Беларусы Батумі ўшанавалі памяць Рамана Бандарэнкі

У гадавіну смерці Рамана Бандарэнкі беларусы Батумі правялі ў цэнтры горада акцыю памяці мастака, які выйшаў даведацца, хто зразае бел-чырвона-белыя стужкі ў двары.

Беларусы Батумі на акцыі памяці Рамана Бандарэнкі

Беларусы Батумі на акцыі памяці Рамана Бандарэнкі


Акцыя сабрала каля 40 удзельнікаў, якія трымалі ў руках партрэты актывістаў, што загінулі падчас пратэстаў у Беларусі, свечкі, скандавалі лозунгі «Я выхожу», «Не забудем, не простим», «Верым, можам, пераможам», «Жыве Беларусь».
Раман Бандарэнка 11 лістапада 2020 года пабачыў у чаце, што невядомыя ў чарговы раз зрываюць бел-чырвона-белыя стужкі на «Плошчы Перамен», паблізу яго дома, і выйшаў паразмаўляць з імі.
Каля 22-й гадзіны ў двор прыехалі людзі ў цывільным і масках, пачалі зразаць стужкі, потым напалі на жыхароў, якія выйшлі з імі размаўляць. Невядомыя збілі Рамана, пасля чаго адвезлі ў Цэнтральнае РУУС, а адтуль без прытомнасці даставілі ў Бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі. Ноччу 12 лістапада Раману зрабілі аперацыю, аднак уратаваць яго не ўдалося і ён памёр.