Правы чалавека ў выгнанні: беларусы правялі акцыю ў Батумі (шмат фота)

Беларусы Батумі правялі акцыю, каб нагадаць пра катастрафічную сітуацыю з правамі чалавека ў роднай краіне.

_5305764278789322166_121_logo.jpg

У грузінскім Батумі 11 снежня  каля трох дзясяткаў чалавек сабраліся на акцыю салідарнасці з тымі, хто зведаў рэпрэсіі ад рэжыму Лукашэнкі. Усе гэтыя людзі так ці іначай вымушаныя былі пакінуць краіну праз палітычны пераслед, і пра парушэнне правоў чалавека яны ведаюць на ўласным досведзе.


Жонка палітзняволенага праваабаронцы Валянціна Стэфановіча Аліна Стэфановіч прыйшла на акцыю таму, што лічыць гэта сваім абавязкам.

— Не ведаю, ці дапамагу я такім чынам свайму мужу, які знаходзіцца ў турме, але для мяне гэта важна, важна, каб гучала яго імя і імёны ўсіх палітвязняў. Гэта таксама гуртуе мясцовую грамаду, — гаворыць яна.

2_5305649203274322687_logo.jpg

Аляксей з Жодзіна. Ён з'ехаў з Беларусі сёлета ўлетку пасля таго, як да яго ў дом уварваліся 25 узброеных амапаўцаў і правялі ператрус, а потым яго з сябрамі адвезлі ў ГУУС на допыт, які доўжыўся некалькі гадзін.

— Да мяне прыйшлі праз каментары, — гаворыць хлопец.

Пасля яго і яго паплечнікаў адпусцілі, але праз некаторы час патэлефанавалі і сказалі, што з ім «яшчэ не скончылі». Тады малады чалавек вырашыў, што трэба з'язджаць, бо быў падпісаны на каналы, прызнаныя экстрэмісцкімі, і адпраўляў туды інфармацыю.

Цяпер Аляксей асцерагаецца вяртацца ў Беларусь, але верыць, што некалі ўсё ж зможа вярнуцца дадому.

— Хочацца, каб у нас усё хутчэй змянілася.


Гэтай надзеяй жывуць усе, хто міжволі вымушаны знаходзіцца далёка ад радзімы, а некаторыя і ад блізкіх.