Папулярызатар навукі склаў партрэт рэпрэсаванага навукоўца. Некаторыя вынікі здзівілі
Сяргей Бесараб, былы супрацоўнік Нацыянальнай акадэміі навук, спецыялізаваўся на даследаваннях у хімічнай галіне. Цяпер ён прааналізаваў звесткі пра 100 рэпрэсаваных навукоўцаў, чые імёны і род дзейнасці згадваліся ў медыйнай прасторы. Некаторыя з вынікаў здзівілі.
Якіх навукоўцаў пераследавалі часцей?
Раней навуковец склаў партрэт беларускага «экстрэміста». Цяпер жа звярнуў увагу на навукоўцаў сярод рэпрэсаваных.
Ён выявіў, што найбольш пацярпелі ад рэпрэсій філолагі і гісторыкі, а таксама фізікі, матэматыкі і біёлагі.
Да гуманітарыяў аўтар даследавання далучае мастацтвазнаўцаў, філосафаў і сацыёлагаў. У яго аналізе па 4% навукоўцаў гэтай спецыялізацыі сутыкнуліся з пераследам.
Сяргей Бесараб феномен пратэснай актыўнасці гуманітарыяў тлумачыць тым, што гісторыкі і філолагі, у адрозненне ад навукоўцаў тэхнічных спецыялізацый, больш інтэграваныя менавіта ў актыўнае беларускае грамадства і прагнуць перамен. Ад змены сітуацыі ў краіне залежыць іх навуковая запатрабаванасць. Таму яны і аказаліся ў авангардзе пратэстаў і найбольш зазналі рэпрэсіі.
«Гісторыкі, філолагі патрэбныя найбольш Беларусі, бо займаюцца тэмамі, звязанымі з Беларуссю, — даводзіць навуковец. — Ім няма на каго разлічваць, акрамя сябе і сваёй дзяржавы. Расія, напрыклад, фінансуе праекты, у якіх удзельнічаюць беларускія хімікі і фізікі, але я не чуў, каб расіяне давалі грошы на пашырэнне і падтрымку беларускасці».
Сяргей Бесараб кажа, што ў БДУ шмат дактароў юрыдычных навук выступіла сцяной, каб абараніць ад звальнення калег.
«Фізікі» — не «лірыкі»?
Агулам навукоўцаў тэхнічнага профілю, такіх, як хімія, матэматыка, машынабудаванне, ад рэпрэсій пацярпела нямала. Разам выйшла 13 працэнтаў.
Сяргей Бесараб адзначае, што прадстаўнікам гэтай рэпрэсаванай групы навукоўцаў, каб захаваць нацыянальную самаідэнтычнасць і наважыцца выйсці на пратэст, трэба мець высокі ўзровень самадысцыпліны, увесь час памятаць пра сувязь з родным краем.
«На навукоўцаў тэхнічных спецыялізацый уплывае глабалізацыя. Чым большы ўзровень тэхналагічнасці даследаванняў, тым больш ім трэба ўзаемадзейнічаць з адмыслоўцамі розных краін. Самі таго не хочучы, яны становяцца грамадзянамі свету. Нацыянальная ідэнтычнасць адыходзіць на другі план. Калі сабе не рабіць заўваг, не берагчы сваю беларускасць, то рызыкуеш размыцца па свеце», — тлумачыць Бесараб.
З тым жа сутыкаюцца хімікі. Яны арыентуюцца на супрацу з Расіяй, бо беларуская Акадэмія навук звыкла супрацоўнічае з расійскімі навукова-даследчымі інстытутамі.
У авангардзе пратэсту навукоўцы, якіх «нібы няма»
Сяргей Бесараб звяртае ўвагу на вялікую рэпрэсаваную групу навукоўцаў, народжаных у 1970-х гадах. Са ста — іх траціна.
Ён лічыць, што гэта парадаксальна, бо навукоўцаў такога ўзросту ў беларускай навуцы вобмаль, а яны аказаліся ў авангардзе пратэстаў.
У прааналізаваных выпадках рэпрэсаваных пераважаюць кандыдаты навук — 58%. Багата, аднак, і дактароў навук — 11%.
Гэта акалічнасць разбурае прапагандысцкія наратывы, што пратэст стаў вынікам уплыву «лялькаводаў», заўважае Сяргей Бесараб.
Нагоды для звальнення навукоўцаў — затрыманні і няўгодныя каментары
Рэпрэсіі супраць навукоўцаў расцягнутыя ў часе.
«Я не змог разабрацца, да чаго яны прывязваюцца. Пад пераслед навуковая супольнасць ад 2020 года трапляе перыядычна. Бываюць кропкавыя затрыманні і аблавы. Асуджаныя да 3 гадоў «хатняй хіміі» 71-гадовы акадэмік, доктар біялагічных навук Алег Давыдзенка і яго жонка, а таксама мовазнаўца Сяргей Гаранін трапілі за краты пасля аблавы», — нагадвае Сяргей Бесараб.
Затрыманні становяцца нагодай для звальнення. Яшчэ адна нагода для яго — нібыта парушэнне этычнага кодэксу навукоўца. У кодэкс упісалі норму, якая забараняе даваць каментары недзяржаўным медыя — норма, якую немагчыма сабе ўявіць у любой іншай еўрапейскай краіне.
«У 2020 годзе, калі я бараніў Сцяпана Латыпава, якога вінавацілі ў тым, што ён рыхтаваў хімічную зброю, я зрабіў заяву, што прэтэнзіі да яго не маюць падстаў. Пасля яе ў маім інстытуце зʼявіўся загад пра забарону каментароў. Іх трэба было ўзгадняць з дырэктарам, які вырашаў, ці даваць дазвол. Цяпер такая сітуацыя легалізаваная афіцыйна на ўсю Акадэмію», — адзначае Бесараб.
Беларускіх навукоўцаў баранілі іх замежныя калегі. Адлічаным студэнтам прапаноўвалі праграмы для далейшай вучобы ў замежных ВНУ. Навукоўцам падказвалі, як атрымаць грантавую падтрымку, каб працягнуць навуковую дзейнасць за мяжой.
«Калі пачалі звальняць навукоўцаў, то быў складзены ліст супраць рэпрэсій. З 850 падпісантаў — 200 былі замежнікі. Больш за ўсіх было ўкраінцаў, шмат расіян. Былі навукоўцы з Францыі, Ізраіля, Польшчы, Фінляндыі, Эстоніі, Літвы, ЗША і нават Бразіліі», — згадвае Сяргей Бесараб.
«Чым можна кампенсаваць разбураны свет навукоўцаў»
Сяргей Бесараб кажа, што ў 2010 годзе, паводле Белстата, у Беларусі займаліся навукай 32 тысячы чалавек, а ў 2021 годзе іх было 25 тысяч.
На яго погляд, для цяперашняй Беларусі знікненне 7 тысяч навукоўцаў ўяўляецца невялікай стратай. Але ў доўгатэрміновай перспектыве гэта можа аказацца сур’ёзнай праблемай, бо навукоўцы займаюцца распрацоўкай тэхналогій, якія «зʼяўляюцца нафтай XXI стагоддзя».
Сяргей Бесараб спрабуе вызначыць, якую кампенсацыю дзяржава павінна сплаціць рэпрэсаваным навукоўцам, каб яны працягнулі сваю навуковую дзейнасць у Беларусі. Значная іх частка пасля вызвалення пакідае краіну.
«Яны зʼязджаюць нават не з прычыны бяспекі. Тое, што рэжым зрабіў з імі, яны ўспрымаюць як здраду», — тлумачыць Бесараб.
«Навукоўцы — людзі спецыфічныя, у нечым боскія людзі. Яны жывуць у сваім ідэалістычным свеце. Здрада краіны разбурае гэты свет, жыццё, якое навуковец выбудоўваў ад ВНУ і аспірантуры, — падсумоўвае ён. — Не ведаю, чым можна залагодзіць, кампенсаваць разбураны свет. Не магу сабе ўявіць, якой мусіць быць у навукоўца ўнутраная ўпартасць, вера ў іншую будучыню Беларусі, каб застацца і працягнуць працу».
Паводле Н*ша Н*ва