Беларусь увяла памежны кантроль на ўездзе з Расіі. Часова?
На дарогах з Расіі з'явіліся пасты беларускіх памежнікаў. У тых, хто ўязджае, правяраюць пашпарты. Гэтую інфармацыю пацвердзілі ў Дзяржпагранкамітэце.
У пятніцу, 5 траўня, сталі паступаць паведамленні, што на мяжы з Расіяй з беларускага боку ставяць нешта накшталт кантрольных пунктаў. «На выездзе з РБ праз Добруш усталёўваюць нейкія КПП у выглядзе церамкоў. Працуюць памежнікі», — такое паведамленне заўважыла гомельскае «экстрэмісцкае» выданне.
Як паведамілі «Л*стэрку» чытачы, падобнае адбываецца і на трасе М1 ля мяжы: паводле інфармацыі чытача, там каля страхавых кіёскаў увечары ў чацвер пачалі працы і ўжо паставілі памежны пункт: пара вагончыкаў для памежнікаў, чатыры шлагбаўмы, загараджальная стужка з шыпамі.
Інфармацыю пацвердзілі ў Дзяржпагранкамітэце.
«Згодна з заканадаўствам аб органах памежнай службы, на ўездзе ў Рэспубліку Беларусь цяпер будзе весціся праверка дакументаў», — адказалі выданню.
«Гэта часова», — сказалі ў ведамстве.
У тэлеграм-каналах паведамляюць, што на мяжы ўжо з'явіліся чэргі даўжынёй у некалькі кіламетраў. Асабліва старанна правяраюць расіян.
Увядзенне пашпартнага кантролю на ўездзе з Расіі адбылося пасля нарады Аляксандра Лукашэнкі з сілавікамі 2 траўня пасля дыверсіі на чыгунцы ў Бранскай вобласці Расіі. Выглядае, што ўлады асцерагаюцца, што Расія ўжо не кантралюе сваіх граніц з Украінай, пра што сведчаць свабодны ўваход дыверсійных груп у расійскія вёскі, а таксама падрывы чыгункі. Мінск хоча перастрахавацца, каб праз некантраляваную мяжу з Расіяй зброя і дыверсанты не траплялі ў нашу краіну. Лагічны крок у такім разе — увесці ўласны фільтр на мяжы.
Аднак расійскія выданні пішуць, што КПП на мяжы з'явіліся праз падрыхтоўку да выканання ратыфікаванага пагаднення аб узаемным прызнанні віз паміж Рэспублікай Беларусь і Расіяй. Праверка мяжы будзе праходзіць да ўказання аб узаемным прызнанні, перадае РБК заяву беларускага Дзяржпагранкамітэта.
Расія і Беларусь падпісалі пагадненне аб узаемным прызнанні віз у 2020 годзе. Згодна з ім, замежнікі з расійскай ці беларускай візай могуць свабодна перамяшчацца паміж дзяржавамі. Аднак кожная краіна мае права адмовіць грамадзяніну ў візіце з меркаванняў бяспекі.
Так што «часовыя» КПП цалкам могуць ператварыцца ў пастаянныя.