Карбалевіч: У Лукашэнкі прадчуванне, што саюзнік «напярэдадні грандыёзнага шухеру»
Для афіцыйнага Мінску свабодная мяжа з Расіяй — гэта своеасаблівая «святая карова», адзін з найважнейшых сімвалаў беларуска-расійскай інтэграцыі. Але 5 траўня на ўсіх асноўных дарогах на ўездзе ў Беларусь з Расіі беларускі бок увёў часовы памежны кантроль.
У тых, хто ўязджае ў краіну, правяраюць пашпарты, аглядаюць транспарт. У некаторых месцах з’явіліся чэргі на некалькі кіламетраў. Асабліва пільна правяраюць расійцаў. Што гэта азначае, задаецца пытаннем палітолаг Валерый Карбалевіч у сваім блогу на Радыё Св*бода.
Уласна, гэтая інтэграцыя і пачалася з таго моманту, калі ў 1995 годзе малады прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка разам з тагачасным прэм’ерам РФ Віктарам Чарнамырдзіным пад тэлекамэры выкапалі памежны слуп на мяжы дзьвюх краін. Потым расейскі бок шмат разоў аднаўляў кантроль на мяжы, ратуючыся ад кантрабанды тавараў зь Беларусі. І заўсёды гэта выклікала скандал. Лукашэнка вельмі ганарыўся ліквідацыяй мяжы і заўсёды моцна абураўся, калі Масква ўводзіла нейкі кантроль.
Але ўсё мяняецца.
Расея, галоўны саюзьнік Беларусі, — напярэдадні ўсімі чаканага ўкраінскага контранаступу, апошнімі днямі яна пацярпела цэлы шэраг сурʼёзных палітычных паразаў.
Найперш, былі дыпляматычныя паразы. 26 красавіка Генэральная Асамблея ААН прыняла рэзалюцыю аб супрацоўніцтве з Радай Эўропы, якая ўтрымлівае жорсткія фармулёўкі ў адносінах да Расеі ў сувязі зь яе ўварваньнем ва Ўкраіну. За рэзалюцыю прагаласавалі ў тым ліку тыя краіны, якія раней устрымліваліся пры галасаваньні за падобныя дакумэнты. Гэта такія «цяжкавагавікі», як Кітай, Індыя і Бразылія, а таксама члены АДКБ Казахстан і Армэнія. Супраць дакумэнту прагаласавалі толькі пяць краін. Апроч Расеі, гэта Беларусь, Паўночная Карэя, Нікарагуа і Сырыя.
Яшчэ цікавае паведамленьне. Кіраўнікі МЗС Армэніі і Азэрбайджану правялі перамовы ў ЗША, абмяркоўвалі мірную дамову. Абмяркоўвалі не ў Маскве, а ў Вашынгтоне, што вельмі сымбалічна.
АБСЭ і Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы асудзілі гвалтоўнае перамяшчэньне ўкраінскіх дзяцей і цывільных асобаў у Расейскую Фэдэрацыю і на часова акупаваныя тэрыторыі. Дэпартацыя дзяцей расцэньваецца як ваеннае злачынства. У дакумэнтах згадваецца і Беларусь.
Міжнародная ізаляцыя Расеі, а разам зь ёй і Беларусі, павялічваецца.
У апошнія дні пачасьціліся паведамленьні пра дывэрсіі на тэрыторыі Расеі. Выбухі адбываюцца на чыгунцы, нафтабазах. Пацярпеў беларускі састаў.
І як кульмінацыя — бесьпілётнікі, якія атакавалі Крэмль. Выказваюцца розныя вэрсіі гэтай падзеі. Некаторыя мяркуюць, што гэта зь нейкіх прычын арганізавала само кіраўніцтва РФ. Аднак хто б гэта ні быў, напад на Крэмль — моцны ўдар па прэстыжы Расеі, яе кіраўніцтве і асабіста па Пуціну, вялікая ганьба. Менавіта так гэта ўспрыняла грамадзкасьць як у Расеі, так і за яе межамі.
Мяркую, у Лукашэнкі зьявілася прадчуваньне, што бліжэйшы саюзьнік «напярэдадні грандыёзнага шухеру». У што той шухер можа выліцца, ніхто ня ведае. Можна ўзгадаць, як пасьля абвяшчэньня мабілізацыі ў Расеі летась на тэрыторыі Беларусі апынулася вялізная колькасьць расейцаў, якія ўцякалі ад прызыву ў войска. Цяпер ахвотных ратавацца можа зьявіцца нашмат больш.
Увогуле, здаецца, можна чакаць эскаляцыі вайны. Пасьля атакі на Крымскі мост Расея пачала абстрэл украінскай цывільнай інфраструктуры (электрастанцыі і інш.). І цяпер РФ можа адказаць ударамі ракет па жылых кварталах гарадоў Украіны.
Варта зьвярнуць увагу, што ні Лукашэнка, ні іншыя беларускія афіцыйныя асобы ніяк не камэнтуюць напад на Крэмль. І прапагандысцкая машына неяк сьціпла прарэагавала на гэтую падзею: няма той гістэрыкі, якая разгарнулася на расейскай тэлевізіі.
Таму зьяўленьне памежнага кантролю — гэта пэўнага кшталту рэпэтыцыя.