Як выключыць «роўнасць для абраных» і зрабіць беларускае грамадства больш інклюзіўным?

Арганізацыя «ІншыЯ» разам з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і палітыкамі абмеркавалі магчымую стратэгію развіцця інклюзіўнасці ў будучыні беларускага грамадства. Якой павінна быць новая Канстытуцыя і якія выклікі стаяць сёння перад грамадзянскай супольнасцю, удзельнікі дыскусіі разглядалі на форуме «All Inclusive 2.0. Стратэгіі працы ў сучасных умовах».

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»


Перашкоды, якія замінаюць інклюзіі

― Калі мы гаворым пра перашкоды, якія замінаюць інклюзіі, то часта маем на ўвазе знешнія, ― гаворыць Дзмітрый Радзіеўскі, сузаснавальнік арганізацыі «ІншыЯ». ― Безумоўна, беларуская грамадзянская супольнасць знаходзіцца ў стане крызісу. І канца крызісу ў дадзены момант не бачна ― наадварот ён нарастае, пастаянна з’яўляюцца ўсё новыя і новыя перашкоды. 

Але асабіста мне хацелася б агучыць і існуючыя ўнутраныя перашкоды. Бо з вонкавымі перашкодамі мы гатовыя разам змагацца, а вось унутраныя бар’еры большасцю недзяржаўных арганізацый ігнаруюцца. Вядома, падчас крызісу хочацца працаваць з сітуацыямі, якія мы можам вырашыць тут і цяпер ― дапамагчы, падтрымаць, выратаваць. Але пры гэтым мы забываемся пра стратэгічныя пытанні, пра тое, як важна выкарыстоўваць у сваёй дзейнасці інклюзіўныя падыходы. Так, мала рэсурсу, мы закопваемся ў тым самым «тут і цяпер», хочам вырашыць праблемы аўдыторыі, з якой працуем, аднак часта не думаем пра тое, як уключыць свае мэтавыя групы ў стратэгічны працэс, змяніць падыходы ўнутры арганізацыі, каб гэта ў будучыні працавала для нас жа. Патрэбны першыя штуршкі, каб узняць пытанні на паверхню. Прапаноўваю сустракацца і вырашаць, як мы можам дапамагаць адзін аднаму, распрацоўваць механізмы, стратэгію, якія дапамагаюць прасоўваць інклюзію.

― Я ў сваіх разважаннях іду ад агульнага да прыватнага, ― выказалася Вольга Гарбунова, прадстаўніца па сацыяльных пытаннях Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі. ― Падтрымліваю ідэю пачаць з сябе. Але, кажучы гэта, я цяпер думаю пра тых, хто знаходзіцца ўнутры Беларусі. Мне здаецца, што вялікая праблема ўсіх гэтых гадоў звязаная з тым, што дэкларавалася шмат усяго добрага, правільнага ― «за светлую будучыню», «сацыяльна арыентаваная дзяржава» і да таго падобнае ― але на практыцы да гэтага было вельмі далёка. Мы ведаем, што на ўзроўні галоўнага закону краіны замацавана роўнасць, але, апускаючыся крыху ніжэй, на ўзровень «практычных» дакументаў, становіцца відавочна, што ніякай роўнасці няма.


Я добра памятаю, як працавалі ў Беларусі загады і дэкрэты па спонсарскай ці замежнай бязвыплатнай дапамозе. Быццам бы ў Канстытуцыі ўсе роўныя, а ў дакументах ніжэй раптам аказваецца, што нехта раўнейшы. Напрыклад, ты можаш лёгка атрымаць спонсарскую дапамогу, калі дапамагаеш пажылым людзям, якія жывуць адзінока. А вось калі ты працуеш з жанчынамі, якія пацярпелі ад хатняга гвалту, то такую дапамогу атрымаць складаней. Ці ты можаш падаць у Дэпартамент па гуманітарнай дзейнасці праект для жанчын, якія пацярпелі ад хатняга гвалту, але наўрад ці ты атрымаеш вызваленне ад падаткаў, калі прынясеш праект, дзе напісана, што ты дапамагаеш ЛГБТК+ асобам ці яшчэ нейкім групам, якія не з’яўляюцца прыярытэтнымі для дзяржавы. І доўгі час арганізацыі спрабавалі гуляць па гэтых правілах, прыдумляючы новыя хітрыкі, каб толькі не быць выключанымі з павесткі.

Яшчэ адзін важны момант: законы і акты маглі пісаць толькі людзі, звязаныя з палітыкай, якія маюць нейкую экспертызу, якія праводзяць сур’ёзныя даследаванні. У людзей з розных сацыяльных груп не было доступу да такога фармату ўдзелу, у тым ліку на палітычным узроўні. І ўсё гэта паўплывала на тое, што мы атрымалі такую рэальнасць, дзе групы людзей і суполак адчувалі сябе выключанымі, і, адпаведна, не мелі магчымасці абараняць свае правы ў краіне.

Калі казаць пра тое, што адбываецца цяпер, то здаецца, што крыху няўдалы момант для інклюзіі, таму што моцная палітычная павестка, вельмі шмат адбываецца гуманітарных катастроф і ўнутры краіны, звязаных з рэпрэсіямі, і звонку, звязаных з вайной ва Украіне. І прабіцца праз гэта і казаць, што нас хвалююць сацыяльныя пытанні, пытанні дапамогі, цяжка. Ёсць знакамітая фраза «Вось наступіць перамога, і пачнем тады вырашаць усе астатнія пытанні». Але жыццё ідзе цяпер, і людзі, якім патрэбна дапамога, чакаюць яе цяпер. На мой погляд, гэта памылковая пераарыентацыя ўсіх дэмакратычных сіл, у тым ліку і СМІ. Напрыклад, нават калі прапануеш зрабіць тэкст пра палітвязня, то можаш сутыкнуцца з такой думкай: прагляды падаюць, лайкі не ставяцца, публіцы надакучыла чытаць адны і тыя ж навіны пра адны і тыя ж катаванні. І атрымліваецца, што, нават у такіх актуальных і прыярытэтных тэмах складана дабіцца супрацоўніцтва ў асвятленні.

Практыкі выключэння: досвед пасля 2020-га

― Хачу падзяліцца сваім болем, ― прызналася Алена Агарэлышава, якая займаецца гендарнымі адукацыйнымі публічнымі мерапрыемствамі, праводзіць гендарныя даследаванні, уваходзіць у склад «Фем-групы» Кардынацыйнай Рады. ― Я заўважаю за сабою думкі пра тое, што, калі мы кажам «мы хочам быць інклюзіўнымі тут і цяпер», то разумею: я таксама з вамі, але ў мяне з 2020 года вельмі вялікі ўнутраны канфлікт. Напрыклад, ідзе пошук супрацоўнікаў ці супрацоўніц, якія будуць працаваць на развіццё грамадзянскай супольнасці ― і прыпіска: «…якія не знаходзяцца ў Беларусі». А гэта ўсё зусім не пра інклюзію.

Я больш за 10 гадоў займаюся арганізацыяй мерапрыемстваў для НДА. І адной з маіх галоўных мэтаў заўсёды быў пошук новых пляцовак, новых мэтавых груп, каб пашырыць аўдыторыю. Але цяпер з’явіліся новыя практыкі выключэння. Напрыклад, калі я выбіраю ўдзельніц на курс па гендары (курс, які закранае сярод іншага і палітычныя працэсы) і раптам бачу ў лісце, што ўдзельніца даведалася пра курс з праўладнай арганізацыі, у якой яна ўдзельнічае, то не бяру яе з прычын бяспекі. Я стараюся рабіць усё, каб быць больш інклюзіўнай і ўключаць розныя мэтавыя групы, але пры гэтым я ўсведамляю, што ў нейкіх месцах я раблю максімальна неінклюзіўны выбар. Гэта неабходнае зло, але гэта зло, з якім я жыву.

Мой асобны боль ― актывісткі з маленькіх беларускіх гарадоў, якія кажуць: «У 2020 годзе мы зразумелі, што і як рабіць, а потым усіх людзей, з якімі мы пачыналі, ці пасадзілі, ці яны з’ехалі». Як зараз узаемадзейнічаць з актывісткамі, якія знаходзяцца ўнутры краіны? Бо ў іх яшчэ недастаткова досведу, недастаткова сацыяльнага капіталу для таго, каб дзейнічаць упэўнена. Як іх знаходзіць? Як разумець, што яны добрыя і на нашым баку, а не кепскія і з рэжымам?


― Для мяне тэма новых практык выключэння не закрытая ўжо шмат месяцаў, ― пагадзілася Марына Штрахава, сузаснавальніца арганізацыі «ІншыЯ». ― Быў воркшоп у Грузіі, на якім я сказала, што не ведаю, як быць з пытаннем бяспекі і выключэння людзей з гэтай прычыны. Рабіць адкрыты анонс мерапрыемства, каб прывабіць як мага больш розных удзельнікаў і ўдзельніц? Але як тады забяспечыць бяспеку спікераў і спікерак і ўсіх удзельнікаў і ўдзельніц?

Пакуль абмяркоўваеш пытанне тэарэтычна, то так, вядома, інклюзія ― гэта адна з нашых найбольш важных каштоўнасцей. Але на практыцы ўсё нашмат складаней, калі ты адчуваеш на сабе ўвесь цяжар адказнасці за ўсіх. І кожны раз, прымаючы рашэнне, я разумею, што мне за яго ад каго-небудзь дакладна «прыляціць». Даводзіцца выбіраць меншае зло.

Новыя ўразлівыя групы і стратэгія працы з імі

― Неабходна ўжо зараз распрацоўваць інклюзіўную стратэгію на будучыню. Мы павінны быць гатовыя да таго моманту, калі пераможа Украіна, калі байцы вернуцца дадому, калі палітычныя мігранты і мігранткі змогуць вярнуцца дадому, ― падняла новае пытанне Вольга Гарбунова. ― Хоць, вядома, складана нават зразумець маштабы праблемы. У 2020 годзе мы нават не ўяўлялі, колькі будзе палітзняволеных у краіне ў 2023 годзе. Усё часцей, гаворачы пра інклюзію, мы адзначаем, што з’явіліся новыя ўразлівыя групы. Гэта людзі, якія прайшлі катаванні, людзі, якія сталі сведкамі гвалту на вуліцы, палітзняволеныя і іх сем’і… Мы бачым, што і тыя, хто ў Беларусі, і тыя, хто з’ехаў з краіны, у вельмі цяжкім ментальным стане. Мы ўсё нарошчваем і нарошчваем новыя ўразлівыя групы, стратэгію працы з якімі неабходна распрацоўваць.

Дыялог з іншым бокам

― Калі мы гаворым пра інклюзію, то звычайна маем на ўвазе людзей з інваліднасцю, ЛГБТК+ супольнасць… Але асабіста для мяне інклюзія ― гэта яшчэ і пра камунікацыю і дыялог, ― сказала Дар’я Рублеўская, праваабаронца з ПЦ «В*сна». ― Ці гатовыя мы дапусціць думку, што нам давядзецца весці камунікацыю з прыхільнікамі рэжыму Лукашэнкі? Што спатрэбіцца сядаць за стол перамоваў, дзе з аднаго боку будуць былыя палітзняволеныя, а з іншага ― людзі, якія, хутчэй за ўсё, стаялі за жудаснымі загадамі? Гэтыя думкі не даюць мне спакою. Усе мы памятаем, якую неадназначную рэакцыю выклікаў заклік да дыялогуАлеся Бяляцкага. Я разумею, што толькі ён як лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру мог увогуле ўзняць такую тэму.


Безумоўна, неабходна распрацоўваць стратэгію дзеянняў на будучыню. Улічваючы тое, што адбываецца цяпер ― гэта яшчэ не самае страшнае. Трэба рыхтавацца да таго, што сітуацыя стане яшчэ больш складанай.

Агучу выснову і прапаноўваю наступнае: давайце перастанем пасыпаць галаву попелам з-за таго, што мы нешта яшчэ не паспелі зрабіць, а на нешта ў нас пакуль чыста фізічна не хапае рэсурсаў. Заклікаю памятаць, што мы насамрэч малайцы. Зроблена ўжо нямала, а будзе зроблена яшчэ больш. 

Цалкам артыкул чытайце тут.