Ціханоўская заклікала ўшанаваць памяць Рамана Бандарэнкі і дамагацца пакарання вінаватых у яго забойстве

У сваім звароце Святлана Ціханоўская адзначыла, што беларусы павінны памятаць не толькі Рамана, але і імёны вінаватых у яго смерці, паведамляе «Свабода».

На магіле Рамана Бандарэнкі

На магіле Рамана Бандарэнкі


«Год таму памёр Раман Бандарэнка. Лекары амаль суткі змагаліся за яго жыццё, але так і не змаглі выратаваць хлопца, які выйшаў у свой двор, каб спыніць несправядлівасць. Хлопца, які вучыў дзяцей маляваць, стварыў мурал "дыджэяў перамен" і не мірыўся з беззаконнем.
Што думаў Раман, калі пісаў „Я выходжу“? Што думалі яго забойцы, калі бачылі чалавека, які смела да іх падыходзіў? Пра што думалі ўсе мы ў той вечар — і ўвесь наступны дзень, калі чыталі кожную зводку аб яго стане? Упэўнена, вы добра памятаеце, што адбывалася тады», — звярнулася да беларусаў Святлана Ціханоўская.
Яна адзначыла, што ініцыятыва «ByPol» у сваім расследаванні даўно назвала імёны тых, хто мае дачыненне да выкрадання і забойства Рамана Бандарэнкі.
Яна падкрэсліла, што беларусы павінны памятаць не толькі Рамана, але і тых, хто вінаватых у яго смерці.
«Мы павінны іх памятаць, таму што нас спрабуюць прымусіць усё забыць, — сказала Ціханоўская. — Мы дачакаемся справядлівага, сумленнага і адкрытага суда над датычнымі да справы Ромы — і шматлікіх іншых злачынстваў. Мы таксама не забудзем імёны нашых герояў і ўчынкі, якія назаўжды зрабілі іх героямі Беларусі. І сёння я прашу вас ушанаваць памяць Рамана Бандарэнкі — нашага неабыякавага суседа, нашага голасу сумлення, нашага загінулага — але несмяротнага героя перамен».
Святлана Ціханоўская прапанавала план ўшанавання памяці Рамана Бандарэнкі:
У 18:00 — агульнанацыянальная хвіліна маўчання.У 19:30 — вывешванне стужак або ўстаноўка лампадак у сваіх дварах.У 21:00 — запальванне свечак у хатах.