
65-гадовы інжынер Анатоль Шалковіч не выйшаў на волю пасля 30 сутак арышту. Пра гэта даведалася «Медыязона» ад ягонага сябра Аляксандра Знака.
Анатоля Шалковіча затрымалі 11 лістапада, а пазней пакаралі 15-сутачным арыштам. Паводле версіі МУС, ён арганізаваў у падвале дома вытворчасць пратэснай сімволікі, бел-чырвона-белых сцягоў, якія пазней «закідваў на дрэвы».
Аднак праз 15 сутак Шалковіч на волю так і не выйшаў — яго зноў арыштавалі на 15 сутак. Пра гэта стала вядома 26 лістапада. Цяпер скончыліся чарговыя 15 сутак — а 65-гадовы інжынер зноў не выйшаў на волю.
Анатоль Шалковіч стаў папулярным праз яго заяву ў «пакаяльным» відэа МУС пра любоў да белага і чырвонага колераў. «Ну, мне заўсёды падабалася спалучэнне белага і чырвонага колеру, калі так бы мовіць. У мяне жонка рудая — гэта значыць, белае з чырвоным. Я люблю памідоры са смятанай — гэта таксама белае з чырвоным», — казаў ён.