«Пагражаюць звальненнем». Супрацоўнікаў дзяржустаноў прымушаюць адмаўляцца ад карты паляка

Днямі сакратар Канцылярыі прэзідэнта Польшчы Анджэй Дэра заявіў, што найгоршая сітуацыя для палякаў замежжа цяпер склалася ў Беларусі. У Лідскім раёне нясоладка прыходзіцца і ўладальнікам карты паляка, піша «Н*ша Ніва».

Фота fpiwo.pl

Фота fpiwo.pl

Прыходзяць са спісам

Як паведамляюць крыніцы, ва ўстановах адукацыі Ліды ціснуць на ўладальнікаў карты паляка.

«Невядома, адкуль яны іх бяруць, але да кіраўніцтва прыходзяць спісы, у якіх пазначана, што чалавек мае такі дакумент. Тых, хто ёсць у спісе, выклікаюць на размову, падчас якой ціснуць на чалавека, каб той напісаў адмову і здаў дакумент», — кажа суразмовец.

Гараджанін сцвярджае, што тым, хто не пагаджаецца адмовіцца ад карты, пагражаюць звальненнем.

«Калі ў чалавека хутка заканчваецца кантракт, то яго папярэджваюць, што, не адмовіўшыся ад карты паляка, на яго працяг можна нават не разлічваць. Калі да канца кантракта яшчэ далёка, то пужаюць магчымым звальненнем. У некаторых выпадках ціснуць тым, што супрацоўнік з картай паляка калі і застанецца працаваць, то можа нават не марыць пра павышэнне па кар'ернай лесвіцы».

«Чалавек з картай паляка фактычна не можа разлічваць на павышэнне»

Іншы суразмоўца з Ліды кажа, што цяпер перад тым, як каго-небудзь павысіць, кандыдата максімальна глыбока правяраюць на лаяльнасць рэжыму.

«Чалавек з картай паляка фактычна не можа разлічваць на павышэнне і займаць нейкую нават не самую высокую кіруючую пасаду ў дзяржаўных установах.

Ёсць выпадкі, калі чалавек ужо адной нагой быў на іншай пасадзе, але ў выніку паглыбленай праверкі высвятлялася, што ў яго ёсць карта паляка. Паралельна з гэтым на дзяржпрадпрыемствах і ўстановах не спыняюцца рэпрэсіі ў дачыненні да нелаяльных рэжыму».

Паводле слоў суразмоўцы, у горадзе вядомыя выпадкі, калі людзі не змаглі пайсці на павышэнне толькі праз тое, што пакідалі свае подпісы за вылучэнне альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты.

Колькі ў Беларусі пражывае этнічных палякаў?

Па даных перапісу насельніцтва 2019 года, са 135 298 жыхароў Лідскага раёна палякі складаюць 32,4%. Калі браць у цэлым па краіне, то доля палякаў — 3,1% насельніцтва, або больш за 287 тысяч чалавек. Каля 2/3 з іх пражывае на тэрыторыі Гродзенскай вобласці. Доля палякаў у вобласці складае 21,5 адсотка насельніцтва. У Воранаўскім раёне палякі па нацыянальнасці складаюць большасць насельніцтва.

Пачынаючы з 2008 года консулы ў Беларусі выдалі больш за 160 тысяч карт паляка.