Маці Рамана Бандарэнкі апублікавала дзіцячыя здымкі сына

У гадавіну смерці Рамана Бандарэнкі яго маці Алена выклала ў інтэрнэт яго дзіцячыя здымкі. У сваім пасце ў Instagram яна згадала дзяцінства Рамана і падзякавала Сусвету за такога сына, піша «Еўрарадыё».

Раман Бандарэнка / instagram.com/bondarenko_elenalena

Раман Бандарэнка / instagram.com/bondarenko_elenalena


«Я ўдзячная Сусвету за сына.Сумленнага, адважнага, высакароднага, сапраўднага абаронцу і грамадзяніна сваёй краіны.За тое, што ты выбраў менавіта мяне быць тваёй мамай.Для мяне гэта вялікі гонар.І хай твой жыццёвы шлях у зямным свеце аказаўся нядоўгім, ён быў яркім, насычаным і пакінуў свой след у сэрцах многіх людзей, такіх жа сумленных, смелых і высакародных.Спі спакойна і чакай нас доўга.А я зраблю ўсё, каб праўда перамагла».
11 лістапада 2020 года Раман Бандарэнка выйшаў на «Плошчу Перамен», каб спыніць людзей, якія зразалі бел-чырвона-белыя стужкі. Перад выхадам ён напісаў «Я выходжу» — і гэта была яго апошняя фраза. Невядомыя збілі Рамана, пасля чаго яго забрала міліцыя. З пастарунка хлопца ў цяжкім стане даставілі ў лякарню. Аднак дактары не змаглі выратаваць жыццё: 12 лістапада Бандарэнка памёр.
У датычнасці да яго збіцця падазраюць людзей з атачэння Лукашэнкі — у прыватнасці, экс-кіраўніка Федэрацыі хакея Дзмітрыя Баскава. Гэта засведчылі «злітыя» ў інтэрнэт запісы тэлефонных перамоў.
Улады спрабавалі выставіць смерць Бандарэнкі як п'яную бойку. Але доктар Арцём Сарокін і журналістка Кацярына Барысевіч абнародавалі звесткі, што ў крыві хлопца было 0 праміле алкаголю. За гэта іх асудзілі закрытым судом, абвінаваціўшы ў выдачы лекарскай таямніцы.
Генпракуратура прыпыніла справу па факце смерці Рамана Бандарэнкі, бо нібыта не змагла знайсці, каго прыцягнуць да крымінальнай адказнасці.

Раман Бандарэнка / instagram.com/bondarenko_elenalena