Асобная думка. Пасьянсы МУС

Некалькі дзён таму МУС адзначыўся чарговым «крэатывам», дадаўшы вокліч пра Беларусь у спіс «нацысцкіх». Можа менавіта з той нагоды міністр Іван Кубракоў быў неўзабаве ганараваны асабістым прыёмам у чалавека, што лічыць сябе прэзідэнтам. Нягледзячы на бадзёрыя справаздачы з той нарады, ёсць некалькі цікавых момантаў.

524e23.png


Першае — гэта склад удзельнікаў нарады. Ну С. Вальфовіч зразумела — яму па статусу належыць на нарадах сядзець. Няма розніцы: ці тое сельская гаспадарка, ці тое справы МУС — усё адное пра бяспеку дзяржавы гаворка ідзе. М. Карпянкоў — куды ж без яго! А вось што там рабіў Д. Карзюк — вельмі цікавае пытанне. Нагадаем, ён з’яўляецца намеснікам Кубракова, але калі іншыя намеснікі кіруюць хто крымінальным блокам (Г. Казакевіч), хто міліцыяй грамадскай бяспекі (Ю. Назаранка), то былы кіроўца ДАІ МУС Д. Карзюк — проста намеснік. Хіба яшчэ можна нагадаць што менавіта Карзюк з’яўляецца даўнішнім сябрам Віктара Лукашэнкі па «байкерскаму» клубу «Minsk Chapter Belarus Harley Owners Group» — гэта групоўка ўладальнікаў досыць нятанных матацыклаў маркі «Harley Davidson», у складзе якой зусім няпростыя людзі. Таксама цікава, што Віктар даволі даўно не з’яўляўся ў медыяпрасторы, і чым ён насамрэч зараз займаецца невядома. Магчыма, спадар Карзюк гэтым удзелам амаль афіцыйна зацверджаны прадстаўніком інтарэсаў Віктара ў сілавым блоку, тым больш што Віктар Лукашэнка некалі яго вельмі шчыльна курыраваў, будучы на пасадзе саветніка прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы.
Такім чынам, можна казаць пра нараду прадстаўнікоў трох бакоў: Вальфовіч з боку Узброеных сілаў (амаль з боку РФ), Кубракоў і Карпянкоў з боку МУС і Карзюк з боку Віктара Лукашэнкі. Як будзе складацца гэты пасьянс — пакажа час.
Старшыня нарады нічога новага не сказаў — грошай няма і не будзе, але калі што, то вы трымайцеся. Відавочна, гэты пасаж раз’юшыў Івана Кубракова, бо МУС заўсёды і з асалодай засвойвала вялікія кавалкі дзяржаўнага бюджэту. Вось і зараз міністр спрабаваў «адпіліць» буйны шматок пад байку аб стварэнні новых спецпадраздзяленняў. І амаль яго атрымаў. Справа ў тым, што ўжо пэўны час ідзе гаворка, каб вылучыць унутраныя войскі ў нейкую самастойную адзінку, бо набор у іх ідзе праз ваенкаматы, а кіруе імі МУС. Гэта ідэя неблагая, але не ў існуючых абставінах мясцовага рэжыму. Асоба кіраўніка войскаў (хто забыўся — вядомы барацьбіт з шклянымі вітрынамі Мікалай Карпянкоў) не пакідае ніякага сумневу ў іх прызначэнні. А калі яшчэ дадаць змены, якія тычацца задачаў унутраных войскаў і спосабах іх дасягнення, прынятых сёлета ў траўні, то відавочна, што гэта будзе яшчэ адзін умоўна самастойны сродак падаўлення актыўнасці насельніцтва. І гэты сродак, на ўсялякі выпадак, не будзе залежыць больш ні ад каго, апроч вядомага нам усім чалавека. Менавіта гэтым і тлумачыцца з’яўленне Карпянкова на гэтай нарадзе. Пасьянс усё складаней.
Што ж, яшчэ застаецца АМАП. Можа на ягонай базе будзе створанае нейкае асобна-асобнае падраздзяленне для барацьбы невядома з кім. Калі ўлічваць тое, што сказаў спадар Кубракоў пра перайманне чужога досведу (у тым ліку Расіі (!) і Украіны (!!)) у справе супрацьдзеяння дыверсійна-выведкавым групам, то можна сказаць, што прапалі грошы, якіх няма. Канешне, можна адбудаваць сучасны цэнтр супрацьдзеяння з камп’ютарнымі класамі і трэнажорамі, але ж дзеля чаго? Каб двойчы-тройчы на год на базе ўжо існуючага САХР перад высокімі асобамі дэманстраваць што ўсё не дарма? Калі хто не ведае, то адсутнасць рэальнага баявога досведу ў гэтых «супрацьдзейнікаў» вельмі хутка памножыць на «нуль» іх колькасць у рэальных баявых умовах. Чаму? Таму што ў натуральнай дыверсійна-выведвальнай групы гэты досвед вельмі вялікі. Такія групы складаюцца з вельмі дасведчаных у розных вайсковых галінах людзей і, дарэчы, яны не ходзяць шыхтам з штандарамі «Мы тут! Хапайце нас!». Ну і, канешне, яны ані разу не будуць уздымаць рукі ў гору пры першым жа кантакце. Таму я досыць скептычна стаўлюся да бадзёрых выказванняў збянтэжанага адсутнасцю фінансавання Івана Кубракова перад тэлекамерамі. Пасьянс робіцца зусім складаным.
Канешне, я не магу не прыгадаць і новыя ліцэі МУС. Па вызначэнню «Ліцэй» з’яўляецца сярэдняй навучальнай установай з досыць паглыбленым вывучэннем тых ці іншых прадметаў дзеля далейшага паступлення навучэнцаў у вышэйшыя навучальныя ўстановы. Якія такія «прадметы» паглыблена будуць вывучаць гэтыя «ліцэісты»? Зойдзем на сайт ужо існуючага ліцэя МУС:

«Основные задачи деятельности Лицея:— обеспечение получения учащимися общего базового и общего среднего образования, а также первичных знаний и навыков, необходимых для службы в органах внутренних дел;— патриотическое воспитание учащихся, формирование у них чувства верности конституционному долгу по защите Республики Беларусь, дисциплинированности и ответственности, стремления к службе в органах внутренних дел;— подготовка к поступлению в учреждения высшего образования МВД».


Ні больш, ні менш. Агульная адукацыя, патрыятызм і фізкультура. Што тут ад «Ліцэя» — невядома.
Цікава, што новы «ліцэй» Іван Кубракоў прапанаваў адкрыць у Магілёве, дзе ёсць Інстытут МУС. Хутчэй за ўсё, на ягонай базе і планавалася зрабіць яшчэ і ліцэй, што сэканоміць досыць грошай — будынкі і абсталяванне ёсць. Дарэчы, і радзіма саміведаеце каго... І тут удар пад дых! Зрабіць ліцэі ў кожнай вобласці!...8...9...10! Аут!
У перакладзе на мову МУС у выкананні Кубракова гэта гучыць прыблізна так: «Выполнять поставленную задачу органы внутренних дел начнут немедленно».
А мы толькі нагадаем — грошай няма і не будзе. Гэты пасьянс раскласці будзе амаль немагчыма.