«У гвалту заўсёды адны карані — жаданне ўлады і кантролю»

10 снежня адбылася анлайн-канферэнцыя, прысвечаная жаночаму актывізму ў Беларусі.

rian_6325482.lr.ru.jpg

У снежні ААН распачала глабальную кампанію — 16 актыўных дзён супраць гвалту ў дачыненні да жанчын. Учора быў апошні дзень кампаніі, беларускія актывісткі і праваабаронцы прысвяцілі яму дыскусію «Жаночы актывізм у Беларусі: паміж выгнаннем і турмой».

У анлайн-сустрэчы прынялі ўдзел тры эксперткі: прадстаўніца праекта падтрымкі палітвязняў Беларусі politzek.me Іна Кавалёнак, праваабаронца арганізацый «Прававая ініцыятыва» і «Міжнародны камітэт па даследаванні катаванняў» Вікторыя Фёдарава, праваабаронца, экспертка ў сферы правоў жанчын Дар’я Чурко. Мадэратарка сустрэчы — фем квір нізавая актывістка Наста Базар.

Іна Кавалёнак: «Асабісты душэўны стан — адзінае, што могуць рэгуляваць палітвязні»

«Сёння як мінімум 122 жанчыны знаходзяцца пад вартай па крымінальных артыкулах у выніку палітычнага пераследу. Гэта толькі тыя кейсы, пра якія нам дакладна вядома, рэальная лічба можа быць большай.

Да калоніі жанчыны ўтрымліваюцца ў памяшканні не больш за 18 кв. м., гэта вельмі маленькі цёмны пакой, у які змяшчаюць да 12 чалавек. Ложкі — у тры ярусы, праблема хоць бы з якой-небудзь вадой, гарачай няма ўвогуле. Прыбіральня знаходзіцца там жа, за шторкай альбо дзвярыма з фанеры. У такіх умовах праходзіць жыццё палітвязняў.

Прачынаюцца жанчыны ў 6 гадзін раніцы, далей, у лепшым выпадку, у іх ёсць 1-2 гадзіны для шпацыру на вуліцы. Але выглядае такі шпацыр далёка не як у амерыканскіх фільмах. Гэта бетонныя сцены, за якімі часцей за ўсё не бачнае нават лісце дрэваў.

У калоніі жанчыны-палітвязні працуюць, часцей за ўсё шыюць форму прадстаўнікам сілавых структур. Праца амаль не аплачваемая, вольнага часу ў палітвязняў амаль няма.

Проста ўявіць, як выглядае звычайны дзень гэтых людзей — ужо дастаткова, каб зразумець, наколькі сітуацыя катастрафічная. Асабліва калі памятаць самае галоўнае: усе яны не здзяйснялі ніякіх злачынстваў.

Негледзячы на гэта, жанчыны атрымалі рэальныя турэмныя тэрміны: журналісткі Дар’я Чульцова і Кацярына Андрээва — 2 гады, Марыя Калеснікава — 11 гадоў, а яшчэ сярод палітвязняў ёсць пенсіянеркі і маці непаўнагадовых дзяцей.

Мы не можам выцягнуць іх з вязніцы зараз жа, але выражэнне нашай салідарнасці значыць для іх вельмі шмат. Таму вельмі істотна пісаць лісты. Гэта не нейкія там сентыментальныя рэчы. Асабісты душэўны стан — адзінае, што могуць рэгуляваць палітвязні, таму што ўсё астатняе за іх рэгулююць іншыя».

Дар’я Чурко: «Сувязь хатняга і дзяржаўнага гвалту наўпроставая»

«Вельмі шмат недзяржаўных арганізацый у Беларусі былі ліквідаваныя, а на тыя, што яшчэ працуюць, аказваецца моцны ціск, ёсць пастаянная пагроза таго, што іх могуць зачыніць, а іх удзельнікаў — пасадзіць. Пры гэтым, у адказ на закрыццё праваахоўчых арганізацый дзяржава стварыла сваю праваахоўчую арганізацыю. Мне падаецца гэта камічным і абсурдным, таму што тыя, хто катуюць людзей, не могуць абараняць іх правы. Але факт наяўнасці дзяржаўнай праваахоўчай арганізацыі будзе агучвацца на міжнародных канферэнцыях. Я заклікаю не давяраць гэтай структуры і лічу, што яе стварэнне — плявок у твары ўсіх беларусаў.

Месяц таму была затрыманая Вольга Гарбунова, экс-кіраўніца прытулку для жанчын, якія пацярпелі ад хатняга гвалту. Была ліквідаваная арганізацыя, што стварыла агульнанацыянальную гарачую лінію для ахвяраў гвалту. Таму жанчынам зараз няма куды звяртацца па дапамогу.

Сувязь хатняга і дзяржаўнага гвалту наўпроставая, у яго адны карані — жаданне ўлады і кантролю. У цэлым гвалт у Беларусі нармалізаваны, асабліва ў дачыненні да дзяцей і жанчын. Я ўпэўнена, што за апошні год ўзровень хатняга гвалту ў нашай краіне ўвазрос, проста таму што ён застаецца без пакарання. Нагадаю пра жудасны кейс, калі дзяўчына прыйшла ў аддзяленне міліцыі пісаць заяву па прычыне хатняга гвалту, а прадстаўнікі закону пацягалі яе за валасы, таму што ў яе дрэдах былі белы і чырвоны колеры.

Нядаўна МУС апублікавала статыстыку пра хатні гвалт, але я ёй не давяраю. Уся афіцыйная статыстыка ў Беларусі непраўдзівая, таму што няма органаў, якія гэта кантралююць.

На сёння незразумела, як працаваць з праблемай як хатняга, так і дзяржаўнага гвалту, таму што каб спыніць яго, у нас, падаецца, няма рэсурсаў. Магчыма адзіны рэальны варыянт — ціск міжнароднай супольнасці».

Вікторыя Фёдарава: «Калі Беларусь ігнаруе свае міжнародныя абавязкі ў кірунку правоў чалавека, механізмы дасягнення справядлівасці мінімальныя»

«Ціск на праваахоўчую супольнасць пачаўся адразу пасля першых пратэстаў. У верасні 2020 г. была затрыманая мая каляжанка Марфа Рабкова. Зараз ёй прад’яўленыя абвінавачанні па 11 артыкулах Крымінальнага кодэкса і пагражае да 20 гадоў пазбаўлення волі проста за праваахоўчую дзейнасць. Яна каардынавала валанцёрскую каманду праваахоўчага цэнтра і займалася дакументаваннем катаванняў.

У лютым 2020 года адбылася першая масавая атака на праваахоўнікаў, калі за дзень па краіне адбыліся 90 вобшукаў. У сакавіку прыйшлі да майго калегі, яго збілі. То-бок прымянілі катаванні непасрэдна да таго, хто займаўся іх фіксаваннем. Мы даследуем тэму катаванняў больш за 10 гадоў, і заўсёды было нейкае негалоснае правіла пра тое, што праваахоўнікаў, актывістаў, тых, хто гатовы размаўляць з журналістамі, не кранаюць. Але нашага калегу і сябра збілі, і стала зразумела, што ў нас ёсць не больш сутак да затрымання. Тады мы з’ехалі ва Украіну. Зараз працягваем працу тут і ў іншых краінах.

Сёння 7 беларускіх праваахоўнікаў прызнаныя палітвязнямі, частка маіх калег застаюцца пад падпіскай аб нявыездзе, хутчэй за ўсё яны таксама атрымаюць тэрміны.

Мая каляжанка Таццяна Гацура-Яворская, кіраўніца грамадскага аб’яднання «Звяно», была затрыманая па крымінальнай справе і змешчаная ў СІЗА. За гэты час да яе мужа двойчы прыходзілі з вобшукам, прымянялі да яго фізічную сілу і пагражалі, што калі ён не дасць паказанні супраць жонкі, іх непаўнагадовых дзяцей забяруць у дзіцячы дом. У выніку ім далі суткі на тое, каб з’ехаць. Зараз ён з дзецьмі ва Украіне, а Таццяна застаецца за кратамі (насамрэч Таццяна Гацура-Яворская на волі, яе вызвалілі пасля 10 дзён за кратамі — НЧ).

У падобныя жахлівыя сітуацыі трапляюць і праваахоўцы, і актывісты, і проста людзі, якія паставілі подпіс за альтэрнатыўнага кандыдата, выступілі супраць гвалту ў жніўні 2020 года. Сітуацыя не паляпшаецца і вельмі істотна працягваць казаць пра тое, што адбываецца ў Беларусі, якім рэпрэсіям падвяргаюцца людзі, таму што толькі так мы можам дапамагчы ім.

Узгадаем гісторыю сямейнай пары — настаўніцы і айцішніка, якія атрымалі 9 адміністратыўных арыштаў запар. Анастасія расказвала, што ў яе не было матраса, яна не атрымлівала перадачы. За 120 дзён яе ні разу не звадзілі ў душ, на шпацыр яны выходзілі толькі некалькі разоў. Вось у такіх умовах зараз знаходзяцца затрыманыя.

Камітэт па даследаванні катаванняў выпусціў ужо 6 справаздачаў па сітуацыі ў Беларусі. Справаздача пра катаванні ў адносінах да жанчын была трэцяй. На сёння ў нас ужо больш за 1500 сведчанняў аб катаваннях. Мы звярнулі ўвагу на тое, што амаль ва ўсіх жаночых анкетах ёсць адна агульная рыса — акрамя іншых пагроз, пагроза сексуальнага гвалту. Гэта сустракалася паўсюдна.

На жаль мы, праваахоўнікі, актывісты, маем вельмі мала рэсурсаў для дапамогі, нашы магчымасці абмежаваныя. Мы не палітыкі, у нас няма доступу да высокіх трыбун. Таму для нас істотна такімі дакладамі, справаздачамі размаўляць з міжнароднай супольнасцю.

Міжнароднае права працуе такім чынам, што патрэбная добрая воля дзяржаў. Калі Беларусь ігнаруе свае міжнародныя абавязкі ў кірунку правоў чалавека, механізмы дасягнення справядлівасці мінімальныя.

Па сутнасці механізм універсальнай юрысдыкцыі ў еўрапейскіх краінах – адзіны працоўны на сёння, і мы актыўна яго выкарыстоўваем. 10 чалавек прызнаныя пацярпелымі ў Літве ў рамках крымінальнай справы па фактах масавых катаванняў. Зараз прапрацоўваем магчымасць запусціць такі працэс у Нямеччыне. Калі будуць узбуджаны крымінальныя справы ў розных краінах, ёсць магчымасць атрымання еўрапейскага ордэра на арышт, уключэння ўсіх датычных асоб у базу Інтэрпола, куды б не паехалі, яны могуць быць арыштаваныя.

Да таго ж любая дзяржава ў свеце можа падаць пазоў супраць Беларусі ў Міжнародны суд ААН у сувязі з невыкананнем канвенцыі супраць катаванняў. Чамусьці ніводная краіна пакуль гэтага не зрабіла».