«Хачу, каб гэты жах скончыўся». Рабочы, якому прастрэлілі руку, зведаў новыя рэпрэсіі

«Маё жыццё падзялілася на «да» і «пасля», калі б куля змяніла траекторыю — я мог бы быць перад Тарайкоўскім», — гаворыць Аляксандр Ласіца, узгадваючы падзеі, якія адбыліся з ім у жніўні 2020 года.

img_7552_logo.jpg


Акрэсціна. «Дайце мне коўдру і памерці»

Яго гісторыю мы ўжо распавядалі: увечары 10 жніўня ён пачуў, што на вуліцы бесперапынна гудуць машыны, выйшаў паглядзець, што адбываецца, прайшоў у бок Пушкінскай — і атрымаў агнястрэльнае раненне ў руку.


— Я павярнуўся — і як Аляксандр Тарайкоўскі (а мяне падстрэлілі незадоўга да яго) — узняў рукі ўгару, і мне прыляцела святлашумавая ў вуха. Мяне нахіліла ў правы бок, і тут нешта пасыпалася, у ногі пазаляталі аскепкі. Адкуль і як прыляцела куля — мне незразумела, было адчуванне, нібы ток пайшоў. Дзякуй натоўпу — мяне атачылі і давялі да прыпынка. Пасадзілі на асфальт, апрацавалі рану, выцягнулі кулю, яна была з двухрублёвую манету ў дыяметры. Перабінтавалі руку, выклікалі хуткую, забралі ў 9-ю бальніцу, апрацавалі і адпусцілі, — успамінае Аляксандр.

img_7550_1_logo.jpg


На наступны дзень ён адкрыў бальнічны, а ўвечары выйшаў у аптэку купіць лекі. Дайшоў да Пушкінскай, дзе ўсё ўжо было ачэплена сілавікамі, па дарозе знайшоў нечы белы бранзалет, падабраў і нёс у руцэ.
— Я толькі падыйшоў, павітаўся, а ў мяне вырвалі гэты бранзалет і сказалі «Наш кліент». Я не супраціўляўся, але далей ужо не пайшоў, а паляцеў. Кажу: прабачце, можа, вы мяне адпусціце, і я пайду, куды ішоў? Але было ўжо позна.
Так Аляксандр спачатку трапіў у РУУС Цэнтральнага раёна, дзе давялося шмат гадзін стаяць у двары, а адтуль — на Акрэсціна. Узгадвае, як вязняў у 6 раніцы прымушалі спяваць дзяржаўны гімн. Суразмоўца адмовіўся — за гэта яго збівалі. Ён чуў, як градам сыпаліся ўдары на іншых людзей, як некаторых зняволеных прымушалі крычаць «Я люблю АМАП», як вязням фарбавалі балончыкам і стрыглі валасы.
— Не забуду твар аднаго хлопца. Ён ляжаў у адных шортах, з голым торсам. Ён то сядаў, то зноў адкідваўся на траву, і казаў: «Дайце мне, калі ласка, коўдру, і дайце мне памерці». Ён увесь быў фіялетавы, яго звезла хуткая.

img_7570_1_logo.jpg


У ізалятары Аляксандру прысудзілі 14 сутак, з якіх ён адседзеў трое, пасля чаго яго адвезлі ў шпіталь у Бараўляны — ратаваць прастрэленую руку. Скаргу на пастанову суда Аляксандр падаў, але абскарджванне адбылося без яго прысутнасці, а судовае рашэнне яму так і не даслалі. Таму Аляксандр не ведае, ці засталіся на ім яшчэ недаседжаныя суткі. Праз два месяцы пасля тых падзей да Аляксандра па месцы рэгістрацыі, у Гомелі, прыходзіла міліцыя, але, пагрукаўшыся ў зачыненыя дзверы і пагутарыўшы з суседзямі, міліцыянты сыйшлі. Аляксандр не ведае, што ад яго хацелі прадстаўнікі ўнутраных органаў, але ставіцца да такіх візітаў з насцярожанасцю:
— Мяне яшчэ Следчы камітэт не апытаў па жнівеньскіх падзеях. Прызначалі сустрэчу, я прыязджаю — і мне кажуць: пачакайце, давайце заўтра. Прыязджаеш заўтра — зноў няма часу. Месяц, два — ніхто не чапае. А потым — тэлефануюць з Гомеля, з Цэнтральнага РАУСа.

Калі б куля закранула артэрыю — маглі б не выратаваць

Прайшло ўжо чатыры месяцы з дня ранення, а Аляксандр яшчэ не акрыяў: пасля разрыву святлашумавой гранаты адно вуха перастала чуць, і слых не аднавіўся дагэтуль. Праблемы ёсць і ў прастрэленай руцэ: у далоні Аляксандр пастаянна адчувае паколванні, падобныя на ток, а два тыдні таму частку далоні ўвогуле адняло, не мог сагнуць пальцы.

Фота медыцынскіх даведак прадастаўлены Аляксандрам Ласіцам.
— Правяралі нервы — сказалі, усё нармальна. У Мінску, відаць, разбіраюцца дактары. А ў Гомелі ў медцэнтры мне сказалі — «Вы, напэўна, сімулянт». А яно мне трэба — бегаць па клініках, правярацца?
На бальнічным ён прабыў 39 дзён.

img_7537_1_logo.jpg


Суразмоўца прызнаецца: цяпер часта задумваецца і дзякуе Богу за тое, што куля трапіла менавіта ў руку, а не ў шыю ці ў сэрца, як Аляксандру Тарайкоскаму. «Бо перад Тарайкоўскім мог быць я», — гаворыць ён.
— Дактары на Сямашкі (9-я бальніца, куды даставілі Аляксандра пасля ранення. — НЧ) казалі, што мне пашанцавала, бо куля прайшла каля артэрыі. Калі б яна закранула артэрыю, то хуткая не паспела б прыехаць мяне выратаваць, альбо я застаўся б інвалідам.
Частку выдаткаў на лячэнне Аляксандру дапамаглі кампенсаваць валанцёры. Таксама ён аформіў страхоўку — ён робіць гэта штогод.
— Сядзельцы на Акрэсціна мне кажуць: «Ты, напэўна, як адчуваў!», — смяецца суразмоўца.

«Я не ведаю, як павядзе сябе дзяржава»

Таксама, як пацярпелы, Аляксандр атрымаў дапамогу ад фонда By_help. Але калі дзяржава спісала сродкі, пералічаныя яму ў якасці дапамогі, і ўвагнала ў мінус яго рахунак, стала не да смеху.

img_7535_logo.jpg


— Я вам шчыра скажу: да жніўня месяца мяне не было ні ў інстаграме, ні ў тэлеграме — я ўвогуле гэтым не цікавіўся, толькі адзін «Кантакт» быў. Пасля гэтага ўсяго зарэгістраваўся і там, і там. Цяпер манітору ўсе навіны, што адбываецца ў нашай краіне, памяняецца ў нас нешта ці не. Але, мяркуючы па тым, як беларусы выходзяць, мне здаецца, усё ж нешта будзе.
Аляксандр распавядае, што яшчэ ў 2010 годзе пасля прэзідэнцкіх выбараў ён не разумеў, чаму людзі выходзілі на пратэсты. Зразумеў толькі, калі сам трапіў «пад раздачу».
— Каб не было дзяцей, я б, можа, кожны дзень выходзіў бы на пікеты. Але мяне спыняе тое, што я не ведаю, як павядзе сябе дзяржава. Мала таго, што яны заблакавалі мой рахунак, загнаўшы ў мінус на 2300 рублёў, і забралі 500 рублёў, якія былі на рахунку, то — што тут казаць — яны могуць і жыллё адабраць, — разважае Аляксандр.  

img_7593_logo.jpg


Ён працуе на дзяржаўным прадпрыемстве. На працы яго сустрэлі як героя — пацярпеў за свабоду. Але не так даўно Аляксандру патэлефанаваў начальнік участка і сказаў, што ім цікавіліся следчыя органы, якія прыходзілі на працу і запытваліся, якія спагнанні выкананыя ў дачыненні да Аляксандра і яшчэ аднаго калегі, што ўдзельнічаў у пратэстах у Барысаве. На прадпрыемстве разгубіліся: якія могуць быць спагнанні, калі чалавек добра характарызуецца і мае адзін з самых вялікіх стажаў? Але тым не менш магчымае звальненне вельмі непакоіць Аляксандра: ён любіць сваю працу, да таго ж не хоча застацца без сродкаў да існавання.

«Усё памяняецца»

Пасля ўсяго, што адбылося, у Аляксандра моцна памяняўся светапогляд, ён стаў зусім па-іншаму глядзець на палітыку, «убачыў сапраўдны твар нашай міліцыі». Яго абурае, што ва ўладзе сядзяць не людзі, якіх абраў народ, а прызначэнцы. І народу гэта ўсё надакучыла, таму пачаліся пратэсты.
— Мы «праглынулі» гэтыя выбары — што далей? Праз пяць гадоў — зноў тое ж самае, 80% за яго «прагаласуюць»? Хочацца лепшай долі для сваіх дзяцей. У той жа Польшчы людзі працуюць і атрымліваюць годную аплату за сваю працу. А тут — гарбацішся і атрымліваеш капейкі, а камуналка расце, прадукты даражэюць у крамах.

img_7543_1_logo.jpg


Таму суразмоўца не хавае, што ў яго былі думкі аб тым, каб з'ехаць з Беларусі, але жонка пакуль што супраць. Ехаць ёсць куды: Аляксандр напалову латыш, у яго ёсць сваякі ў Рызе, у Літве. Але калі з’язджаць — то толькі на час, каб потым вярнуцца ў вольную краіну. Ён перакананы, што ў Беларусі ўсё ж адбудуцца перамены і Лукашэнку давядзецца сыйсці, а народ больш не захоча працаваць на сілавыя структуры.
Ён разважае наконт таго, якой хацеў бы бачыць будучыню краіны:
— Я не хачу, каб Беларусь увайшла ў склад Расіі, я хачу, каб мы заставаліся незалежнай дзяржавай, але пры іншым прэзідэнце і дзяржапараце. Я хачу, каб у нас было права выбару, хачу звярнуцца куды-небудзь — і каб мой голас быў пачуты.

img_7557_logo.jpg


У той жа час Аляксандр не верыць, што сыход Лукашэнкі будзе спакойным пасля ўсяго, што адбылося цягам 26 гадоў яго кіравання.
— Тое, што ён здзейсніў яшчэ ў 1990-х гадах, калі зніклі Захаранка, Ганчар і іншыя, — калі нават, як казала Ціханоўская, яму дадуць магчымасць спакойна сыйсці, — я ў гэта не веру. Бо на яго пачнецца паляванне. Шкада яго дзяцей і ўнукаў, ён зламаў жыццё свайму Колю. Сёння бачыў здымак новага прэзідэнта Малдовы: ідзе на працу пешшу, пад парасонам, у масцы, без аховы. Чаму ў нас не так, чаму прэзідэнт баіцца свайго ж народа? — прыводзіць параўнанне суразмоўца.
Цяпер ён хоча толькі аднаго: каб увесь гэты жах, якія цяпер адбываецца ў Беларусі, скончыўся і рэпрэсіі спыніліся. Хочацца жыць спакойна.
— Я ўпэўнены ў добрай будучыні. Усё памяняецца, — перакананы Аляксандр Ласіца.

img_7573_1_logo.jpg