сведчаць свабодны ўваход дыверсійных груп у расійскія вёскі, а таксама падрывы чыгункі. Мінск хоча перастрахавацца, каб праз некантраляваную мяжу з Расіяй зброя і дыверсанты не траплялі ў нашу краіну. Лагічны крок у такім разе — увесці ўласны фільтр на граніцы», — адзначае выданне.