«Палічылі на каленцы». Як «Мінсктранс» патрабуе велізарныя грошы ў асуджаных за пратэсты

«Мінсктранс» заяўляе асуджаным за ўдзел у пратэстах пазовы на вялікія сумы ў якасці кампенсацыі «шкоды»: праз тое, што яны блакавалі рух і прадпрыемства недаатрымала прыбытак. Пазовы часта прад'яўляюць незнаёмым паміж сабой людзям, а сумы не дзеляцца пароўну. Гэта значыць, піша «М*дыязона», пакуль «шкода» не выплачаная цалкам, пытанні могуць узнікнуць і да тых, хто ўжо заплаціў частку.

ПІлюстрацыйны здымак «НЧ»

ПІлюстрацыйны здымак «НЧ»

Велізарныя сумы да незнаёмых паміж сабой людзей. Пазовы

«Мінсктранс» прад'яўляе пазовы тым, каго судзяць за ўдзел у пратэстах 2020 года па абвінавачанні ў грубым парушэнні парадку або масавых беспарадках — па версіі следства, яны знаходзіліся на праезнай частцы і «наўмысна перашкаджалі руху транспарту».

Былую палітзняволеную мінчанку Таццяну затрымалі на адным з маршаў разам з мужам. Мужчыну суд адправіў калонію, саму Таццяну — на «хатнюю хімію». Ужо пасля прысуду жанчыну выклікалі на пасяджэнне, дзе прадстаўнік «Мінсктранса» заявіў шкоду на суму каля сямі тысяч рублёў.

«Я стала пытацца, як так выйшла, як я адна магла прычыніць такую шкоду. Мне пашанцавала, трапіўся адэкватны суддзя, які мае пытанні падтрымаў. У выніку прызначылі нейкі перагляд. Я на гэтым пасяджэнні ўжо не была і нічога пра гэтую справу не чула. А потым мне прыйшоў ліст пра новы пазоў, там было больш за 10 тысяч рублёў на, прыкладна, 10 чалавек».

Таццяна занялася пошукамі людзей са спісу сама. У той момант на ёй «вісеў» вялікі штраф (2500 рублёў) паводле адміністрацыйнага артыкула — за пікетаванне — і ў кошт гэтага штрафу вылічвалі 50% з яе заробку.

Былы палітвязень Сяргей знаходзіўся ў калоніі, калі даведаўся ад жонкі, што «Мінсктранс» прад'явіў яму пазоў на суму амаль 50 тысяч рублёў. Як і ў выпадку Таццяны, сума была заяўлена да некалькіх незнаёмых паміж сабой людзей. Суды па пазовах «Мінсктранса» праходзілі ў Заводскім, Фрунзенскім і Маскоўскім раённых судах Мінска.

«І ў нас пачалася блытаніна. Я даведаўся ад жонкі, што мне прыйшоў ліст, што я мушу нешта сплаціць. Жонка загадвае: пішы ў суд, каб яны напісалі, хто і колькі павінен выплаціць з усіх людзей, што прайшлі ў спісе. Я пішу, суд адказвае, што выйшлі ўжо ўсе тэрміны. Я пішу, што мне ліст пра сплату прыйшоў пазней. Яны бяруць гэта да ўвагі, нешта там пераафармляць. Пакуль усё гэта цягнецца, прыходзіць інфармацыя аб тым, што людзі адзін з пазоваў ужо аплацілі», — распавядае ён.

«Мінсктранс» прад'яўляе ўдзельнікам пратэстаў пазовы на сур'ёзныя сумы. Напрыклад, мінчука Аляксандра Пашкевіча суд абавязаў выплаціць прадпрыемству больш за 33 тысячы рублёў. Гэтую інфармацыю пацвердзілі знаёмыя палітвязня. Пецярым удзельнікам перфомансу са спаленнем пудзіла Лукашэнкі «Мінсктранс» прад'явіў 15 тысяч рублёў.

Сума пазову да блогера Эдуарда Пальчыса склала 575 тысяч рублёў. Пракуратура заявіла яго ў інтарэсах не толькі «Мінсктранса», але і яшчэ некалькі камунальных прадпрыемстваў. Людміле Волкавай, сябру Партыі БСДП, «Мінсктранс» прад'явіў пазоў на 152 тысячы рублёў па 10 эпізодах яе ўдзелу ў пратэсных маршах. Пазоў прадпрыемства ў дачыненні да Віктара Фенчука склаў больш за 196 тысяч рублёў. У дачыненні да экс-следчага Юрыя Сянько — амаль 12 тысяч рублёў. Мінскага дызайнера Дзмітрыя Кубарава суд абавязаў заплаціць больш за 45 тысяч рублёў. І гэта толькі некалькі прыкладаў заяўленых «Мінсктрансам» пазоваў.

Асобная вытворчасць і незразумелыя разлікі. Суд

Такія грамадзянскія пазовы звычайна вылучаюць у асобную вытворчасць, то-бок разглядаюцца яны асобна ад крымінальнай справы. Так было і ў выпадку былога палітвязня Лявона Халатрана, валанцёра штаба Віктара Бабарыкі. Спачатку супрацоўніца «Мінсктранса» прыйшла на пасяджэнне, калі яго судзілі па за пратэсты.

«Яна сказала, што прадпрыемства хоча ад мяне шмат грошай, каля 15 тысяч рублёў. Яна не змагла абгрунтаваць гэтую суму, нічога патлумачыць. Суддзя вырашыў, што пазоў будзе выдзелены ў асобную грамадзянскую вытворчасць, і там ужо, маўляў, самі разбірайцеся. На гэтым усё скончылася. Потым я ўжо паехаў на «хімію», і туды пачалі прыходзіць паперы. Сума паменшылася, пазоў падзялілі на некалькі чалавек, з якімі я нават не быў знаёмы», — распавядае Халатран.

У выпадку Халатрана «Мінсктранс» прад'явіў пазоў на суму шэсць тысяч рублёў, які падзялілі, па яго словах, на 12 чалавек.

«Суды па пазове «Мінсктранса» пастаянна пераносіліся з-за таго, што ў спіс дадавалі новыя прозвішчы. Першапачаткова іх было толькі тры ці чатыры», — распавядае ён.

Ні Лявон Халатран, ні Сяргей на суды не патрапілі. Па справе Сяргея хадзіла яго жонка, па справе Лявона на адно з пасяджэнняў схадзіў яго адвакат.

«У справе быў прыклад разліку, адкуль узялася заяўленая сума. Яны ўзялі ўсе маршруты, якія паблізу прылягаюць і павінны ездзіць у гэтым прамежку часу, узялі сярэдні паток пасажыраў, памножылі на кошт талончыка і палічылі. Гэта такі абсурд, як быццам школьніка пасадзілі ўсё гэта палічыць. Таму што не ўлічана нічога: ні тое, што транспарт субсідуецца, ні тое, што ёсць заробкі кіроўцаў, якія не працавалі ў гэты час, ні амартызацыю транспарту, выдаткі на бензін і электрычнасць. Нічога. Проста вось такі разлік на каленцы. На пытанні па ўсіх гэтых разліках ніхто адказу не даваў, проста іх праігнаравалі. Вы вінаватыя і кропка», — распавядае Халатрян.

Пры гэтым у матэрыялах справы Халатрана было пазначана, што ён знаходзіўся на вуліцы позна ўначы, калі транспарт ужо не хадзіў.

Спосаб падліку страчанай выгады прадпрыемства, апісаны Халатранам, пацвярджаюць і дакументы, якія перадаў «М*дыязоне» былы палітвязень Аляксандр Дабрыянік. У матэрыялах яго справы ўтрымліваюцца табліцы, у якіх пазначаны нумары маршрутаў, час прастою, сярэдні пасажырапаток.

Сума не дзеліцца пароўну. Выплата

Сумы па пазовах «Мінсктранса», кажа Лявон Халатран, заяўляюцца ў парадку субсідыярнай адказнасці. Гэта значыць, што нельга проста падзяліць суму пароўну, выплаціць сваю частку і лічыць, што ты больш не маеш да пазове адносіны. Пакуль ён не пагашаны, даўжнікамі лічацца ўсе тыя, каму ён прад'яўлены.

Таццяна стварыла чат, у які сабрала ўсіх людзей, указаных у пазове (акрамя тых, хто ўжо быў у калоніі), каб дамовіцца як выплачваць грошы. Некаторыя людзі нанялі адвакатаў.

Сярод адказчыкаў быў беспрацоўны малады чалавек і сем'янін, які атрымліваў на заводзе каля 800 рублёў. Самой Таццяне таксама было няпроста знайсці дзве тысячы рублёў, якія прыйшліся на яе і мужа. З выплатай пазову ёй дапамаглі знаёмыя, якія жылі Польшчы.

«Нас палохалі, што могуць забраць маёмасць, калі мы не выплацім. І нікому, вядома, не хацелася, каб пачалі нешта вылічваць з заробку. Таму ўсе абмеркавалі і вырашылі плаціць. Адмовіўся толькі адзін чалавек, у якога быў свой уласны пазоў на значна большую суму. Некаторыя людзі «марозіліся» спачатку, але потым усё ж заплацілі», — распавядае яна.

Падобная сітуацыя была і ў Лявона Халатрана. Усе нюансы людзі абмеркавалі ў чаце, але калі дайшло да аплаты, пачаліся затрымкі.

«Вельмі разнамасная публіка была ў гэтым пазове. Для кагосьці не было праблемай пагасіць усю суму ў гэтым пазове, а для кагосьці і 100 даляраў унесці было цяжкім, таму што не было чым сям'ю карміць. У выніку большую частку ўнеслі тыя, каму моцна «гарэла», тыя, у каго было арыштавана ў кошт пазову маёмасць», — тлумачыць ён.

Не пагасілі пазоў — арыштуюць маёмасць

Калі не выплаціць пазоў, маёмасць даўжнікоў можа быць арыштавана прадстаўнікамі органаў прымусовага выканання. Экс-валанцёру штаба Ціханоўскай Аляксандру Дабрыяніку «Мінсктранс» прад'явіў пазоў амаль на шэсць тысяч рублёў. У кошт гэтага пазову ў яго арэнднай кватэры арыштавалі тэхніку, кампутар, мабільныя тэлефоны, пыласос.

«Цяпер усе рэчы захоўваюцца ў маёй сястры. Калі яна нешта з імі зробіць, то ўжо ёй можа пагражаць адказнасць», — распавядае ён.

Паводле слоў Аляксандра, пры арышце маёмасці ніхто не разбіраўся, што ў арэнднай кватэры належыць яму, а што — гаспадыні кватэры: «Пашанцавала бабулі, што яе лядоўню не арыштавалі».

Пасля арышту маёмасці Дабрыяніку прыйшоў ліст аб тым, у колькі ацанілі ягоную тэхніку. Ён кажа, што ноўтбук, які каштаваў некалькі тысяч даляраў, ацанілі ў 600 рублёў.