Больш за 500 вучоных падпісалі адкрыты ліст супраць звальнення калег

Яны заклікаюць кіраўніцтва Акадэміі навук і яе інстытутаў адмовіцца ад практыкі палітычна матываваных скарачэнняў і ціску на вучоных, а таксама адшукаць магчымасць працягнуць кантракты пералічаным ніжэй супрацоўнікам.

Пратэсты ля прэзідыума Акадэміі навук у жніўні. Фота Алены Ляшкевіч

Пратэсты ля прэзідыума Акадэміі навук у жніўні. Фота Алены Ляшкевіч

Гаворка ідзе пра Сяргея Бесараба (Інстытут агульнай і неарганічнай хіміі), Кацярыну Крывічаніну (Інстытут гісторыі), Аляксея Шаланду (Інстытут гісторыі), Мікалая Волкава (Інстытут гісторыі), Уладзiмiра Шыпiлу (Інстытут гісторыі), Андрэя Радамана (Інстытут гісторыі), Аляксандра Жлутку (Інстытут гісторыі),Таццяну Папоўскую (Інстытут гісторыі).
Ніжэй публікуем тэкст адкрытага ліста беларускіх вучоных:
Мы, прадстаўнікі акадэмічнай навукі Рэспублікі Беларусь, выражаем сваю занепакоенасць шэрагам звальненняў з інстытутаў Акадэміі навук супрацоўнікаў, якія актыўна прымаюць удзел у грамадскім жыцці краіны ў цэлым і Акадэміі навук у прыватнасці.
У апошні час стала вядома аб непрацягненні кантрактаў цэлай групе высокакваліфікаваных вучоных Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, якія найбольш актыўна прымаюць удзел у рабоце прафсаюза (на самой справе абараняюць правы супрацоўнікаў). У цяперашні час, калі дзейнасць прафсаюзаў прызнана дзяржавай як надзвычай важная, такі падыход выглядае дзіўным.
Асаблівую трывогу выклікае тое, што вучоныя, у тым ліку з Інстытута гісторыі і Інстытута агульнай і неарганічнай хіміі, атрымалі паведамленнні аб непрацягненні кантрактаў у хуткім часе пасля таго, як падрыхтавалі незалежныя экспертныя заключэнні па пытаннях, што найбольш востра хвалююць сёння беларускае грамадства. Рэпрэсіі ў адносінах да вучоных, якія выконваюць свае прамыя прафесіянальныя і грамадскія абавязкі, недапушчальныя!
Важна адзначыць, што пацярпелыя ад падобных рэпрэсій вучоныя маюць высокую кваліфікацыю, мноства публікацый, патэнтаў, добрую рэпутацыю ў міжнароднай навуковай сферы. Спіс рэпрэсіраваных дадаецца да гэтага ліста і, на жаль, пастаянна папаўняецца.
Агучаныя фармальныя падставы звальнення супрацоўнікаў выклікаюць у нас абгрунтаваныя сумненні. Мы ўпэўненыя, што страта дадзеных навуковых кадраў выкліча заўважнае зніжэнне якасці даследаванняў па напрамках, якія развівалі вучоныя з прыкладзенага спісу. Тым больш што многія тэмы даследаванняў уяўляюць сёння істотны інтарэс для беларускага грамадства і дзяржавы. Апрача гэтага, абставіны падобных звальненняў кідаюць цень на рэпутацыю Акадэміі навук і яе інстытутаў, падрываюць давер вучоных да кіраўніцтва і ствараюць негатыўную працоўную атмасферу.
Мы заклікаем кіраўніцтва Акадэміі навук і яе інстытутаў адмовіцца ад практыкі палітычна матываваных скарачэнняў і ціску на вучоных, заклікаем адшукаць магчымасць працягнуць кантракты пералічаным ніжэй супрацоўнікам.