Як жывецца сіротам у прытулках пры манастырах?

Старшыня Савета Рэспублікі прапанавала па расійскім прыкладзе арганізаваць пры кляштарах прытулкі для дзяцей, чые бацькі пазбаўленыя бацькоўскіх правоў. «Салідарнасць» тлумачыць, чаму гэтая ініцыятыва носіць скандальны характар.

Ілюстрацыйнае фота. Царква ў Мінску

Ілюстрацыйнае фота. Царква ў Мінску


5 траўня Наталля Качанава правяла нараду з кіраўніцтвам дзяржаўных органаў і Беларускай Праваслаўнай Царквы. І вось што прапанавала:

— Падчас майго візіту ў Маскву мы дамовіліся са старшынёй Савета Федэрацыі Валянцінай Іванаўнай Мацвіенка, што наведаем Пакроўскі манастыр. Матухна Феафанія нам паказала прытулак для дзяцей, чые бацькі пазбаўленыя бацькоўскіх правоў. У Расіі дазволена пры кляштарах ствараць прытулкі. У прыватнасці, у Пакроўскім манастыры ўжо досыць вялікі досвед працы з дзецьмі. Далейшая сацыялізацыя выхаванцаў прытулку паказвае паспяховыя вынікі.

Пакроўскі манастыр у цэнтры Масквы Качанава наведвала ў лістападзе 2022 года — у суправаджэнні Мацвіенкі і матухны Феафаніі. Апошняя, як пісалі СМІ, за некалькі гадоў да гэтага купіла аўтамабіль Mercedes-Benz S-класа амаль за $140 тысяч. Але гэта дробязі, важна іншае.

У 2020 годзе дырэктар расійскага дабрачыннага фонду «Дом з маяком» Лідзія Моніява апублікавала рэзанансны пост, у якім распавядалася пра парадкі ў дзіцячым прытулку пры Пакроўскім манастыры – са слоў яе калегі па хоспісе, якой давялося жыць у прытулку. Прывядзём некалькі ўрыўкаў адтуль.

«У адным пакоі жылі 4 дзяўчынкі. Калі правілы зрабілі больш жорсткімі, у адзін пакой пасялілі 10 дзяўчынак».

«На сустрэчы са сваякамі быў ліміт — адзін раз на два тыдні. Сустракацца можна было на тэрыторыі манастыра. Спачатку адзін на адзін, а калі правілы зрабілі больш жорсткім – толькі ў прысутнасці манашкі. Дзве маленькія дзяўчынкі вельмі плакалі, калі мама прыязджала, тады маме забаранілі прыязджаць. Супраць бацькоў усіх настройвалі»

«Ігуменню жудасна баяліся. Яна да нас рэдка прыходзіла, памятаю толькі, што яна ўвесь час толькі сварылася».

«Пакаранне. Пакуль мы былі школе, манашкі штодня праводзілі ператрус у нас у пакоі. Правяралі пад падушкай, пад матрацам, шафу. Калі ў шафе быў бардак — усе рэчы выкідвалі на падлогу. У мяне часта быў бардак у шафе.

Каралі за крадзеж, калі былі няветлівыя, калі дрэнна прыбярэшся. Калі паміж сняданкам, абедам, вячэрай цябе заўважаць з ежай. Калі не слухаешся, калі малітвы не чытаеш. Нас не білі, пакаранне было ў колькасці зямных паклонаў або дадатковым паслушэнстве».

«Раніцай мы хадзілі ў школу, а ўвечары ў нас былі паслушэнства. У трапезнай для манашак накрыць на стол, мыць посуд, рэзаць салаты. Уборка калідораў, уборка ў храме, сачыць за свечкамі ў храме. За намі хадзілі і правяралі, калі мы прыбралі дрэнна, трэба было ўсё перарабляць. Улетку нас вазілі на падворкак, там былі палі з бульбай, мы павінны былі іх праполваць – з раніцы і да абеду кожны дзень».

«Мясам не кармілі ніколі. Панядзелак, серада і пятніца — посныя дні».

«У манастыры быў пакой, дзе захоўвалася ўсё для святаў — віно, наліўкі, прыгожы посуд. Пакой не зачыняўся. Мы кралі там віно. Пілі некалькі разоў на тыдзень, часта мы былі п'яныя, не маглі ўстаць, паводзілі сябе неадэкватна. Адзін раз нам усім было вельмі хранова ад віна, нас ванітавала. Манашкі сказалі, што мы ўсе атруціліся ежай».

«Нам казалі, што вы адвучыцеся і куды захочаце паступіце. Але практычна было не так. Дзяўчынка хацела паступіць у медыцынскі інстытут, а яе хацелі зрабіць манашкай, яе выгналі з-за гэтага з манастыра. Быў выпадак, што дзяўчынцы не дазволілі давучыцца ў інстытуце і зрабілі яе спачатку паслушніцай, потым манашкай».

Што яшчэ важна адзначыць: такое стаўленне да дзяцей у расійскіх манастырах — зусім не навіна. Больш за тое, некаторым даводзіцца нашмат горш.

У 2010 годзе разгарэўся скандал вакол Свята-Багалюбскага жаночага манастыра ва Уладзімірскай вобласці. Непаўналетнія выхаванкі, якія ўцяклі з прытулку, распавялі, як матухны-выхавальніцы за найменшую правіннасць жорстка сцябалі іх рамянём, саджалі ў карцар (па-царкоўнаму — у затвор), марылі голадам, пазбаўлялі сну, прымушалі біць шматлікія зямныя паклоны.

У 2020 годзе ў СМІ ўспылала інфармацыя, што ў Сярэднеўральскім жаночым манастыры пад Екацярынбургам дзяцей каралі не толькі дрэннымі ацэнкамі або гутаркамі, але і фізічна. У канцы таго ж года там затрымалі скандальна вядомага схіігумена Сергія (Раманава): яго адлучылі ад царквы і пазбавілі сану.

Некалькі гадоў таму ў Расіі выйшла кніга Марыі Кікоць «Споведзь былой паслушніцы». Сярод іншага яна напісала, што паколькі дзіцячы прытулак падпарадкоўваецца манастырскаму статуту, то акрамя абавязковых урокаў дзеці пастаянна працуюць, у іх няма часу для адпачынку.

«Колькі заўгодна можна нахвальваць прытулкі пры манастырах, але па сутнасці, гэта ўсё тыя ж дзіцячыя дамы, як казармы або турмы з маленькімі зняволенымі, якія не бачаць нічога, акрамя чатырох сцен... здаровую псіхіку ў такіх умовах захаваць немагчыма», — напісала Марыя Кікоць.

Але, як бачым, падобная інфармацыя зусім не бянтэжыць Наталлю Качанаву, якая вырашыла ўзяць прыклад з вельмі спрэчнай практыкі ў Расіі.