Дзе ў Беларусі жыве найбольш «экстрэмістаў»?
Беларускі навуковец-хімік, папулярызатар навукі Сяргей Бесараб вырашыў прааналізаваць спіс «экстрэмістаў» ад МУС, куды запісалі больш за 1700 чалавек.
Аўтар тэлеграм-канала «LAB·66 Лабораторный журнал беларуского химика», лепшы тэхнааўтар Хабра 2021 года Сяргей Бесараб прааналізаваў спіс «датычных да экстрэмісцкай дзейнасці» ад МУС. І стварыў «тапаграфічную карту беларускага экстрэмізму». Вось што атрымалася, піша devby.io.
Сяргей Бесараб прааналізаваў «Пералік грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці», размешчаны на сайце МУС Беларусі. На момант даследавання там было 1714 чалавек.
Сяргей Бесараб напісаў у сваім тэлеграм-канале: «На выходных да мяне ў рукі трапіла цікавая big data. Калі быць зусім ужо дакладным, то гэта т.зв. "Пералік грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці", які публікуе МУС РБ. Па стане на 4 лістапада 2022 года там ужо 1714 чалавек. Я вырашыў спіс паскрэйпіць, папарсіць ды і пабудаваць пару-тройку графікаў для агульнай эрудыцыі. Дзялюся.
На малюнку — узроставае і гендарнае размеркаванне. Г. зн. "тыповы беларускі экстрэміст" — гэта мужчына ўзростам каля 36 гадоў (хутчэй за ўсё, з вышэйшай тэхнічнай або інжынернай адукацыяй, але гэта мая здагадка, база такой інфармацыі не дае)».
Аказалася, што 80,3% з тых, хто трапіў у спіс — мужчыны (1377 чалавек). Большасць — узростам 30–37 гадоў. Мінімальны зафіксаваны ўзрост — 17 гадоў (мужчына), максімальны — 82 гады (жанчына).
Што тычыцца тапаграфічнага размеркавання, то 28,7% — з Мінска, 6,9% — з Брэста, 6,7% — з Гомеля, 5,9% — з Гродна і 5% — са Жлобіна.
Аўтар таксама паглядзеў суадносіны жыхароў канкрэтнага населенага пункта і «экстрэмістаў». Аказалася, што ў Жлобіне на 1 «экстрэміста» прыпадае 887 «мірных» жыхароў. На другім месцы — гарадскі пасёлак Краснасельскі: 1276 жыхароў на аднаго, унесенага ў спіс МУС. І на трэцім — Пружаны з суадносінамі 1574 жыхара на 1 «экстрэміста».
А самым «бяспечным» горадам Беларусі аказаўся Барысаў: тут на 1 «экстрэміста» прыпадае больш за 24 тысячы звычайных жыхароў.
— Чаму я вырашыў заняцца апрацоўкай даных з пераліку МУС? Таму што даследчая журналістыка — гэта маё хобі. А яна немагчымая без вэб-скрэйпінгу, — кажа Сяргей Бесараб. — У Беларусі вельмі цяжка знайсці якую-небудзь незалежную статыстычную інфармацыю. Паўстала здагадка, што пералік экстрэмістаў можа быць цікавым, незаангажаваным зрэзам грамадства.
Усе даныя ўзятыя са спісу, апублікаванага на сайце МУС. Спачатку — запампаваў у plain html, пачысціў ад тэгаў, разабраў імпартам у CSV. Файл перакінуў у GoogleDocs Sheet, там прыбраў лішнія прабелы, адрас прывёў да агульнага выгляду: «краіна, вобласць, раён, населены пункт».
Геалакацыі атрымліваў з дапамогай пашырэння для атрымання геакадавання. Прыйшлося выдаткаваць пару дзён, таму што ў Google абмежаванне на 2500 запытаў на дзень, а я пару разоў мяняў ячэйкі і запускаў працэс нанова.
Самыя зручныя з пашырэнняў — Geocode (збірае даныя ў дадатковыя слупкі той жа табліцы) і ezGeocode (збірае ў асобныя табліцы). Але яны аднолькава выкарыстоўваюць Google geocode API, таму абмежаванне ў 2500 запытаў усё роўна ёсць.
Суразмоўца падкрэслівае, што не знайшоў значных анамалій у тапаграфічных даных удзельнікаў спісу.
— Як і ў графіку з узростам — нармальнае размеркаванне. Гэта не фэйк, выбарка валідная, добрая бігдата. Ну, а калі карта ўжо пабудаваная, то можна ацаніць і «аплоты заразы» — населеныя пункты. Закранутая ўся краіна, досыць раўнамерна — з папраўкай на колькасць людзей у агародах.
Паводле t.me/lab66, devby.io.