Сёлета ў кінатэатрах не хочуць бачыць фільмаў пра правы чалавека

У Варшаве праходзіць найстарэйшы фестываль дакументальнага кіно пра правы чалавека WATCH DOCS. Сёлета цалкам анлайн. На ім можна глядзець некалькі дзясяткаў дакументальных фільмаў сусветнага ўзроўню. Сёлета ў рамках фестывалю можна паглядзець пяць беларускіх стужак, тры з іх прысвечаныя паслявыбарчым падзеям у Беларусі.

128663997_1941050812701628_8980963385978580977_n.jpg

«Што мы будзем рабіць заўтра» – гэта стужка Максіма Шведа, які расказвае пра першы дзень на свабодзе пасля арышту падчас мінскіх пратэстаў.
«Яшчэ будзе нармальна» рэжысёра Андрэя Куцілы – гэта фільм пра вядомую беларускую тэлежурналістку. Рэжысёр назірае за ёй у шпіталі, у які журналістка трапіла пасля збіцця міліцыяй падчас дэманстрацыі супраць фальсіфікацыі выбараў.
«Чым я магу дапамагчы» – гэта фільм Кацярыны Маркавец. У сваёй стужцы яна назірае за працай псіхолагаў, якія заснавалі валанцёрскі цэнтр дапамогі для пацярпелых падчас пратэстаў.
Арганізатары фестывалю зладзілі дыскусію, прысвечаную сітуацыі правоў чалавека ў Беларусі. Яе ўдзельніцай была грамадская актывіста Таццяна Гацура-Яворская, якая ладзіць беларускае выданне фестывалю Watch Docs.
Сёлетні WATCH DOCS Belarus будзе праходзіць у больш сціплым фармаце. Улады не далі згоды на паказ фільмаў у кінатэатрах, яны пройдуць на альтэрнатыўных пляцоўках. Фестываль будзе доўжыцца шэсць дзён – расказвае Таццяна Гацура-Яворская:
Сёлета галоўны тэзіс нашага фестывалю, галоўны пасыл — гэта «Паважаныя грамадзяне!» Гэтыя словы сёлета беларусы чуюць вельмі часта: з мегафонаў, калі іх затрымліваюць, у міліцыі, на працоўных месцах, калі іх звальняюць за пратэст. Мы падбіралі праграму так, каб можна было пераасэнсаваць гэты пасыл: хто гэта сёння — паважаныя грамадзяне ў Беларусі.
Адмова правядзення паказаў у кінатэатрах звязаная з тым, што ўлады не хочуць праяўлення актыўнасці, звязанай з вялікай колкасцю людзей.
За адзін дзень да пачатку быў адменены фестываль «Лістапад». Афіцыйна гэта было звязана з эпідэміялагічнай сітуацыяй, аднак кінатэатры працягваюць працу, але фестываль ужо адмянілі. Па інсайдарскай інфармацыі гэта было звязана з праграмай і з тым, што ўлады не хацелі лішняй грамадзянскай актыўнасці. Нам адмовілі таксама з-за каронавіруса, але мы лічым, што ў гэтым годзе ў кінатэатрах не хочуць бачыць фільмаў пра правы чалавека.
Гледачам польскага фестывалю Таццяна Гацура-Яворская спрабавала патлумачыць, чаму беларускія сілавыя ведамствы праяўляюць надзвычайную жорсткасць у дачыненні да ўдзельнікаў пратэстаў:
Мы ведаем, што ў жніўні ўнутраныя войскі доўгі час знаходзіліся на зачыненай тэрыторыі і іх не пускалі нават сустрэцца з сям’ёй. Вядома, што з імі вядзецца вельмі моцная прапаганда. Людзі, якія пабывалі на Акрэсціна, расказваюць, што сілавікі, якія разганяюць людзей, шчыра вераць у тое, што яны абараняюць краіну. Многія з іх вераць, што яны абараняюць краіну ад дурных грамадзян, гэта ў лепшым выпадку, а то і ад тэрарыстаў, якія хочуць знішчыць краіну. Таксама вядома, што гэтым ведамствам быў дадзены вусны загад прымяняць любую сілу, што за гэта ніхто не будзе прыцягнуты да адказнасці. Думаю, тут спрацавалі тры рэчы. Першая – гэта сапраўды вельмі моцная ідэалагічная апрацоўка. Другое – яны не думаюць, што за свае ўчынкі прыйдзецца адказваць. Вядома, што цяпер даюць менавіта вусныя загады. І трэцяе – яны сапраўды стамляюцца супрацьстаяць людзям. Калі пасля 9 жніўня некалькі дзён запар трэба было стала знаходзіцца на нагах, то яны былі вельмі стомленыя і па гэтай прычыне больш агрэсіўныя. Яны хацелі, каб гэта хутчэй усё скончылася.
Дакументацыя злачынстваў ідзе з самага пачатку і працягваецца – гаварыла падчас дыскусіі праваабаронца Вольга Саламатава з Хельсінскага фонду па правах чалавека. Дзякуючы гэтаму і ўзніклі дакументальныя стужкі, паказаныя на фестывалі.
Дакументацыя працягваецца ўвесь час. Велізарную, нерэальную працу праводзяць беларускія грамадскія арганізацыі. Гэта робіцца з самага пачатку. Дакументацыя фактаў парушэння правоў чалавека, а потым прэзентацыя іх на міжнароднай арэне – гэта надзвычай важная дзейнасць. Наступствам можа быць прыцягненне да адказнасці людзей, якія парушаюць гэтыя правы. Тое, што пачалося ў жніўні, працягваецца далей. У пэўным моманце з'явілася надзея на тое, што беларускія ўлады памянялі стратэгію, але не. Насілле адбываецца на такім вялікім узроўні, што яго бачыць увесь свет. Ёсць дні, калі адбываецца паўтор таго, што было на пачатку жніўня. Часамі нават не хапае сілаў, каб апісаць усё. Есць вялікая праца журналістаў. Яны шмат працуюць і з’яўляюцца ў групе рызыкі. Важным звяном дакументацыі цэлага працэсу з’яўляюцца лекары, якіх таксама пераследуюць.
Фестываль WATCH DOCS Belarus пачынаецца з 8 снежня і будзе працягвацца да 13 снежня.
polskieradio.pl