Якія «дыверсанты» пагражаюць Беларусі?
Улады Беларусі заяўляюць пра трывожную сітуацыі на мяжы і палохаюць «дыверсантамі». Ці адчуваюць гэта жыхары памежжа і што кажуць пасля крушэння беларускага цягніка ў Бранскай вобласці?
2 траўня Аляксандр Лукашэнка сабраў кіраўнікоў сілавых структур на нараду. Гаворка ішла аб мерах па ахове дзяржаўнай мяжы. На думку Лукашэнкі, абстаноўка застаецца складанай: NATO, маўляў, нарошчвае свой вайсковы патэнцыял, а на самой мяжы — раз-пораз правакацыі. «Было даручана падрыхтаваць сур'ёзныя мерапрыемствы на мяжы з мэтай недапушчэння на тэрыторыю Беларусі рознага роду дыверсантаў», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Мяжу ўмацоўваюць, каб не дапусціць «дэстабілізацыі»?
Нарада праходзіла ў закрытым фармаце, без прысутнасці дзяржаўных беларускіх СМІ. Афіцыйную версію актуальнай абстаноўкі на мяжы было даручана агучыць кіраўнікам спецслужбаў і пагранічнага ведамства.
Старшыня КДБ Іван Церцель чакае «значнай эскалацыі абстаноўкі па перыметры Беларусі» і тлумачыць, што звязана гэта не толькі «з тэмай баявых дзеянняў на паўднёвым кірунку» (маючы на ўвазе вайну ва Украіне), але і спробамі дэстабілізаваць сітуацыю ўнутры Беларусі, якія нібыта не спыняюцца.
Церцель намякнуў, што ў бліжэйшы час будзе прыняты шэраг мер, звязаных з узмацненнем жорсткасці контрвыведніцкага рэжыму. Ён таксама паскардзіўся, што «не ўсе нашы грамадзяне ўсведамляюць тую небяспеку, якая складваецца вакол іх і іх сем'яў».
У сваю чаргу старшыня Беларускага Дзяржпагранкамітэта Анатоль Лапо паведаміў аб стварэнні манеўраных груп не толькі на ўкраінскім напрамку, але і на межах з ЕС. «Мяжа — гэта жывы арганізм, і абстаноўка ў зімовы перыяд і летні зусім іншая, — адзначыў кіраўнік пагранічнага ведамства. — Калі зімой ёсць участкі цяжкапраходныя, то вясной-летам яны агаляюцца».
Хоць Анатоль Лапо назваў абстаноўку на мяжы «прагназуемай і кантраляванай», рубяжы вырашылі ўмацоўваць. Цяпер дадатковыя сілы памежнікаў і тэхніка павінны з'явіцца каля Ліды (побач з Літвой) і на Берасцейскім кірунку, бліжэй да Польшчы і Украіны.
У войску — зноў праверкі. Цяпер з удзелам «народнага апалчэння»
Характэрна, што неўзабаве пасля нарады ў Аляксандра Лукашэнкі было абвешчана аб маючай адбыцца на працягу мая чарговай праверцы боегатоўнасці беларускай арміі. З паведамлення Міністэрства абароны РБ вынікае, што ў першую чаргу правяраць будуць воінскія часці і падраздзяленні, якія дыслакуюцца ў Мінскай, Гродзенскай і Брэсцкай абласцях (два апошнія рэгіёны мяжуюць з краінамі ЕС).
Не абыдзецца і без новага прызыву ваеннаабавязаных: у абаронным ведамстве, праўда, абяцаюць, што іх агульная колькасць не перавысіць 1000 чалавек. Між тым зусім нядаўна ў Беларусі раптам ужо заклікалі некалькі тысяч чалавек з ліку мабілізаваных і наладзілі для іх вучэнні на Вайсковых палігонах.
Аднак, мабыць, самая інтрыгуючая навіна заключаецца ў тым, што ў праверцы боегатоўнасці ўпершыню маюць намер задзейнічаць атрады «народнага апалчэння». Паведамляецца, што іх будуць рыхтаваць да выканання задач «у інтарэсах падтрымання ваеннага становішча».
Мінулай зімой на пасяджэнні Савета Бяспекі міністр абароны Віктар Хрэнін заявіў, што па разліках вайскоўцаў, колькасць «народнага апалчэння» ў Беларусі можа скласці 100–150 тысяч чалавек. Гаворка ідзе пра добраахвотнікаў: у ваенны час яны не падлягаюць мабілізацыі, але могуць прыцягвацца для аховы тэрыторыі па месцы жыхарства — у вёсках і невялікіх гарадах.
Жыхары памежжа асцерагаюцца «дыверсій» з вайсковых палігонаў
Як падзяліліся з “Нямецкай хваляй” жыхары адной з вёсак у Брэсцкай вобласці на мяжы з Украінай, размовы пра «народнае апалчэнне» вяліся, але пакуль ніякіх дэталяў не паведамляюць.
«Прыязджалі з сельсавета, і ўчастковы міліцыянт распавядаў, што калі раптам абвесцяць ваеннае становішча, то адбяруць самых надзейных і выдадуць зброю, — распавёў вясковец Міхаіл. — Народ па-рознаму рэагаваў, але ў нас цяпер у вёсцы амаль усе — пенсіянеры. Людзей, якія са зброяй умеюць абыходзіцца і паляўнічымі былі, добра калі дзясятак набярэцца».
Уладальнікі дачных участкаў каля Брэста, якія прымыкаюць да мяжы з Польшчай, таксама не адчуваюць напружанасці, а заявы ўладаў пра «дыверсантаў» успрымаюць з іроніяй: «У нас побач вайсковы палігон, дзе рэгулярна ідуць вучэнні: вось за іх і перажываем, каб якая-небудзь «дыверсія» не заляцела ў наш агарод».
Калі ж казаць сур'ёзна, дачнікі прызнаюцца, што нагнятанне істэрыі вакол сітуацыі на мяжы іх трывожыць: «У здаровым розуме ніхто і не падумае, што на Беларусь рыхтуецца напад. Але калі пра гэта ўвесь час і дакучліва гавораць з экранаў тэлевізара, то настрой самі разумееце які».
Падрыў чыгуначных шляхоў на беларуска-расійскай мяжы
Жыхар Мазыра Сцяпан (імя змененае) мае дачыненне да Беларускай чыгункі і звяртае ўвагу на тое, што заявы ўладаў аб напружанай абстаноўцы з'явіліся ўслед за падрывамі цягнікоў у Бранскай вобласці Расіі, якая мяжуе як з Беларуссю, так і з Украінай: «Калі высветлілася, што сышоў з рэек менавіта беларускі склад, то стала не па сабе: адразу адчуваеш, што вайна не дзесьці там, а зусім побач».
Пасля крушэння грузавога цягніка каля Бранска прадстаўнікі «Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі» распаўсюдзілі інфармацыю, што на ахову чыгуначнай інфраструктуры ў краіне накіраваныя дадатковыя рэсурсы. Ускосна гэта паведамленне пацвердзіў і суразмоўца журналістаў: «Калегаў, якія будуць сачыць за станам чыгуначных шляхоў, выклікаюць на інструктаж і настойліва просяць быць пільнымі, — кажа Сцяпан. — Машыністы, якія ў апошнія дні вадзілі склады ў Расію, таксама распавядаюць, што каля магістралі з'явіліся людзі ў вайсковай форме».
Паводле яго слоў, працаваць у такіх умовах няпроста, але ў машыністаў няма выбару: адмова ад рэйсаў у Расіі фактычна азначае звальненне з сістэмы БЧ.
«Пасля гэтых падрываў мне здаецца, што калі і ёсць напружанасць на мяжы і праца «дыверсантаў», то гэта тычыцца менавіта расійскага кірунку, а не Польшчы ці Украіны», — адзначае Сцяпан.