«Белая Русь» вырашыла далучыцца да ваенных злачынстваў Расіі?

З заяваў старшыні партыі «Белая Русь» Алега Раманава вынікае, што яго партыя і «Рассупрацоўніцтва» плануюць «узаемныя абмены і прыём у Беларусі» дзяцей, вывезеных з акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны.

dzeci_ukraina_1.jpg

Зыходзячы з ягоных слоў, сумесныя праекты з расійскім агенцтвам будуць накіраваныя на «дапамогу дзецям, якія пацярпелі на тэрыторыях» так званых «Данецкай і Луганскай народных рэспублік», піша «Позірк».

«Думаю, гэта добры, цікавы кірунак нашага супрацоўніцтва. Гэта з улікам таго, што ў склад РФ увайшло некалькі новых рэгіёнаў, сітуацыя там, прама скажам, яшчэ далёкая не толькі ад спакою, але і ад нармальнага жыцця», — цытуе Раманава прарасійскі Sputnik.

Кіраўнік прадстаўніцтва «Рассупрацоўніцтва» ў Беларусі Юрый Макушын заявіў, што ў гэтым кірунку ўжо рэалізуюцца «нейкія ініцыятывы з удзелам беларускіх партнёраў, у тым ліку і прафсаюзаў».

Варта згадаць, што яшчэ 17 сакавіка Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на арышт Уладзіміра Пуціна і ўпаўнаважанай пры прэзідэнце РФ у правах дзіцяці Марыі Львовай-Бяловай у сувязі з падазрэннем у незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей на тэрыторыю Расіі.

Беларускія дэмсілы дамагаюцца выдачы аналагічнага ордэра ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі  праз тое, што Беларусь прымае ў сябе дзяцей з акупаваных Расіяй украінскіх тэрыторый.

Нагадаем, сёння, 5 траўня, як пісаў «НЧ», Беларусь адказала на абвінавачанне ПАРЕ ў дэпартацыі ўкраінцаў, што кіраўніцтва рэспублікі зрабіла ўсё, каб украінскія дзеці ў нашай краіне маглі «адчуць шчаслівае і бесклапотнае дзяцінства».

Прэзідыум Савета Рэспублікі Беларусі апублікаваў заяву, дзе гаворыцца, што «Рэспубліка Беларусь — міралюбная дэмакратычная сацыяльная прававая дзяржава», дзе шануюцца правы чалавека.

Беларускі бок заявіў, што абураны рэзалюцыяй Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы пад назвай «Дэпартацыя і гвалтоўныя перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей і іншых грамадзянскіх асоб у Расійскую Федэрацыю або на часова акупаваныя ўкраінскія тэрыторыі: стварэнне ўмоў для іх бяспечнага вяртання, спыненне гэтых злачынстваў і пакаранне вінаватых» і згадваннем у гэтым дакуменце Рэспублікі Беларусь, гаворыцца ў заяве.

«Вышэйшым цынізмам з'яўляецца скажэнне Парламенцкай асамблеяй Рады Еўропы гуманітарнай місіі па выратаванні цывільнага насельніцтва, уключаючы дзяцей і жанчын», — заявіў Савет Рэспублікі.