«Мінсктранс» патлумачыў выдаленне абвестак пра масачны рэжым. Што кажуць?

«Мінсктранс» пракаментаваў выдаленне налепак з напамінам пра масачны рэжым з грамадскага транспарту беларускай сталіцы. Сёння мінчане раніцай не знайшлі на дзвярах аўтобусаў і тралейбусаў ужо звыклыя абвесткі.

37005.jpg

«Нашэнне маскі — справа добраахвотная кожнага з нас. Таму тая інфармацыя, якая была ў нас размешчана ў рухомым саставе і насіла абавязковы характар, знятая», — заявіла «Мінск-Навінам» прэс-сакратарка ГП «Мінсктранс» Алена Грамыка.

На мінулым тыдні Міністэрства аховы здароўя змяніла сваю пастанову аб супрацьэпідэмічных мерах. З яе было прыбрана патрабаванне нашэння масак у грамадскіх месцах. Разам з тым, Міністэрства працягвае рэкамендаваць іх нашэнне. Сваю палітыку ведамства адкарэктавала пасля разносу, учыненага тыдзень таму Аляксандрам Лукашэнкам.

Сёння ён ужо казаў, што не супраць нашэння масак, але, маўляў, людзі не ўмеюць гэта рабіць правільна.