Хронікі рэпрэсій. Сын Анатоля Лябедзькі прызнаны палітвязнем, у Докшыцах падчас урока схапілі настаўніцу

З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі 4 траўня.

hroniki_represij_1.png

Былога начальніка службы паветранай разведкі Валерыя Раманоўскага судзяць за здраду дзяржаве ў Віцебску. Пра мужчыну ў снежаньксім сюжэце на прапагандысцкім канале «Беларусь 1» казалі, што ён нібыта фатаграфаваў службовыя дакументы, а аднойчы перадаў спецслужбам Літвы даныя аб будаўніцтве БелАЭС.

У Гомелі пачалі судзіць па пратэсных артыкулах бармена «Кватэрніка» Глеба Веташкіна. Яго абвінавачваюць у распальванні іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы (ч. 1 арт. 130 КК) і арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак альбо ўдзеле ў іх (ч. 1 арт. 342 КК). Справу разглядае суддзя Аляксандр Піскуноў.

Пра затрыманне Веташкіна стала вядома 29 лістапада мінулага года. Учора, 3 траўня, Глеб адзначыў дзень нараджэння.

У Докшыцах наўпрост на ўроку затрымалі настаўніцу пачатковых класаў Марыну Корда. Паведамляецца, што жанчыну затрымалі з-за «лайкаў» у інтэрнэце.

Затрыманы стваральнік базы фотаздымкаў беларускіх будынкаў Уладзімір Фішман. Ён нібыта зарэгістраваўся ў чат-боце плана «Перамога», а ў лістападзе 2022 года з ім нібыта звязаўся кіраўнік B*Pol Аляксандр Азараў.

Палітвязнямі прызнаныя яшчэ пяць чалавек. Гэта Арцём Лябедзька (сын палітыка Анатоля Лябедзькі), Вікторыя Гаўрыліна, Уладзіслаў Папоў, Антон Огій і Андрэй Баранаў. Усе яны затрыманыя альбо асуджаныя паводле «экстрэмісцкіх» крымінальных артыкулаў.

Усяго палітычных зняволеных у Беларусі цяпер 1499. Але насамрэч іх нашмат болей.

У Мінгарсудзе 19 траўня разгледзяць апеляцыйныя скаргі палітзняволеных Аксаны Зарэцкай і Багдана Караўца.

14 сакавіка экспертцы па этыкеце Аксане Зарэцкай прысудзілі 1,5 года калоніі, заснавальніку кампаніі Astronim Багдану Караўцу — 2 гады калоніі. Іх абвінавацілі паводле арт. 342 КК (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

Аксана — член асноўнага складу Каардынацыйнай Рады, трэнерка па этыкеце і бізнес-камунікацыях, культуралагіня, магістарка педагогікі. Яна мае дваіх дзяцей. Вядома, што 16 сакавіка яна з СІЗА-1 была шпіталізаваная, але прычыны невядомыя.

Стала вядомая дата апеляцыі на прысуд журналісту Анджэю Пачобуту. Разгляд прызначаны на 26 траўня ў Вярхоўным судзе.

Палітвязня абвінавацілі паводле арт. 361 КК — заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь і арт. 130 КК — распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці. Працэс у Гродзенскім абласным судзе у закрытым рэжыме разглядаў суддзя Дзмітрый Бубенчык. У лютым яму прысудзілі 8 гадоў калоніі.

Пракурор Брэсцкай вобласці вынес пастанову аб абмежаванні доступу да баранавіцкага інтэрнет-рэсурсу Intex-press.by. Падставай для прыняцця дадзенага рашэння сталі нібыта «шматлікія парушэнні названым рэсурсам Закона Рэспублікі Беларусь «Аб сродках масавай інфармацыі». Так, адзначецца, што «на партале неаднаразова публікавалася інфармацыя, якая яўна негатыўна характарызавала грамадска-палітычную сітуацыю ў краіне пасля завяршэння выбарчай кампаніі і дыскрэдытавала дзейнасць дзяржаўных і праваахоўных органаў».

Экс-футбаліст «Крумкачоў» Аляксандр Яцкевіч выйшаў на волю пасля 13 сутак арышту. Нагадаем, пра затрыманне Аляксандра стала вядома 24 красавіка. Прычынай стала акцыя падчас кубкавага матча супраць мінскага «Дынама» 1 верасня 2020-га. Тады футбалісты «Крумкачоў» перад матчам выйшлі ў майках «Мы супраць гвалту». Пасля гульні многія футбалісты «Крумкачоў» пакідалі поле ў футболках з надпісам «Мы з народам».