Вольга Гарбунова: Асноўны прынцып — «нічога для нас без нас»

Пра дапамогу палітвязням і іх блізкім, магчымасць перамоў з рэжымам, куды звяртацца ў выпадку хатняга гвалту цяпер — у вялікай размове з прадстаўніцай Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі па сацыяльных пытаннях Вольгай Гарбуновай.

volha_harbunova_novy_czas1_logo_1.jpg

Вольга Гарбунова — адна з самых вядомых прадстаўніц цяпер ужо разгромленай рэжымам грамадзянскай супольнасці Беларусі. 20 гадоў яна займалася правамі жанчын і праблемай хатняга гвалту, была кіраўніцай ліквідаванай арганізацыі «Радзіслава» і дапамагала ў працы прытулку для пацярпелых ад хатняга гвалту. У лістападзе 2021-га Вольгу затрымалі па падазрэнні ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак». За кратамі Воля правяла больш за паўгода, а 6 траўня 2022 года ёй прысудзілі 3 гады «хатняй хіміі». У жніўні яна пакінула краіну.
26 снежня 2022 года стала вядома, што Вольга Гарбунова назначана прадстаўніцай па сацыяльных пытаннях Аб'яднанага пераходнага кабінета.


Асноўны прыярытэт працы Вольгі Гарбуновай — палітвязні. Тут шмат кірункаў: ад рэгулярнай падтрымкі сем'яў палітвязняў, выбудоўвання схем сістэматычнай дапамогі, пошуку рэсурсаў для ўмацавання працы НДА і фондаў, якія на дадзены момант аказваюць дапамогу, да стварэння Міжнароднага фонду, дзе плануецца акумуляваць сродкі на падтрымку і рэабілітацыю.

volha_harbunova_2.jpeg


Вызваленне і рэабілітацыя палітвязняў у будучыні

«Дастаткова сур'ёзная грамадская дыскусія вядзецца ўжо не першы месяц, і, зразумела, вызваленне палітвязняў — гэта галоўны прыярытэт усіх прадстаўніц і прадстаўнікоў дэмакратычных сіл. Наша задача — шукаць адказы на пытанні, як можна ў існуючай сітуацыі, калі рэпрэсіі толькі ўзмацняюцца і перамоўны рэсурс у дэмакратычных сіл не такі ўжо моцны,пачаць перамовы па вызваленні палітвязняў і пры гэтым быць чулымі да магчымых сігналаў з боку прадстаўнікоў рэжыму. Для рашэння гэтай задачы плануецца стварэнне спецыяльнай перамоўнай групы, якая зойме праактыўную пазіцыю, будзе шукаць кантакты, магчымасці, умовы для таго, каб такія перамовы адбыліся», — кажа Вольга Гарбунова.
Сацыяльныя пытанні — гэта не толькі палітвязні, але іх блізкія, а таксама ўвесь спектр сацыяльных праблем беларусаў і беларусак унутры краіны і за мяжой (праца, жыллё, сацыяльна-псіхалагічная і медыцынская дапамога).
«У гэтым кірунку мы таксама распрацоўваем асобны інструмент; працуем над стварэннем інфармацыйнай пляцоўкі «Адно акно» (як «адно акно» на сайце Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ў Беларусі), куды праз розныя каналы камунікацыі зможа звярнуцца любая беларуска, любы беларус са сваёй сацыяльнай праблемай і атрымаць актуальную інфармацыю, куды можна ісці па дапамогу далей».
Прадстаўніцтва вельмі турбуе пытанне заканадаўства, кажа Вольга Гарбунова. На дадзены момант прадстаўніцтва актыўна ўключана ў работу групы, якая распрацоўвае канцэпцыю закона аб рэабілітацыі.
«Гэта асноўны дакумент, якога ўсе доўга чакаюць, таму што там будзе прапісана ўсё, што звязана з вызваленнем палітвязняў, з рэабілітацыяй іх у далейшым, з аднаўленнем іх добрага светлага імя, эканамічныя кампенсацыі, сацыяльна-медыцынская рэабілітацыя, аднаўленне ўсіх правоў, у тым ліку маёмасных, юрыдычных. Гэта ўсёабдымная работа над канцэпцыяй, якая дасць нам адказы, як наогул жыццё рэпрэсаваных, пацярпелых беларусак і беларусаў будзе складвацца, як мы ўсе зможам ім дапамагаць».
Сацыяльных праблем, якія складана вырашыць, у Беларусі вельмі шмат, упэўнена экспертка.
«Нягледзячы на дэкларацыі, што Беларусь — сацыяльна-арыентаваная дзяржава, мы выдатна разумеем, што ў вялікай ступені гэта ілюзія. Таму нас цікавіць пастаноўка актуальнага парадку дня, пошук інфармацыі аб тым, што цяпер адбываецца ў краіне, і своечасовая распрацоўка ідэй, канцэпцый рэформаў, якія нам трэба будзе правесці ў новай Беларусі, каб мы сталі сапраўды сацыяльна-арыентаванай краінай і мелі нейкія прадуманыя рашэнні тых праблем, якія цяпер ёсць».
Задача прадстаўніцтва не ў тым, каб падмяніць сабой працу нейкіх сацыяльных арганізацый, фондаў, якія дапамагаюць людзям у вырашэнні сацыяльных пытанняў, а ў тым, каб быць сэрвісам прамой дапамогі людзям па шырокім спектры сацыяльных пытанняў.

Пра перамовы з прадстаўнікамі рэжыму

Колькі будзе доўжыцца палітычны крызіс і ўсе астатнія падзеі, якія гэта ўсё пацягнула, — вялікае пытанне. Значная частка людзей і цяпер знаходзяцца ў зняволенні — гэта не тая сітуацыя, калі ёсць час, каб чакаць, каб нарошчваць яшчэ нейкія перамоўныя рэсурсы, кажа Вольга.  
«Нам вядомыя проста дзясяткі, сотні кейсаў, калі ў зняволенні знаходзяцца людзі з інваліднасцю, пенсіянеры, непаўналетнія. Нядаўна мы з вамі чыталі, што ў зняволенні ў СІЗА на Валадарцы знаходзіцца жанчына, якая корміць немаўля. І як яна і немаўля зараз перажываюць расстанне — гэта вялікае пытанне, якое цягне за сабой вельмі шмат медыцынскіх наступстваў. Мы ведаем пра кейс, калі пасля збіцця ў ШІЗА ў чалавека няправільна зраслася ключыца і цяпер костка ўпіраецца ў горла. І мы памятаем апошняе слова Алеся Бяляцкага, нобелеўскага лаўрэата прэміі міру, пра тое, што як бы нам усім цяжка не было прызнаваць гэтую думку, але нам трэба рыхтавацца да дыялогу. Так, з прадстаўнікамі рэжыму».

                   
Але на дадзены момант складана сказаць, як такія перамовы можна тэхнічна ажыццявіць, улічваючы, што ні дэмакратычныя сілы, ні рэжым не прызнаюць легітымнасці адно аднаго, кажа экспертка. Хутчэй за ўсё, гаворка ідзе пра ўдзел трэціх краін, якія могуць стаць пасрэднікамі, перагаворшчыкамі ў гэтым працэсе.
«Мы працуем над выбудоўваннем камунікацыі з дыяспарамі, народнымі пасольствамі, прадстаўніцтвамі, якія ёсць у некаторых краінах, камунікуем з рознымі фондамі, НДА, што аднавілі сваю працу, зарэгістраваліся ў іншых краінах. Камунікацыя ў абодва бакі абавязкова плануецца, але, напэўна, пакуль рана казаць аб адкрыцці нейкіх афіцыйных структур у іншых краінах».

Ці ёсць дзейсны механізм, каб вызваліць палітвязняў?

«Так, таму што ў нас ёсць прыклады перамоў. Выйшла Наталля Хершэ. Выйшаў Алег Груздзіловіч. Выйшаў Шкляраў. Выйшлі некаторыя супрацоўнікі tut.by, Прэс-клуба. Усе гэтыя кейсы — вельмі розныя, гэта ўсё адбывалася на розных этапах следства альбо ўжо пасля суда. Але мы бачым, што так ці інакш нейкія перамовы праз трэціх асоб вяліся і заканчваліся паспяхова».
Але ці ёсць механізм, каб вызваліць усіх палітвязняў, пакуль адказу няма, кажа Вольга.

«Мяне вельмі натхніла гісторыя, якая здарылася на мінулым тыдні. У Instagram з'явілася навіна, што ў Нікарагуа былі вызвалены 222 палітвязні, уключаючы 7 кандыдатаў у прэзідэнты, якія таксама былі затрыманы пасля выбараў у 2021 годзе. У іх адбыліся прыкладна такія ж падзеі, як у Беларусі ў 2020-м, толькі ў 2021-м, на жаль, значна большая колькасць людзей загінула тады на вуліцах у выніку мірных пратэстаў. І гэтыя людзі выйшлі. Я не ведаю, ці ўсе гэта палітвязні Нікарагуа або 222 — гэта кшталту з 5 тысяч, але такія гісторыі натхняюць».
Экспертка ўпэўнена, што дзейсны механізм ёсць, і прадстаўніцтва цяпер атрымлівае кансультацыі ад міжнародных партнёраў, у якіх ёсць досвед правядзення перамоў, у тым ліку з беларускім рэжымам.

Рэальная лічба палітвязняў невядомая

«Сваякі асцерагаюцца. Ведаю нават, што мінскія адвакаты рэкамендуюць не паведамляць праваабаронцам. У «В*сны» ўсё часцей з лета, калі вы не заўважылі, выходзяць пасты, звязаныя з тым, што яны гатовы ананімна, не публікуючы, збіраць гэтую інфармацыю, і асабіста я заўсёды заклікаю гэтым скарыстацца: нават калі ў вас вельмі вялікі страх, неабходна паведамляць нам пра гэтыя кейсы, хоць бы ананімна, каб у нас было ўяўленне».

На дадзены момант ёсць некалькі падыходаў, па якіх лічыцца колькасць палітвязняў.«Напрыклад, Праваабарончы цэнтр «В*сна» і Кааліцыя праваабаронцаў на дадзены момант нам кажуць лічбу 1448, d*ssidentby.com, p*litzek.me і іншыя — 1713 палітвязняў. Пры гэтым мы бачым «экстрэмісцкі» спіс МУС — там 2400 з чымсьці прозвішчаў, адвакаты, якія працавалі да апошняга ў Беларусі па палітвязнях, кажуць, што гэта каля 5000 чалавек. Таму каго вызваляць — на дадзены момант няма поўнага спісу. Як я ўжо сказала, тут не столькі недапрацоўка праваабаронцаў і іншых людзей, якія збіраюць і дакументуюць гэтыя кейсы, але і праблема вялізнага страху і недаверу з боку блізкіх палітвязняў».


Ёсць розныя варыянты, як можна гэтую сітуацыю вырашаць, кажа экспертка. Напрыклад, у канцэпцыі закона аб рэабілітацыі абмяркоўваецца такое рашэнне, як прывязвацца не да слова «палітвязень», а да крымінальных артыкулаў.
«Напрыклад, відавочна ж, што ўсе «342-я» павінны выйсці, усе «130-я» павінны выйсці, нават калі там выпадкова хтосьці адзін, які быў асуджаны не за палітычны, грамадзянскі ўдзел, а па нейкіх іншых падставах, але гэты артыкул менш цяжкі па беларускім законе, то няхай ужо выходзяць усе, там будзем разбірацца. Складаней, напэўна, будзе з тымі артыкуламі, дзе ёсць сукупнасць. Мы бачым, якая велізарная колькасць людзям з артыкуламі за тэрарызм ці з эканамічнымі артыкуламі, бо там мешаніна — па 11-12 артыкулаў Крымінальнага кодэкса на аднаго чалавека».
З аднаго боку, такіх людзей будзе прасцей ідэнтыфікаваць, таму што відавочна, што гэта палітвязні, але з іншага боку, пералік гэтых магчымых крымінальных спраў велізарны, падкрэслівае Вольга. З юрыстамі праводзіцца маштабная праца па выяўленні крымінальных артыкулаў, людзі па якіх павінны выйсці ў першую чаргу.

Псіхалагічная дапамога

На сённяшні дзень вельмі шмат беларусак і беларусаў знаходзяцца ў цяжкім псіхалагічным стане, кажа Вольга.
«Мне здаецца, за гэтыя ўжо амаль тры гады ад усіх гэтых падзей у нас вельмі пацярпела ментальнае здароўе. Усё часцей арганізацыі, якія аказваюць псіхалагічную дапамогу рэпрэсаваным і палітвязням, кажуць, што паслугі псіхолага і псіхатэрапеўта цяпер на першым месцы па запатрабаванасці. Калі адкрываюцца дадатковыя месцы, яны разлятаюцца ў лічаныя гадзіны, і рэсурсаў недастаткова, каб пакрыць тыя запыты, якія ёсць з боку грамадства. На жаль, нам трэба было прайсці праз гэты цяжкі досвед, каб наогул усвядоміць, наколькі псіхалагічная дапамога бывае патрэбнай, важнай, эфектыўнай».

Як захоўваць рэсурс, каб дапамагаць адно аднаму?

«Часта можна сустрэць у інтэрнэце такія словы, што «я выгарэў/выгарэла, я больш не чытаю навіны, я больш не магу, я хачу проста выжыць і жыць хоць як, але без гэтага ўсяго». Мне здаецца, самая вялікая наша памылка — калі мы пачынаем у гэты момант асуджаць людзей. Нават калі ў нас няма магчымасці дапамагаць (у нас няма грошай, каб падзяліцца чымсьці з іншым чалавекам, маральнага ўстойлівага псіхалагічнага стану, каб словам падтрымаць), трэба хаця б не асуджаць. На жаль, гэта вельмі часта сустракаецца: канфліктнасць, абясцэньванне, асуджэнне адно аднаго. Напэўна, гэта самае цяжкае з таго, што мне давялося ўбачыць, калі я пералезла сюды і апынулася ў Літве».


Вольга кажа, што яе хвалюе гісторыя канфлікту паміж тымі, хто з'ехаў, і тымі, хто застаўся.
«Вельмі хвалюе канфлікт паміж тымі, хто выступае за перамовы, спрабуе любымі спосабамі выцягнуць сваіх блізкіх, сваякоў, сяброў, і тымі, хто супраць, хто лічыць, што рэжым трэба даціснуць, ён павінен спачатку абрынуцца. Мне здаецца, нават калі ў нас не засталося сіл, галоўнае — не марнаваць іх на канфлікты і асуджэнне адно аднаго».

Акцыя салідарнасці з палітвязнямі ў Батумі (Грузія). Снежань, 2021

Акцыя салідарнасці з палітвязнямі ў Батумі (Грузія). Снежань, 2021

Якія віды дапамогі палітвязні і іх сем'і могуць атрымаць і дзе?

«Ініцыятыў вельмі шмат, пачынаючы ад беларускіх фондаў, якія арганізуюць збор грошай на аказанне падтрымкі і дапамогі — такія фонды, як «B*SOL», «Стр*на для жизни», d*ssidentby.com, p*litzek.me. На самай справе, пакуль я збірала такую інфармацыю, я знайшла іх 17. Некаторыя ўзялі адказнасць за прафесійныя нішы: Беларуская асацыяцыя журналістаў дапамагае журналістам, PEN — творчым людзям, медыкі — медыкам, Фонд сп*ртыўнай салідарнасці — спартсменам і спартсменкам. Такіх фондаў дастаткова, я думаю, што трэба абавязкова шукаць пра іх інфармацыю, і на нашай пляцоўцы «Аднаго акна» якраз мы і плануем, што яна будзе ўся сабрана».
Таксама Вольга Гарбунова адзначае, што ёсць шэраг ініцыятыў, якія дапамагаюць рэпрэсаваным беларусам і былым палітвязням знайсці часовае жыллё, атрымаць разавую фінансавую дапамогу. Ёсць праекты, якія дапамагаюць прайсці медыцынскае абследаванне і, магчыма, нават лячэнне, кажа экспертка.
«Мы вядзём перамовы з рознымі краінамі, якія прапануюць рэабілітацыю за мяжой. Няхай гэта цяпер не сістэмна, няхай гэта не гарантавана кожнаму былому палітвязню, але мы працуем над тым, каб у нас быў пералік краін і мы разумелі, што адна краіна гатовая 10 месцаў даць, другая — 5, груба кажучы, проста сабраць гэтую ўсю інфармацыю. Ёсць праекты, якія дапамагаюць дзецям палітвязняў. Ёсць і тыя, якія могуць дапамагчы з перанавучаннем і пошукам працы на новым месцы. Ёсць ментарскія праграмы, якія дапамагаюць адаптавацца, сацыялізавацца, легалізавацца ў тых краінах, дзе апынаюцца былыя палітвязні».
На жаль, дапамога несістэмная і спрацоўвае не заўсёды, кажа Вольга.
«Але гэта не значыць, што фонды і наша прадстаўніцтва нічога не робяць, каб выбудаваць гэтую сістэму. Проста для гэтага трэба час. Менавіта з гэтай мэтай мы плануем адкрываць міжнародны фонд дапамогі палітвязням і іх сем'ям, каб не аказваць дапамогу наўпрост, але ўзмацняць тую важную працу, якую ўжо робяць беларускія фонды, каб у іх была магчымасць дапамагаць большай колькасці людзей у больш аператыўныя тэрміны. Мы з розных бакоў спрабуем вырашаць праблему. На жаль, гатовых рашэнняў на дадзены момант няма».

«Як яшчэ можна (і варта) дапамагчы»

Можна дапамагаць зняволеным і з-за мяжы, асабліва тым, чые сем'і не баяцца выходзіць на кантакт, упэўнена экспертка.
«Калі я была ў СІЗА, мая мама вельмі баялася сустракацца з нейкімі людзьмі, якія прасілі ўбачыцца, каб неяк дапамагчы ёй. Яна вельмі баялася, што гэта незнаёмыя людзі, што яна не ведае, хто ёй тэлефануе, з кім трэба пабачыцца, ці не правакацыя гэта. Можна смела спрабаваць выходзіць на сувязь праз тыя сем'і, з якімі ўжо кантакт у праваабаронцаў наладжаны, напрыклад, ці ў нейкіх ініцыятыў, якія дапамагаюць ім».
Вольга звяртае ўвагу, што вельмі важна пісаць лісты палітвязням — гэта акт салідарнасці і падтрымкі.
«Мы выдатна бачым, чуем гісторыі, як карэспандэнцыя блакіруецца. Людзі практычна не атрымліваюць лістоў, паштовак, тэлеграм, і ўсё, што ў нашых сілах — паказаць цэнзарам, што нас не спыніць, мы працягваем пісаць, каб яны бачылі, якая ў палітвязняў ёсць падтрымка. Гэта вельмі важна, але зразумела, што ёсць і іншыя інструменты, як можна дапамагаць. Можна шукаць кантакты з сем'ямі, можна дапамагаць фарміраваць перадачы, пасылкі. На момант знаходжання ў СІЗА можна паспяваць яшчэ рабіць грашовыя пераводы».
Вольга Гарбунова падтрымлівае сувязь з мамамі яе былых сукамерніц, якія апынуліся ў калоніі. Экспертка кажа, што вельмі важна падтрымліваць людзей, у якіх родныя ў зняволенні, таму што ў іх моцна змяняецца лад жыцця.
«Вельмі частая гісторыя пра тое, як знікаюць сябры і сваякі, некаторыя нават нешта паспяваюць сказаць пра тое, што ім сорамна, што ў сям'і з'явіўся палітвязень. Сумна чуць такія гісторыі, але гэта наша рэальнасць. Вельмі часта сем'і палітвязняў распавядаюць, што яны застаюцца ў ізаляцыі. І калі яшчэ пра медыйных палітвязняў пішуць журналісты, згадваюць праваабаронцы, выходзяць нейкія матэрыялы, з'яўляюцца хросныя з прадстаўнікоў Еўрапарламента і гэтак далей, то ёсць проста тысячы чалавек, хто не жыў у Мінску, напрыклад, не быў да 2020 года нейкім вядомым актывістам або журналісткай, або праваабаронцай».

Вольга кажа, што вельмі важна выходзіць на сувязь з тымі, хто адчувае сябе забытым, кінутым, падтрымліваць хаця б маральна, на ўзроўні зносін.



А чым можна дапамагчы, калі знаходзішся ў Беларусі?

«Першая думка (наогул некантралюемая) — «калі ласка, выжывіце». Я дакладна разумею, што ў майго прадстаўніцтва вельмі вялікі запыт — чым людзі ў Беларусі могуць дапамагчы, бо ў мяне шмат ідэй і неабходнасці. Напрыклад, адсюль практычна не зайсці ні на адзін дзяржаўны сайт. У мяне сяброўка рэгулярна выконвае мае просьбы, каб паглядзець, напрыклад, статыстыку па хатнім гвалце, якую на дадзены момант хавае МУС, паглядзець, што выйшла на сайце Міністэрства працы і сацабароны па «крызісных» пакоях, на сайце Міністэрства аховы здароўя — па колькасці суіцыдаў у краіне, па праблеме, звязанай з алкагалізацыяй насельніцтва, і гэтак далей».

 Ці можна ўступіць у каманду прадстаўніцтва па сацыяльных пытаннях?

Вольга кажа, што з часам каманда будзе разрастацца і патрэбныя будуць валанцёры. Усё будзе залежаць ад кампетэнцыі членаў каманды.
«Мне здаецца, што ў нас ва ўсіх вельмі розныя экспертызы, розны досвед, і нават калі гэта асабісты досвед, ён можа стаць вельмі моцнай базай для працы Прадстаўніцтва па сацыяльных пытаннях. Таму ў аддзел сацыяльных пытанняў якраз патрэбны людзі. Нічога для нас без нас — прынцып, на які абапіраюцца вельмі многія сацыяльныя праекты, антыдыскрымінацыйныя праекты, інклюзіўныя праекты. Калі ў вас ёсць ідэя, сумесны праект можам зрабіць ці проста прыходзьце ў каманду. Я запрашаю і клічу».

 Ці можна даваць інфармацыю пра вядомых палітвязняў без згоды сваякоў?

«Я не з'яўлялася сваячкай тых людзей, пра якіх я паведамляла «Вясне», калі сама была ў Беларусі. Я прасіла не публічыць праваабаронцаў гэтыя кейсы, але разумела, што я ведаю пра тое, што здарылася, і я павінна пра гэта паведаміць. Потым адсочвала, усё было ў парадку, гэтыя прозвішчы, імёны нідзе не з'яўляліся, а ў некаторых выпадках я нават сапраўдных прозвішчаў не ведала, але проста давала звесткі, што, дзе, з кім адбылося. Мне здаецца, гэта важна рабіць, але дамаўляцца з праваабаронцамі, што гэта будзе ананімна. Без удзелу сем'яў я не думаю, што мы маем права вырашаць гэтыя пытанні, бо многія з нас з'ехалі, а сваякам гэта ўсё разграбаць: і з адвакатамі, і з пасылкамі, і з перадачамі, пазбавяць — не пазбавяць, пасадзяць у карцар — не пасадзяць».
Калі вам стала нешта вядома і вы лічыце гэтую інфармацыю крытычна важнай для праваабаронцаў, то Вольга заклікае захоўваць ананімнасць.

Куды цяпер у Беларусі звяртацца па дапамогу ахвярам хатняга гвалту?

Амаль 20 гадоў Вольга Гарбунова ўдзельнічала ў арганізацыі такой працы ў Беларусі. Цяпер значная частка інфраструктуры незалежных сэрвісаў ліквідавана.
«У 2021 годзе была ліквідавана агульнанацыянальная Гарачая лінія, якая адміністравала «Гендарныя перспектывы», у 2022 годзе — «Радзіслава», разам з ёй прытулак для жанчын, які знаходзіўся ў Мінску. Ліквідаваны і Жаночы незалежны дэмакратычны рух, і Беларуская асацыяцыя маладых хрысціянскіх жанчын, арганізацыя з Барысава «Правінцыя», «Яе правы». Гэта значыць асноўныя НДА, якія займаліся правамі жанчын і праблемай прадухілення хатняга гвалту».
Сітуацыя з хатнім гвалтам — гэта патэнцыйна небяспечны від правапарушэння і злачынства. Гэта тое, што можа скончыцца калецтвамі і смерцю наўпрост сёння, падкрэслівае Вольга.
«Таму, калі вы адчуваеце наўпроставую пагрозу свайму жыццю і здароўю, сваіх дзецяй, блізкіх (суседка, сяброўка, каляжанка, мама, дачка) — неабходна звяртацца ў міліцыю, у «крызісныя» пакоі, адкрытыя ў дзяржаўных тэрытарыяльных цэнтрах сацабслугоўвання насельніцтва, яны створаны практычна ў кожным раёне Беларусі. Гэтая дапамога неканфідэнцыйная, неананімная, часта неспецыялізаваная, а значыць, хутчэй за ўсё, непрафесійная. Але для таго, каб прадухіліць крымінальныя наступствы ў сям'і, дзе ёсць хатні гвалт, неабходна ўцячы ад небяспекі альбо зрабіць так, каб затрыманы быў агрэсар».


На жаль, спецыялізаванага закона Аб прадухіленні хатняга гвалту ў Беларусі няма, і зрабіць на практыцы гэта вельмі цяжка, таму застаецца больш эфектыўны інструмент — проста збегчы, кажа экспертка.
«Збегчы можна да нейкіх сваякоў, сябровак. Збегчы можна ў «крызісны» пакой. Калі ёсць малалетнія дзеці, збегчы можна ў прытулкі, якія ёсць у сістэме «SOS Дзіцячых вёсак» — гэта Мінск, Бараўляны, Мар'іна Горка і Магілёў. І шукаць дапамогу, у тым ліку ў некаторых прытулках у рэлігійных арганізацыях, пра гэта можна пашукаць у інтэрнэце інфармацыю. Важна разумець, што мы не заўсёды можам знайсці выключна прафесійную дапамогу ў такіх сэрвісах, але гэта можа быць для нас магчымасцю схавацца».
Часта кліенткі хаваліся ў цягніках далёкага накіравання, кажа Вольга.
«Бярэш квіток на цягнік, які ідзе праз Оршу, яшчэ праз нейкія гарады, вось гэтыя «кругасветкі». Хавацца можна спачатку ў бальніцах, куды, хутчэй за ўсё, не дабярэцца агрэсар. Калі ў вас ёсць нейкія наступствы пасля хатняга гвалту, можна смела згаджацца на шпіталізацыю. У выпадку небяспекі трэба выкарыстоўваць абсалютна любыя інструменты».


Таксама ёсць сэрвіс oliviahelp.org, які аказвае сацыяльна-псіхалагічную і юрыдычную дапамогу беларускам, пацярпелым ад хатняга гвалту, унутры краіны і за яе межамі. Таксама ёсць даведка-сэрвіс бясплатнай юрыдычнай і псіхалагічнай падтрымкі для беларусак.

instagram.comКансультацыі ў telegram @Spravka_by linktr.ee/spravka


«Там ёсць магчымасць і патэлефанаваць, і напісаць. Праект, у якім сабраны вельмі эфектыўныя, актуальныя рэкамендацыі, інструкцыі, па шырокім спектры прававых пытанняў. Напрыклад, як дзяліць маёмасць, як вырашаць пытанні па дзецях, што рабіць, калі вас па 18-м дэкрэце паставілі на прафілактычны ўлік (як сям'ю з сацыяльна небяспечным становішчам для дзіцяці, так званы СНС), што рабіць, калі прызнана, што дзіцяці неабходна дзяржаўная ахова. Таму «Справка» — гэта таксама вельмі важны інструмент».