Як пратэставала Акадэмія навук (фота)
Сярод першых арганізацый, якія абвясцілі забастоўку яшчэ 10 жніўня, быў Інстытут хіміі новых матэрыялаў Акадэміі навук. На агульнанацыянальны Марш Волі 16 жніўня супрацоўнікі НАН пайшлі пад сцягам установы, нягледзячы на ціск з боку адміністрацыі.
Удзень 10 жніўня, як паведамлялі Тэлеграм-канал Nexta і сайт Хартыя-97, каля 10 работнікаў Інстытута хіміі новых матэрыялаў выйшлі з будынка да дарогі і пляскалі ў ладкі. Афіцыйна прэзідыўм Акадэміі навук забастоўку ў інстытуце не пацвердзіў.
Потым па навуковай установе папаўзлі чуткі, што заяву ў сувязі з выбарамі хацеў прыняць Савет маладых вучоных. Аднак атрымаць афіцыйнае пацверджанне гэтай інфармацыі таксама не выйшла.
Ранкам 11 жніўня забаставаў Інстытут фізікі НАН. Удзельнікі страйку распавялі НЧ: “Напярэдадні мы калектывам вырашылі, што трэба б падтрымаць забастовачны рух, трэба неяк выказацца супраць гвалту, які адбываецца ў нашай краіне. Мы выйшлі з плакатамі “Спыніце гвалт!” на знак таго, што мы падтрымліваем нацыянальную забастоўку. Гэта не было непасрэдна забастоўкай, бо мы знаходзіліся на працоўных месцах, унутры інстытута, за прахадной, адразу каля вахты. Мы маглі б выйсці на вуліцу, але не сталі гэтага рабіць па дзвюх прычынах. Па-першае, каб нельга было трактаваць нашу акцыю як масавае мерапрыемства, якое трэба ўзгадняць з гарадскімі ўладамі, (бо мы знаходзіліся на тэрыторыі закрытага аб’екта). Па-другое, частка з нас былі ў адпачынках (прыехалі адмыслова, каб выказаць салідарнасць), а частка — не; уся тэрыторыя інстытута з’яўляецца нашым працоўным месцам, падрабязней у нас у працоўнай дамове не прапісана, таму фармальна мы працоўны кодэкс не парушалі. Да таго ж мы бачылі, што пра акцыю хімікаў, якія выйшлі з інстытута, потым казалі “А гэта не нашы, нейкія прыйшлі чужыя, пастаялі і сышлі”. Пра нас так сказаць ужо было нельга.
Нас адразу ж сталі прасіць сысці, пачакаць нашага загадчыка ў кабінеце. Мы адмовіліся. З намі пагутарылі дырэктар інстытута, прэзідыўм НАН поўным складам… Мы пастаялі з 8.30 да 10 гадзін ранку для сябе, для супрацоўнікаў. Дырэктар вельмі прасіў не рабіць здымкаў, нікуды не выкладаць. Нам казалі, што з навукай жа ў нас усё добра, мы адказвалі, што мы не пра навуку, а пра гвалт у краіне. Нам казалі яшчэ нешта, казалі… Частка людзей проста падняліся і сышлі, маўляў, няма чаго тут больш слухаць. Астатнія сышлі за імі. Дырэктар нас пераконваў, што нехта ўжо напэўна ж патэлефанаваў і хутка прыедзе АМАП. Частка людзей спужалася, мы вырашылі не рызыкаваць і спыніць акцыю ў той дзень. Хаця я мяркую, што асаблівай рызыкі не было.
Тады мы вырашылі выказацца пісьмова, скласці ліст ад інстытута, ці ад усёй акадэміі. А хтосьці займаўся гэтым паралельна мінімум у двух інстытутах НАН: склалі зварот, стварылі чат для каардынацыі дзеянняў… Прэзідыўм Акадэміі правёў шэраг нарад, бо ў нас у прынцыпе баяцца любой арганізаванай дзейнасці. Нам вынеслі папярэджванне, што нельга займацца палітыкай. Хацелася б, канечне, пабачыць гэтае папярэджванне пісьмова, бо прымусовы збор подпісаў за высоўванне Лукашэнкі ў прэзідэнты — гэта хіба не палітыка? Але аказалася, што тое не палітыка, а выказванне супраць гвалту — палітыка”.
12–14 жніўня супрацоўнікі Акадэміі навук стаялі ў ланцугах салідарнасці ля прэзідыўма НАН. 16 жніўня выйшлі на агульнанацыянальны Марш Волі са сцягам установы. Дасюль можна далучыцца да звароту навуковай супольнасці:
“Мы, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, узрушаныя падзеямі апошніх некалькіх дзён.
9 жніўня 2020 года, падчас правядзення выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па дадзеных незалежных назіральнікаў і па сведчаннях выбаршчыкаў мелі месца масавыя фальсіфікацыі, зафіксаваныя шматлікія парушэнні Выбарчага кодэкса. У многіх выпадках члены камісій пакідалі выбарчыя ўчасткі ў суправаджэнні міліцыі і атрадаў АМАП, забіраючы з сабой гатовыя пратаколы з мэтай стварыць перашкоды для азнаямлення з імі выбаршчыкаў, што з’яўляецца грубейшым парушэннем заканадаўства. Мы не давяраем афіцыйна агучаным вынікам выбараў і адчуваем найглыбейшую незадаволенасць тым, якім чынам яны былі арганізаваныя і праведзеныя.
Нас глыбока раняць і абураюць дзеянні сілавых структур Рэспублікі Беларусь, якія неабгрунтавана прымяняюць у апошнія дні беспрэцэдэнтную па маштабе і жорсткасці сілу ў адносінах да тысяч мірных беларусаў. Выкарыстанне спецсродкаў (гумавых куль, светлашумавых гранат, слезацечнага газу), вадамётаў і іншай спецтэхнікі, а таксама прымяненне фізічнага гвалту з боку сілавых структур падчас мірных акцый пратэсту супраць бяззбройных людзей парушае грамадзянскія правы, гарантаваныя артыкулам 35 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Паводле інфармацыі афіцыйных крыніц падчас мірных пратэстаў загінуў 1 чалавек і не менш 10 сур'ёзна параненыя. Мы патрабуем правядзення незалежнага раследавання кожнага акта жорсткасці і гвалту з боку сілавых структур.
Мы лічым абмежаванне доступа да інтэрнэту на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у апошнія дні наўмысным парушэннем нашых правоў на доступ да праўдзівай і своечасовай інфармацыі, гарантаваных артыкулам 34 Канстытуцыі РБ. Мы заклікаем усіх адказных за адключэнне інтэрнэту не паўтараць падобнае ізноў, паколькі гэта прыводзіць да цяжкіх эканамічных і сацыяльных наступстваў для ўсіх грамадзян незалежна ад іх палітычных перакананняў.
Мы заклікаем як дзяржаўныя, так і незалежныя СМІ ўстрымацца ад ужывання слоў нянавісці ў адносінах да прадстаўнікоў сілавых структур і мірна пратэстуючых грамадзян. Рэдактары і журналісты, на вас зараз ляжыць вялізная адказнасць за тое, як вырашыцца гэтая сітуацыя, якая не павінна ні ў якім выпадку перарасці ў канфлікт з прымяненнем зброі. Будзьце абачлівымі, не забывайце, што сярод людзей, якія выйшлі на вуліцы, могуць быць вашы блізкія.
Мы, вучоныя, выкладчыкі, супрацоўнікі навуковых устаноў Рэспублікі Беларусь, што падпісаліся ніжэй, патрабуем:
•неадкладна спыніць любы гвалт у адносінах да мірных грамадзян;
•вызваліць усіх затрыманых дэманстрантаў і палітзняволеных.
Лічым дзеянні сілавых структур незаконнымі, непрымальнымі і парушаючымі Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, паколькі чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы (артыкул 2 Канстытуцыі РБ)”.
На момант выхаду матэрыялу зварот падпісала 2434 супрацоўнікі даследчых і навуковых устаноў Беларусі і замежжа, у тым ліку акадэмікі НАН Беларусі Аляксандр Лукашанец і Аляксандр Вайтовіч, член-карэспандэнт НАН Беларусі Зміцер Магілеўцаў, фалькларыст Таццяна Валодзіна, этнограф Уладзімір Лобач, гісторыкі Генадзь Сагановіч, Сяргей Токць, Вячаслаў Швед і Наталля Сліж, культуролаг Юлія Чарняўская, філосафы Ігар Бабкоў і Вольга Шпарага, паэт Андрэй Хадановіч, этнамузыказнаўца Лілія Баранкевіч, эканамічны аналітык Зміцер Крук, палеограф і паэтка Святлана Куль-Сяльвестрава, перакладчыца Марына Шода, пісьменніца Ганна Янкута, мастацтвазнаўца Вольга Лабачэўская, фатограф Віктар Малышчыц, экскурсаводы Мікіта Моніч і Павал Каралёў.
Навукоўцы заклікаюць даследчыкаў і выкладчыкаў з іншых устаноў падпісваць падрыхтаваны імі зварот супраць гвалту і за вызваленне палізняволеных.
Фота аўтаркі