«Вышэйшы цынізм»: Беларусь адказала на абвінавачанне ПАРЕ ў дэпартацыі ўкраінцаў

Прэзідыум Савета Рэспублікі апублікаваў заяву, дзе гаворыцца, што «Рэспубліка Беларусь — міралюбная дэмакратычная сацыяльная прававая дзяржава», дзе шануюцца правы чалавека. І кіраўніцтва рэспублікі зрабіла ўсё, каб украінскія дзеці ў нашай краіне маглі «адчуць шчаслівае і бесклапотнае дзяцінства».

spasibo_stalinu_za_detstvo.jpg

У адказ на рэзалюцыю ПАРЕ аб дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей і дарослых, у якой саўдзельнікам злачынстваў названая Беларусь, Прэзідыум Савета Рэспублікі апублікаваў заяву, піша Th*nktanks.

Беларускі бок абураны рэзалюцыяй Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы пад назвай «Дэпартацыя і гвалтоўныя перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей і іншых грамадзянскіх асоб у Расійскую Федэрацыю або на часова акупаваныя ўкраінскія тэрыторыі: стварэнне ўмоў для іх бяспечнага вяртання, спыненне гэтых злачынстваў і пакаранне вінаватых» і згадваннем у гэтым дакуменце Рэспублікі Беларусь, гаворыцца ў заяве.

«Вышэйшым цынізмам з'яўляецца скажэнне Парламенцкай асамблеяй Рады Еўропы гуманітарнай місіі па выратаванні цывільнага насельніцтва, уключаючы дзяцей і жанчын», — заявіў Савет Рэспублікі.

У заяве беларускі бок у сваю чаргу абвінавачвае Украіну ў выкананні «ўстановак сваіх заходніх куратараў — весці вайну ва Украіне да «апошняга ўкраінца».

Прэзідыум падкрэслівае, што «Рэспубліка Беларусь — міралюбная дэмакратычная сацыяльная прававая дзяржава, для якой чалавек, яго правы і свабоды з'яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай. Наша краіна добрасумленна выконвае міжнародныя дамовы ў галіне правоў чалавека, уключаючы Канвенцыю аб правах дзіцяці».

У заяве падкрэсліваецца, што Беларусь клапоціцца пра ўкраінцаў, якія прыбылі сюды. Украінскія дзеці «рэгулярна праходзяць рэабілітацыю ў аздараўленчых лагерах Беларусі, дзякуючы чаму могуць адчуць шчаслівае і бесклапотнае дзяцінства».

Прэзідыум Савета Рэспублікі таксама асудзіў спробы ўмяшання ПАРЕ ва ўнутраныя справы Беларусі, заклікаў да дыялогу і супрацоўніцтва і адзначыў станоўчыя нацыянальныя рысы беларускага народа.

На мінулым тыдні паведамлялася, што ПАРЕ прыняла рэзалюцыю, якая тычыцца прымусовай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей і дарослых у Расію. У ёй адзначаецца, што згодна з нормамі міжнароднага права, прымусовая дэпартацыя — гэта прыкмета генацыду, таму ўсе выпадкі павінны расследавацца, а ўсе датычныя панесці адказнасць. Сярод датычных у дакуменце названы Аляксандр Лукашэнка.